Мерсэдэс у Японіі

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

У Токіа, у тэатры “Бунка Кайнан”, пастаўлены балет Л.Мінкуса “Дон Кіхот”. Японцы вельмі любяць і шануюць класіку. А да таго ж, славяцца сваім крэатывам, зваротам да найноўшых тэхналогій.

 

Вырашыўшы звярнуцца да знакамітай пастаноўкі М.Пеціпа, сярод дзясяткаў існуючых рэдакцый гэтага балета японцы абралі менавіта тую версію, якая больш за 20 гадоў ідзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Ажыццявіць гэтую пастаноўку быў запрошаны яе аўтар - народны артыст СССР і Беларусі, прафесар Валянцін Елізар'еў. Разам з ім паехала і харэограф-рэпетытар нашага тэатра, заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Шаметавец.

- У Японіі,- распавяла Таццяна Рамуальдаўна, - не выкладаецца характарны танец, і я навучала тамтэйшых артыстаў, як ператварацца ў цыганаў, вулічных танцоўшчыц і тарэадораў. А пачатковае развучванне харэаграфічнага тэксту ажыццяўлялі нашы былыя салісты Аляксандр Бубер і Мікі Ватанабе: некалькі гадоў таму, замацаваўшы сваё каханне шлюбам, яны пераехалі на радзіму жонкі і ўжо гадуюць дваіх сыноў. Японцы - сапраўдныя працаголікі: рэпеціравалі да сямі гадзін на дзень. Да нас ставіліся, як да сапраўдных мэтраў...

 У падрыхтоўцы спектакля былі заняты тры склады лепшых японскіх салістаў, - ён выклікаў сапраўдны фурор. Цяпер цягам года будуць распаўсюджвацца кампакт-дыскі з відэазапісамі пастаноўкі. А праз год, магчыма, тэатральная версія будзе адноўлена, але - з іншым складам артыстаў, каб прыцягнуць дадатковую ўвагу публікі.