Канстанцін Вашчанка - асоба ў нашай краіне вядомая. Выхаванец БДТМІ, ён цягам вось ужо чвэрці стагоддзя паспяхова працуе ў галінах станковай, кніжнай і камп'ютарнай графікі, плаката, распрацоўвае лагатыпы і фірменныя стылі, у тым ліку і брэнд-букі, а таксама мастацкія альбомы, выставачныя стэнды, вывескі і вітрыны.
Гледачу добра знаёмыя яго даўнія "знакавыя" творы, такія, як цыкл лістоў "Абяцанне неажыццявімага", "Паляванне на жыццё", плакаты "Welcome to Belarus", "Асвенцым перасцерагае" і іншыя. Але ў апошнія гады ён, галоўным чынам, працуе ў сферы дызайну.
А вось у сённяшняй выстаўцы ён у якасці фатографа выступае ўпершыню, хаця ў кожнай яго фотарабоце адчуваецца таленавітая рука і душа прафесійнага графіка. Як нарадзілася канцэпцыя гэтай экспазіцыі, галоўная тэма якой- розны стан беларускай прыроды і аўтарскі настрой на працягу аднаго дня?
Вось што кажа наконт гэтага Канстанцін Гаўрылавіч: "Адзін дзень... Усё наша жыццё і складаецца з чарады асобных дзён. І кожны новы дзень адлюстроўвае рытм цэлага жыцця, наш настрой, захапленні і жыццёвы досвед. У дзяцінстве дні былі доўгімі, поўнымі прыгод і падзей. Доўгая пяшчотная раніца змянялася непрадказальнасцю дня, а чаканы вечар абяцаў дзівосныя ўражанні ад звычайных рэчаў. Зоркі на небе клікалі ў далёкія вандроўкі, кустоўе на змярканні здавалася загадкавымі жывёламі, а напаўразбураная адрына нагадвала руіны казачнага замка...
З гадамі час "сціскаецца": дні становяцца карацейшымі і клапатлівымі, усё больш неадкладных спраў, усё менш часу на казку... Мы развучыліся шанаваць сучаснасць і зазіраем у будучыню, быццам некуды спяшаемся. А так хочацца дзіцячай бестурботнасці і ўмення, прачынаючыся, бачыць свет по-новаму!
Рыхтуючы выстаўку, я задумаўся: а чым мне хацелася б падзяліцца са сваімі сябрамі, калегамі і гледачамі?
Зрабіць рэтраспектыўную выстаўку? Але яна не атрымалася б канцэптуальна адзінай: надта ж розныя работы былі створаны за гэтыя гады, у розных кірунках і тэхніках. Вось і прыйшла ідэя падзяліцца адным добрым днём са свайго жыцця. Вобразамі аднаго туманнага, марознага зімовага дня, калі паехаў з сябрамі на паляванне, а апынуўся ў казцы дзіцячых уражанняў, дзе не было зроблена ніводнага стрэлу, але сямнаццаць разоў пстрыкнуў затвор фотаапарата..."