Пралог да Дзён культуры

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

З 17 лютага ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі працуе выстаўка ўкраінскай мастачкі Наталлі Палішчук “Я адчуваю цябе”, якая можа лічыцца своеасаблівым пралогам да ўжо запланаваных Пасольствам Украіны ў Беларусі на 2011-ы культурных падзей у нашай рэспубліцы.

/i/content/pi/cult/310/5345/3-3.jpg

 Іх праанансаваў на вернісажы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў нашай краіне Раман Бязсмертны.

 "Але ўжо зараз можна ўпэўнена казаць, што цягам года наведвальнікі Нацыянальнай бібліятэкі змогуць пабачыць работы шэрагу іншых творцаў з суседняй краіны, паколькі паміж нашымі саюзамі мастакоў існуюць цесныя сувязі", - паведамляе карэспандэнту "К" загадчык галерэйна-выставачнай дзейнасці НББ Фёдар Ястраб.

Фёдар Ястраб дадаў, што ўкраінскія жывапісцы і графікі ўдзельнічаюць ва ўсіх творчых праектах, арганізаваных у НББ. Маладая мастачка Наталля Палішчук са Львова раней на Беларусі не выстаўлялася. Беларускія гледачы пабачаць ейныя творы дзякуючы рэкамендацыі Львоўскага аддзялення Нацыянальнага саюза мастакоў Украіны.

Фальклорны ансамбль "Украінская песня" стаў добрым пралогам перад праглядам экспрэсіўнай выстаўкі. Раман Бязсмертны адзначыў, што мастачка - сапраўдны рэкардсмен па колькасці прэзентацый сваіх работ, мае шмат выставак і публікацый. Дырэктар НББ Раман Матульскі з захапленнем дадаў, што ў творах Наталлі адчуваецца шыкоўны эмацыйны Львоў. Наталля Палішчук распавяла карэспандэнту "К", што ствараць палотны ёй дапамагаюць яркія фарбы ўкраінскіх гарадоў, прыроды, шчырыя, адкрытыя людзі.

Арганізатары выстаўкі - Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, Львоўскае аддзяленне Нацыянальнага саюза мастакоў Украіны, Міжнародная Кірыла-Мяфодзіеўская акадэмія славянскай асветы.