“Ivent” — гэта…

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Докшыцы: канцэпцыя ідэй

Кінаканцэртная зала "Іскра" ў Докшыцах стала цэнтрам рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў.

Першы праект, што набыў канкрэтныя рысы акцыі, - гарадскі конкурс дзіджэяў "Залатая вяртушка". Другі называецца "Ivent", што ў перакладзе з англійскай азначае "падзея". Па словах начальніка аддзела культуры Інгі Журомскай, праекты сталі падставай для маладзёжнага руху не толькі ў райцэнтры, але і на сяле. "Ivent", да прыкладу, мае на мэце не толькі развіццё клубнага жыцця, але і паляпшэнне якасці дыскатэчных вечароў.

 Ініцыятар крэатыўных пошукаў і знаходак - малады спецыяліст раённага метадычнага цэнтра Аляксандра Данілюк, якая паўгода таму набыла спецыяльнасць "культуролаг" у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і трапіла па размеркаванні ў Докшыцы.

У гэтую суботу ў "Іскры" запланаваны танцавальны "батл", пад час якога будуць "змагацца" выканаўцы ў жанры "электра".

Дарэчы, "Залатая вяртушка" становіцца сёлета штогадовай канцэртнай акцыяй, прымеркаванай да Дня горада. А ў планах праекта "Ivent" - садзейнічанне аднаўленню ўстаноў культуры раёна.