Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Уладзіміра Варапаева парадуе публіку галоўнай канцэртнай пляцоўкі краіны прэм'ерамі трох новых песень: "Франтавыя сябры", "Беларусь мая" і "Абаронцам Айчыны буду я". Гэты калектыў выступіць і 23 лютага на святочным канцэрце ў Гомелі. А пасля прадставіць у вайсковых частках і гарнізонах усёй краіны тэматычную канцэртную праграму, прысвечаную 70-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай.
Да 23 лютага Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала кніжную выстаўку "Гімн мужнасці". На яе адкрыцці сабраліся днямі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
У экспазіцыі можна пабачыць выданні пра гісторыю вайсковых фарміраванняў на тэрыторыі нашай краіны - з далёкіх часоў і да нашых дзён. Тут можна даведацца пра сучасны стан Узброеных Сіл рэспублікі, віды ўзбраення. Не абмінулі стваральнікі выстаўкі і культурную тэматыку: вядома, у вайсковым асяроддзі таленавітыя людзі паспяхова рэалізоўваюць свае творчыя задумы. У прыватнасці, цікавым для рознай аўдыторыі будзе літаратурна-мастацкі дадатак да часопіса "Армія" - "Армія і культура".
Выстаўка запрашае наведвальнікаў пазнаёміцца з найноўшай гісторыяй беларускай арміі ў мультымедыйным варыянце на 12 дысках.
С.К.