Сімфонія для біг-бэнда

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Курс на джаз ХХІ стагоддзя

/i/content/pi/cult/310/5356/8-2.jpg

Куды ж выпраўляецца "джазавы цягнік" Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам? Канцэпцыю будучыні акрэсліў ХХІІ Міжнародны музычны праект "Мінскі джаз".

Як заўсёды, праграма была адметнай. Ужо некалькі гадоў запар калектыў трымае курс на выкананне ў межах гэтага фестывалю найноўшай музыкі ХХІ стагоддзя. Так сталася і цяпер. "Сімфанізаваны", так бы мовіць, падыход да джаза выявіўся ў адборы кампазіцый - разгорнутых, надзвычай складаных па выкананні, няпростых па форме (як пракаменціраваў на канцэрце сам М.Фінберг, прасякнутых "аб'ёмным" мысленнем кампазітараў і аранжыроўшчыкаў, што патрабуе адпаведнага стаўлення выканаўцаў).

Першы канцэрт нашага аркестра быў прысвечаны новаму амерыканскаму джазу. Другі, названы "The best", сабраў лепшае ў мастацтве біг-бэнда. У сярэдзіне гэтага канцэрта, паводле традыцыі, адбылася V цырымонія ўручэння прэміі "Лепшы джазмен года". Уладальнікам узнагароды, у свой час заснаванай самім аркестрам, стаў трамбаніст Алег Шапавалаў. У мінулыя гады прэмію атрымлівалі заслужаны артыст Беларусі, гітарыст Сяргей Анцішын, піяніст Дзмітрый Хаменка, саксафаніст Андрэй Кляшчоў. Пасмяротна ўганараваны быў піяніст Аркадзь Эскін.

Увогуле ж, прэтэндаваць на ўзнагароды можа літаральна кожны з музыкантаў славутага калектыву: у бігбэндзе аркестра сабраны лепшыя з лепшых джазменаў. У гэтым можна пераканацца на любым з выступленняў, а тым больш - пад час фестывальных канцэртаў, дзе кожны твор патрабуе дасканалага валодання інструментам і джазавай манерай выканання, дае багатыя магчымасці для выяўлення не толькі аркестравых і ансамблевых якасцей, але і, у шматлікіх сола, - творчай індывідуальнасці музыкантаў. А ўдзел адразу некалькіх салістаў у адной кампазіцыі прыводзіць да своеасаблівага спаборніцтва. Пры гэтым М.Фінберг, па магчымасці, выводзіць на авансцэну літаральна кожнага добрага інструменталіста, і не толькі з біг-бэнда. Крэда кіраўніка- паказаць, што артысты калектыву не проста салісты, а сапраўдныя ўнікумы. Так, у першым з вечароў з аркестрам саліраваў малады кларнетыст Уладзімір Солтан - магістрант Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, уладальнік Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, саліст аркестра нашага Вялікага тэатра і ўдзельнік Ансамбля салістаў на драўляных духавых інструментах, што існуе пры Нацыянальным канцэртным. Цікава, што гэта быў першы вопыт звароту знанага акадэмічнага музыканта, які спецыялізуецца на віртуозных авангардных творах, да джазавай стылістыкі. І, мяркуючы па поспеху, не апошні. А ўсё - дзякуючы мудрай прадбачлівасці мастацкага кіраўніка праекта!

 Ягонай неўтаймоўнасці можна толькі пазайздросціць. Усе канцэрты, паводле традыцыі, маэстра пачынаў не проста своечасова, а яшчэ і на аднудзве хвіліны раней - быццам не мог дачакацца сустрэчы з публікай. Дый пад час гасцявой праграмы, калі, здавалася, можна было ўжо расслабіцца, толькі на імгненне заглядаў у залу, кіруючы працэсам за кулісамі.

 Калектыў Дайнюса Пулаўскаса, які прадстаўляў Дзень джаза/i/content/pi/cult/310/5356/8-1.jpg Літвы, выконваў адметныя аўтарскія кампазіцыі: напорыстыя, энергетычна-драйвавыя, часам урбаністычныя, часам брутальныя, а таксама баладныя- павольна-раздумлівыя, з імпрэсіянісцкім гучаннем ударных і бясконцай вяззю меладыйных арнаментаў паверх акордавых гронак. Не менш выбітным быў вакал салісткі Неды - з нізкімі "басамі", пранізлівым сярэднім рэгістрам і ўменнем дасягаць трапяткіх заціханняў у верхнім. Спалучаючыся з рухамі, яе спевы ўтваралі цэлыя вакальна-пластычныя эцюды: салістка то мякка падскоквала, бы грацыёзная котка, то пераступала з нагі на нагу, падгінаючы калені, як той пеўнік, то замірала ў позе ружовага фламінга. А масточкам з ХХ стагоддзя ў ХХІ-е сталася новая аранжыроўка знакамітага бітлаўскага "Yesterday". Менавіта за яго літоўцы ў свой час атрымалі Гран-пры на Міжнародным конкурсе адной песні, дзе на працягу 5- 6 гадзін выконвалася толькі гэтая кампазіцыя - ва ўсіх магчымых і нават, здавалася б, немагчымых варыянтах прачытання...

...Не паспеў завяршыцца "Мінскі джаз", як на семафоры фінбергаўцаў зноў запалілася зялёнае святло. Калектыў прадоўжыць шматгадовы фестывальны марафон камернай музыкі па малых гарадах Беларусі і 23 лютага правядзе Першае Свята беларускага мастацтва "Хойнікі-2011". Акцэнт у старадаўняй і сучаснай музыцы, што прагучыць там, будзе зроблены на тамтэйшых аўтараў, найперш - на творы ўраджэнца Гомельшчыны, народнага артыста краіны Рыгора Пукста, 100-годдзе з дня нараджэння якога нядаўна адзначалася.

Фота Валянціны ШАПЕТКІНАЙ

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"