“Запампаваць” нутро ў сатыру

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Ці гінуць людзі за метал?

 /i/content/pi/cult/310/5354/7-2.jpgЛюдзі і грошы - гэтая тэма апошнім часам сталася актуальнай і нават, можна сказаць, магістральнай у рэпертуарных пошуках Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Напрыканцы мінулага сезона акурат гэтаму "дуэту" былі прысвечаны "Рускія вадэвілі" ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Сяргея Кавальчыка. А на гэтым тыдні горкаўцы прадставілі "Вяселле Крачынскага" Аляксандра Сухава-Кабыліна ў рэжысуры Міхаіла Кавальчыка.

Жарсці па грошах перамясціліся са свету "зялёненькіх купюр", як тое было ў вадэвілях, пад шаты дробненькай паўкапеечкі з вышчарбленым бокам (сцэнаграфія - Веніяміна Маршака). Затое жанр новай пастаноўкі, абазначаны як "сатырычная камедыя", мусіў вызначыць больш важкі падыход да самой "вечнай" праблемы. Паводле рэжысёрскай задумы, такім чынам класічны твор Сухава-Кабыліна набывае дадатковую вастрыню і актуальнасць, распавядаючы пра чалавечую хцівасць у антуражы пэўнага перыяду, але ж на больш абагуленым, надчасавым, узроўні: абудзіць гэтую думку у нас, гледачоў, закліканы гіганцкі гадзіннікавы механізм, які раз-пораз прыадкрываецца ў ключавыя моманты спектакля.

Рэжысёр Міхаіл Кавальчык пазіцыянуе "Вяселле Крачынскага" як гісторыю пра псіхалогію чалавекагульца і пра тое, як складана не ўпусціць імгненне, калі ўжо не ты гуляеш лёсам, а ён - табой. У ролі Крачынскага - улюбёнец публікі Аляксандр Ткачонак. Ды толькі яго персанаж менш за ўсё нагадвае прагнага і адчайнага гульца, здольнага паставіць на карту ўсё, нават гонар і мараль (уласныя або чужыя - не важна). І з гэтага пункта гледжання яго Крачынскі не выглядае нават на далёкага "сваяка" Хлестакова або Бендэра. У выкананні Ткачонка ён - чалавек змучаны свецкімі ўмоўнасцямі, для якога раніца пачынаецца са своеасаблівага "напампоўвання" сваёй чалавечай "абалонкі" лоскам і манерамі, апрананнем яе ў адпаведныя сітуацыям і ўмоўнасцям фракі. І гульня для яго, па сутнасці, - не ўласная прыхамаць ці "нутро", а адно толькі неабходнасць падтрымання гэтага самага свецкага статуса. З гэтай прычыны ў ім няма ні мефістофелеўскай брутальнасці, з-за якой маладыя дзяўчыны і жанчыны сталага ўзросту страчваюць розум, ні асаблівай "мёртвай хваткі", што рабіла б яго асобу страшнай. Здаецца, Крачынскі Ткачонка - чалавек, якому дасканала вядомы ўсе закуточкі свету, і таму складваецца ўражанне, што нават інтрыгі "ладзяцца" самі сабой, без яго асабістага ўдзелу.

Акрамя Ткачонка ў спектаклі заняты такія зоркі Рускага тэатра, як Вольга Клебановіч, што ў ролі Атуевай не толькі дэманструе нам свавольную вялікаўзроставую какетку, якая, аднак, зусім няблага музіцыруе і спявае рамансы; Уладзімір Шэлестаў, чый Расплюеў працягвае акцёрскую галерэю "маленькіх людзей" і сваімі інтанацыямі адсылае нас да пошукаў душы ў сваім героі, яго глыбіннай псіхалагічнай трагедыі; Аляксандр Брухацкі. Дарэчы, яго Мура/i/content/pi/cult/310/5354/7-1.jpgмскі ўдала балансуе паміж вясковай прастатой героя і яго жыццёвымі прынцыпамі, не скатваючыся ў камікаванне з нагоды ўласнага прасцяцтва. Кожны з гэтых акцёраў, як, зрэшты, і больш маладое пакаленне занятых у спектаклі горкаўцаў, дэманструе філіграннае адчуванне класічнага матэрыялу, стылістыкі ХІХ стагоддзя і ўдала з н а х о дзіць для сваіх персанажаў рысы, якія надаюць ім жвавасць, індывідуальнасць і не даюць да канца ператварыцца ў дыдактычныя тэатральныя тыпажы.

 А вось чаго стваральнікам спектакля так і не ўдалося, дык гэта - рассмяшыць глядзельную залу: нягледзячы на заяўленую сатырычнасць і камедыйнасць усяго, што адбывалася на сцэне, цягам усіх трох гадзін дзеі толькі некалькі разоў раздаліся адзіночныя смяшкі. Уся драматургічная "злосць" сухава-кабылінскай п'есы ў спектаклі ператварылася з дапамогай рэжысёрскай трактоўкі ў меладраматычную патаку, што шчодра лілася са сцэны. І галоўным "прысудам" стала фінальная сцэна, закальцаваная з самым пачаткам спектакля, калі стары і нямоглы Крачынскі, скурчыўшыся на сваім ложку, ці то трызніць, ці то свядома кажа пра сваё каханне да Ліды. Рэжысёр прапаноўвае нам паверыць у тое, што нават самага апошняга цыніка-гульца сапраўдная жаночая высакароднасць здольная пахіснуць у яго перакананнях. Але ж ці варта дзеля гэтага браць акурат СухаваКабыліна і "гуляць" з намі, гледачамі, у сатыру?

 На здымках: Крачынскі - Аляксандр Ткачонак; Атуева - Вольга Клебановіч.

 Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА