У маштабе рэспублікі

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча будзе праходзіць на рэспубліканскім, рэгіянальным узроўні і нават за межамі нашай краіны. Больш за дваццаць відаў мерапрыемстваў у гонар паэта зацвердзіла пастанова Савета Міністраў №187 ад 14 лютага гэтага года.

 

 Аргкамітэт па святкаванні важнай даты гісторыі літаратуры ўзначальвае міністр культуры Беларусі Павел Латушка, а ў склад увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, замежных спраў, адукацыі ды іншыя.

 Па словах начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Шышкіна, адной з самых значных падзей у шэрагу іншых стане ўзнаўленне дома Багдановіча ў Траецкім прадмесці. "Сёння вызначаецца месца, дзе з'явіцца адноўлены будынак, - дадае ён. - Экспазіцыя, прысвечаная паэту, адкрыецца таксама ў Ялцінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Яе дапаможа стварыць Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску".

Апошні прыме актыўны ўдзел у святкаванні: ён падрыхтуе пастаянныя і часовыя выстаўкі кніг Багдановіча, пазнаёміць з жыццёвым шляхам паэта... Дырэктар музея Таццяна Шэляговіч адзначае: "Зрэшты, мы ніколі не спынялі гэтую працу, але наданне падзеі рэспубліканскага ўзроўню дапаможа прыцягнуць увагу да творцы з боку вялікай аўдыторыі. Мы папрацуем і над тым, каб пазнаёміць беларусаў замежжа, аматараў літаратуры ў іншых краінах з жыццём і творчасцю Багдановіча. З мая па снежань у дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой будуць арганізаваны выстаўкі".

Свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета", якое і раней праводзілася ў фальварку Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна, набудзе сёлета статус рэспубліканскага. Мастакі могуць адлюстраваць асобу паэта ці адгукнуцца на яго вершы пры дапамозе фарбаў, а пасля прадэманстраваць свае творы на рэспубліканскай мастацкай выстаўцы, прысвечанай Багдановічу.