Беларусы на “Берлінале”

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Пра Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” упершыню расказала на прэстыжным кінафоруме “Берлінале” беларуская дэлегацыя. У склад яе ўвайшлі дырэктар “Лістапада” Анжэла Крашэўская, праграмны дырэктар Ігар Сукманаў і каардынатар міжнародных праектаў Марына Тэзіна.

/i/content/pi/cult/310/5340/2-1.jpg

 "Мы ехалі на 61 Берлінскі міжнародны кінафестываль "Берлінале" з мэтай паглядзець на яго арганізацыю, прэзентаваць наш форум, пазнаёміцца з тымі, хто прывёз новыя фільмы, і вынікі нашай паездкі - станоўчыя, - зазначае Анжэла Крашэўская, якая днямі вярнулася з Германіі.- Мы мелі магчымасць прадставіць "Лістапад" арганізатарам, рэжысёрам, кінакампаніям, і пашырылі такім чынам яго вядомасць сярод кола кінематаграфістаў. Таксама атрымалася канструктыўная гутарка з праваўладальнікамі некаторых стужак, і мы, спадзяёмся, прадставім іх на нашым фестывалі. Дадам, што неабходна працягваць гэты працэс азнаямлення прафесіяналаў у галіне кіно з "Лістападам", каб вытворцы карцін ведалі пра яго больш".

 Заўтра з "Берлінале" вернецца Ігар Сукманаў, які павінен прывезці яшчэ некалькі добрых навін для аматараў і стваральнікаў кіно. Як паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі, дэлегацыя пазнаёмілася з конкурснай і пазаконкурснай праграмамі Берлінскага кінафестывалю, удзельнічала ў творчых сустрэчах, "круглых сталах", сустракалася з яго арганізатарамі і гасцямі.

С.К.