Хочаш кавы? Спелай…

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Уладзімір Зінкевіч: “Пакажыце творы маіх вучняў”

/i/content/pi/cult/309/5332/pic_18.jpgНеяк мне даводзілася чуць, што, маўляў, жыў некалі ў Светлагорску хлапчук, які марыў стаць славутым мастаком. Наведваў гурток выяўленчага мастацтва, якім кіраваў Уладзімір Юшпрах, і ўжо тады вызначаўся дзёрзкай упэўненасцю ў тым, што яму шмат дадзена талентам. Але колькі было, ёсць і будзе такіх хлапчукоў?! Ці мала іх згубіла свае, куды больш сціплыя, мары на звілістых дарогах жыцця?..

Тым не менш, хлопчык здзейсніў мару, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, і сёння ягоныя творы ёсць нават у Трацякоўскай карціннай галерэі. Так-так, гэта - Уладзімір Зінкевіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага жывапісу БДАМ, старшыня Рады Беларускага саюза мастакоў. Нядаўна Уладзімір Леанідавіч стаў і ганаровым акадэмікам Расійскай акадэміі мастацтваў.

І вось - юбілейны 2011-ы. "Хлопчык са Светлагорска" 23 студзеня адзначыў сваё 60-годдзе. Выстаўкамі- таксама. Папрасілі яго і мы завітаць са сваімі творамі ў Светлагорск. Згадзіўся, ды не на свой, а- на гарадскі юбілей. "А цяпер пакажыце творы маіх вучняў - лаўрэатаў, дыпламантаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі", - нечакана прапанаваў наш зямляк. Як было не пагадзіцца!

І вось у дзвюх залах светлагорскай галерэі пануе суладдзе самых розных жанраў, стыляў, непрадказальных памкненняў. Шукаю і зрэдку знаходжу ў ім нешта блізкае да магічнага рэалізму Уладзіміра Зінкевіча. А потым зноў з радасцю думаю, што так і павінна быць. Сапраўдны настаўнік не настаўляе, а выяўляе, дае сваім вучням толькі адну магчымасць: стаць сабой. І яны выдатна карыстаюцца ёй./i/content/pi/cult/309/5332/pic_19.jpg

Алеся Скорабагатая часам піша свае нацюрморты, нібыта гледзячы з вышыні на тое, што ўвасабляе. Менавіта так успрымаецца і гэты - "Хочаш кавы?". Ці трэба казаць, што майстэрства для такой кампазіцыі патрэбна значна больш? Але ўсё напісана менавіта з той натуральнасцю, якую так і хочацца назваць эмацыянальнай. Таленавітасць маладой мастачкі адразу ж выяўляецца і ў някідкім "Нацюрморце"...

Уладзіслаў Пятручык, у адрозненне ад іншых, праяўляе прыхільнасць да пейзажнай тэматыкі. Яго карціны "На ўскраіне", "Апошні снег", "Восеньскае сонца" па-свойму настраёвыя, напісаныя ў стрыманых колеравых спалучэннях.

У складаных кампазіцыйных праявах падае жаночыя партрэты Аляўціна Башкатава. Гэтая ўскладнёнасць неяк нечакана спрыяе выяўленню не толькі характараў тых, каго ўвасабляе мастачка, але і перадае прастору часу, які яна малюе. Тое адразу ж адчуваецца ў яе "Зіме", "Гістарычным партрэце".

Прываблівае ўвагу наведвальнікаў шматасацыятыўны дыптых Вольгі Мельнік "Паядынак". І ўвогуле яе творы партрэтнага жанру па-майстэрску ўпісаны ў маляўнічую прастору, якая робіцца казачным працягам саміх выяў ("Аліса", "Спелая", "Коўдра").

Вельмі істотна дапаўняюць выстаўку творы выкладчыкаў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Ларысы Макатун, Іллі Маланава, Андрэя Ярашэвіча, Валерыя Малахава. Вось чаму, пры ўсёй рознастылёвасці, экспазіцыя пакідае прасветленае, цэласнае ўражанне. Такім можа быць толькі маладое таленавітае мастацтва.

 Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск