Справа — у фінансах. Ці — у дэфіцыце ініцыятывы?

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Колькі згадак пра цяпло і...

/i/content/pi/cult/309/5327/pic_14.jpg Новы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз

Лельчыцкі раён - самы аддалены куток Гомельшчыны. Мяжуючы з той жа Украінай, гэты рэгіён можа - вядома, пры мэтанакіраванай сістэмнай працы - займець, у тым ліку, і неблагія турыстычныя ды культурныя "геапалітычныя" дывідэнды. Калі казаць дакладней, тут - шмат гістарычных цікавостак, некранутая прырода, а старадаўнія абрады і песні, што беражліва захоўваюцца ў многіх вёсках раёна, могуць захапіць унікальнасцю не толькі аматара беларускіх народных традыцый, але і любога вандроўніка. Але пакуль што рэальнасць далёкая ад мар. Турыстычная дзейнасць у раёне толькі пачынае рабіць "першыя крокі". Да таго ж, як і ў многіх іншых рэгіёнах, у Лельчыцкім раёне востра стаіць кадравае пытанне, ды і матэрыяльна-тэхнічная база шматлікіх сельскіх і гарадскіх устаноў культуры патрабуе самых рашучых дзеянняў з боку кіраўніцтва мясцовага райвыканкама.

 

Народ пытаецца і прапануе

У холадзе танцам не навучыцца...

Апытанне аб праблемах сацыякультурнага жыцця гарадскога пасёлка выявіла, як і заўсёды, магістральную тэму артыкула.

Мікалай Андрэевіч, настаўнік, г.п. Лельчыцы:

- Я сталы наведвальнік Цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Вельмі добрая там падпіска газет і часопісаў, як кажуць, на любы густ. Засмучае, што даўно ў будынку ўстановы не было рамонту, ды і камп'ютараў там не так шмат. Ці зменіцца што ў гэтым годзе?

Святлана Аляксандраўна, жыхарка г.п. Лельчыцы:

- Мой сын наведвае Дзіцячую школу мастацтваў. Усё там яму падабаецца- і настаўнікі, і вучоба, - але ж вельмі халодна цяпер у класах. Ці вырашыцца пытанне з належным ацяпленнем? Бо ў холад танцам навучыцца не так і лёгка...

Марыя Іванаўна, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка "Дуброва":

- У нашай вёсцы - беларускамоўная школа. А вось кніжак для дзяцей і падлеткаў на беларускай мове не стае. Ці магчыма закупляць такую літаратуру ў большым аб'ёме?

 

Камп'ютараў - не стае

Гэтым разам пачну артыкул расповедам пра аб'екты культуры гарадскога пасёлка Лельчыцы. Так, да прыкладу, Цэнтральная раённая бібліятэка можа пахваліцца тым, што ў чытальнай зале ўстановы на сёння - 26 найменняў газет і 91 - часопісаў. Пагадзіцеся, нямала.

Пры ўстанове ўжо два гады функцыянуе Музей гісторыі ЦРБ. У невялікім памяшканні размешчаны разнастайныя экспанаты, фотаздымкі, дакументы, якія распавядаюць пра часы заснавання цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзейнасць яе дырэктараў... Тут можна ўбачыць кнігі з дарчымі надпісамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў, даведацца, чым жыве бібліятэка сённяшняя... Словам, крэатыўны і якасна рэалізаваны культурны праект. Таму гэты музей заўсёды з ахвотай наведваюць як школьнікі, так і шматлікія госці горада, якія прыязджаюць сюды пад час разнастайных раённых святаў.

Але хочацца распавесці не толькі пра здабыткі мясцовых супрацоўнікаў, але і пра іхнія праблемы. Так, заўсёды пад час камандзіровачных выездаў звярталі і будзем звяртаць увагу на ўкамплектаванасць камп'ютарнай тэхнікай як сельскіх бібліятэк, так і ЦРБ. Не стаўся выключэннем у гэтым плане і Лельчыцкі раён. У дзевяці з дванаццаці бібліятэк аграгарадкоў на сёння ёсць камп'ютары з падключэннем да Інтэрнэта. Паказчык неблагі. А вось ЦРБ вялікай колькасцю ПК пахваліцца не можа: тут іх - усяго чатыры, прычым два - даволі зношаныя.

- Мо таму і план платных паслуг у нас не надта вялікі: усяго восем мільёнаў,- распавяла дырэктар ЦБС раёна Людміла Загароўская, - бо, вядома ж, каб былі камп'ютары, можна было, напрыклад, выкарыстоўваць іх і для аказання інтэрнэт-паслуг. Вельмі хочацца перавесці абслугоўванне чытачоў у аўтаматычны рэжым. Але, на жаль, пры такой малой колькасці тэхнікі пра гэта застаецца толькі марыць...

Яшчэ адна бібліятэчная мара - неадкладны рамонт установы культуры. У ЦРБ даволі халодна на другім паверсе, бачны плямы ад вады на столі, ды і на сценах таксама няўзброеным вокам відаць шматлікія шчыліны.

- Нам рамонт ужо трэці год абяцаюць, - кажа дырэктар ЦБС. - Але пакуль што будаўнікі да нас не заходзілі, ды і сёлета надзея на пачатак гэтых работ даволі слабая: няма фінансавання...

Трывожыць бібліятэкараў і не надта добрая тэндэнцыя ў закупцы новых выданняў для папаўнення фондаў. У 2010м пад гэтыя мэты было выдаткавана толькі сем мільёнаў рублёў і закуплена крыху больш за дзве тысячы кніг. Для параўнання прывяду лічбу 2008 года: тады набылі каля дзесяці тысяч новых выданняў.

А што да пытання пра кнігі для дзяцей, якое пераадрасаваў дырэктару ЦБС ад жыхароў аграгарадка "Дуброва", дык Людміла Загароўская паабяцала вырашыць праблему ўжо ў самы бліжэйшы час і накіраваць у бібліятэку паселішча дадатковыя экзэмпляры дзіцячай літаратуры.

 

На заняткі - у паліто

У Дзіцячай школе мастацтваў Лельчыц займаецца блізу 300 вучняў, прычым прыкладна 100 з іх - у філіялах. Ёсць ва ўстанове культуры ўзорны дзіцячы харэаграфічны калектыў, які шмат разоў прымаў удзел як у раённых, так і ў рэспубліканскіх мерапрыемствах, мае значную колькасць узнагарод. Як распавяла дырэктар ДШМ Галіна Грыбоўская, асноўная "бяда" гэтага ансамбля на сёння - нястача новых сцэнічных касцюмаў для выступленняў. Пакуль супрацоўнікі ўстановы вымушаны знаходзіць выйсце такім чынам: закупляць тканіну і шыць касцюмы самастойна.

А вось асноўная праблема ўсіх ДШМ Беларусі - недахоп або зношанасць музычнага абсталявання - хвалюе Галіну Грыбоўскую не так моцна: апошнім часам было закуплена даволі шмат інструментаў, хоць у філіялах Лельчыцкай школы мастацтваў на раёне пакуль і не стае баянаў.

- Але больш за ўсё мяне турбуе тое, што будынак нашай установы належным чынам не ацяпляецца, - кажа Галіна Грыбоўская. - Ні ў адным класе не вытрымліваецца цеплавы рэжым. І настаўнікі, і дзеці часам займаюцца ў адзенні, асабліва- у маразы. Трэба поўнасцю замяняць усю ацяпляльную сістэму, ставіць шклопакеты.

Яшчэ адна праблема - недахоп спецыялістаў: харэографаў, гітарыстаў, флейтыстаў, хоць, скажам, адпаведны інструментарый ва ўстанове ёсць.

- Нашы леташнія выпускніцы Пінскага дзяржаўнага вучылішча мастацтваў, на жаль, да Лельчыц "не даехалі", - кажа дырэктар ДШМ. - Хто выйшаў замуж і пераразмеркаваўся, хто паступіў у БДУКіМ...

І кадравая праблема, па словах Галіны Грыбоўскай, турбуе не першы год. А гэта сведчыць: праца з кадрамі супрацоўнікамі аддзела культуры праводзіцца ўсё ж не надта паспяхова.

 

Нераскручаная "фішка"

Дому рамёстваў Лельчыц ужо споўнілася 11 гадоў, а месціцца ён у звычайным драўляным пасляваенным будынку. Тут існуюць гурткі саломкаі бісерапляцення, разьбы па дрэве, выпілоўвання лобзікам, выцінанкі, бондарства.

Апошні від традыцыйнага народнага рамяства - унікальны і своеасаблівы. Гурток вядзе Сяргей Вага - патомны бондар у трэцім пакаленні. Усе інструменты і веды для вырабу бондаў Сяргей Іванавіч атрымаў ад свайго бацькі, а той - ад дзеда. Вядома, пры належнай "раскрутцы" і рэкламе, вырабы гэтага майстра маглі б стаць сапраўднай "фішкай" РДР, і за бондарскімі вырабамі маглі б прыязджаць ахвотныя з усёй Беларусі ды і з суседняй Украіны. Бо, проста ўпэўнены ў тым, падобных майстроў не толькі на Гомельшчыне, але і ў рэспубліцы можна пералічыць па пальцах. Таму цалкам зразумела, што вырабы Сяргея Вагі заўсёды карыстаюцца вялікім попытам на шматлікіх выстаўкахпродажах як у раёне, так і за яго межамі.

Але гэтыя выстаўкі-продажы - бадай, адзінае месца, дзе майстры РДР маюць магчымасць прадаваць сваю прадукцыю, працуючы такім чынам на выкананне плана платных паслуг. Усё таму, што салона-крамы ва ўстанове культуры няма. За мінулы год на продажы сваіх вырабаў майстры РДР зарабілі прыкладна тры мільёны рублёў. А гэтая сума магла б быць нашмат большай, калі б пры ўстанове была наладжана рэалізацыя не толькі сувеніраў, але і тавараў, выключна патрэбных у хатняй гаспадарцы.

- У нас няма дзе размясціць салон-краму,- адказала мне дырэктар РДР Валянціна Жураўлёва,- бо ў нас толькі два пакойчыкі для працы. Ну, а па-другое, каб аказваць паслугі, трэба афармляць шмат дакументаў, трэба, каб наш РДР быў юрыдычнай асобай і меў ліцэнзію...

Сапраўды, памяшканняў ва ўстанове - "кот наплакаў". А ў іх стаяць дрэваапрацоўчыя станкі, захоўваецца матэрыял для працы, вучацца дзеці...

 - Наша мара - атрымаць большы будынак, з цэнтральным ацяпленнем і не драўляны, - кажа Валянціна Жураўлёва. - Тады можна было б увесці і новыя стаўкі, бо тры супрацоўнікі- пагадзіцеся, мала. Можна было б наладзіць працу іншых гурткоў: па ткацтве, па вырабе паясоў або нацыянальнага касцюма...

 Без новага, большага будынка весці гаворку пра перспектывы развіцця РДР зарана. А гэтая ўстанова мае ўсе шанцы стаць у будучым запатрабавальнай і яркай, як і некаторыя іншыя падобныя дамы рамёстваў у іншых рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, супрацоўнікі Лепельскага РДР Віцебскай вобласці настолькі якасна шыюць касцюмы для сцэнічных выступленняў, што замовы на іх работу прыходзяць ад Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". Так і супрацоўнікі Лельчыцкага РДР, думаецца, маглі б забяспечваць касцюмамі шматлікія народныя калектывы свайго і суседніх раёнаў Гомельшчыны або стаць цэнтрам адраджэння бондарства на Гомельшчыне, як цэнтрам ганчарства з'яўляецца вёска Гарадная з суседняга Столінскага раёна Брэсцкай вобласці...

 

800 тысяч - мала...

У раённым краязнаўчым музеі Лельчыц функцыянуе некалькі залаў: археалогіі, этнаграфіі, прыроды, Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў і памяшканне для зменных экспазіцый. Як распавяла дырэктар установы Алена Платонава, тут заўсёды ладзяцца экскурсіі, вечарыны, урокі памяці, лекцыі... Уваходны білет - досыць танны: 400 рублёў для школьнікаў, 500 - для дарослых...

Асноўная праблема ўстановы- кадравая. У музеі працуе толькі дырэктар і навуковы супрацоўнік, няма пакуль што ахвотных заняць адказную пасаду захавальніка фондаў. Пэўна, якраз з-за гэтага недахопу супрацоўнікаў музейшчыкі не маюць магчымасці ладзіць экскурсіі па раёне, хаця заезджаму турысту ёсць што паказаць: звыш 20 дзотаў былой лініі Сталіна, волат-дуб у вёсцы Данілевічы, каменныя крыжы ў некаторых паселішчах... Мо таму і зарабілі ў Лельчыцкім музеі на аказанні платных паслуг усяго 800 тысяч рублёў.

Не вядзецца і праца па ўнясенні музейных прадметаў у электронны каталог, хаця з 2007 года ва ўстанове ёсць камп'ютар. Няма ў дастатковай колькасці вітрын і стэлажоў, няма і мультымедыйнай устаноўкі для дэманстрацыі фільмаў, а за 20 гадоў дзейнасці ўстановы, як прызналася дырэктар Алена Платонава, ні разу не выдаткоўваліся грошы на закупку новых экспанатаў. Усё, што мае музей, ён атрымліваў у дар.

Не магу не пакінуць і свайго каментарыя. Канешне, 800 тысяч, у маштабах раёна, тым больш, памежнага, - гэта не грошы. Але пры наладжанай працы музейшчыкі маглі б зарабляць нашмат болей. Напрыклад, ладзіць на той жа лініі Сталіна тэатралізацыі з удзелам калектываў з суседніх СДК, варыць кашу або юшку і частаваць гэтымі стравамі экскурсантаў і турыстаў... Гэтак робяць у Расонскім раёне Віцебскай вобласці, дзе захаваліся зямлянкі з часоў Вялікай Айчыннай вайны. І "партызанскі" маршрут карыстаецца там вялікім попытам у мясцовага насельніцтва, дазваляючы зарабляць расонскім музейшчыкам неблагія грошы. Таму, як і заўсёды, справа ўсё ж такі- за крэатыўнасцю, за жаданнем праявіць свае прафесійныя якасці і зацікавіць сваёй работай жыхароў раёна. А нараканні на дрэннае матэрыяльнае становішча - гэта, на маю думку, фактычна прызнанне ў сваёй няздольнасці да творчых пошукаў...

 

А кадры хто?

 З горада скіруемся ў раён. Паселішча Асмаленік, якое займела назву Ударнае ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, было аб'яўлена аграгарадком у 2006-м. Але доўгі час СДК у ім даводзіўся да ладу, і толькі сёлета, 14 студзеня, сельскі Цэнтр культуры і дасугу адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў. Да гэтага часу культработнікі "кватаравалі" ў мясцовай школе, а бібліятэка - у дзіцячым садку.

Але цяпер установа культуры абсталявана, як кажуць, на ўсе сто: тут ёсць два камплекты гукаўзмацняльнай апаратуры, DVD-прайгравальнік, камп'ютар з патрэбным тэхнічным "начыннем" і нават лічбавы фотаапарат. Функцыянуе шэсць клубных фарміраванняў разнастайнай тэматыкі...

Ужо неаднойчы пад час паездак па рэгіёнах даводзілася пісаць пра набалелае кадравае пытанне. Але асабліва востра яно адчуваецца на Гомельшчыне. Кожны кіраўнік мясцовага аддзела культуры вырашае гэтае пытанне пасвойму: прапануе супрацоўнікам павышаць сваю кваліфікацыю на курсах ці завочных аддзяленнях ВНУ, прадастаўляе службовае жыллё, працу на паўтары стаўкі, прэміруе...

Ды не заўсёды гэтыя меры спрацоўваюць, і таму даводзіцца браць на працу неспецыялістаў, тых людзей, якія, як кажуць, ёсць у наяўнасці. Таму я абсалютна не быў здзіўлены той інфармацыяй, што дырэктар Ударненскага ЦКіД Святлана Флёрка з'яўляецца па спецыяльнасці заатэхнікам. Дарэчы, як распавяла вядучы спецыяліст аддзела культуры Лельчыцкага райвыканкама Галіна Лісіцкая, увогуле ў раёне - сем вольных ставак, а найбольш не стае спецыялістаў у клубнай сферы раёна. Упэўніўся ў гэтым, наведаўшы яшчэ адзін СДК - у аграгарадку "Дуброва": ягоны дырэктар Вольга Астаповіч па спецыяльнасці - таваравед...

 

/i/content/pi/cult/309/5327/pic_15.jpgУсе праблемныя пытанні сацыякультурнага развіцця раёна былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай лятучцы, ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел старшыня Лельчыцкага райвыканкама Аляксандр КАПЫТКОЎ і начальнік мясцовага аддзела культуры Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Аляксандр Васільевіч, як ацэньваеце працу аддзела культуры ў мінулым годзе? Што ўдалося зрабіць цягам 2010-га?

Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- Летась работы вяліся ў чатырох аграгарадках раёна, адпаведна - і на аб'ектах культуры: у Баравой, Прыбалацці, Ліплянах, Тонежы... На некаторых аб'ектах перанеслі работы на гэты год, толькі нядаўна адкрылі ЦКіД у аграгарадку "Ударнае".

Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ:

- Там рамонтныя работы вяліся яшчэ з 2003 года, а будынак Дома культуры быў зачынены з-за аварыйнасці амаль пятнаццаць гадоў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А якія задачы стаяць перад аддзелам на бягучы год?

 Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- У першую чаргу трэба працаваць над паляпшэннем матэрыяльнатэхнічнай базы, развіваць сацыяльную сферу на сяле, каб у наш раён прыязджала моладзь і заставалася тут працаваць.

Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ:

- Менавіта для гэтага адкрываем філіялы ДШМ у сельскіх паселішчах...

 Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- Мяне хвалюе Мілашэвіцкі СДК: ягонаму будынку за 40 гадоў, ён стаў аграгарадком у 2008м. Мы ў 2011-м плануем распачаць будаўніцтва новага ДК. Фундамент ужо закладзены, на гэта пайшло прыкладна 30 мільёнаў рублёў.

Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ:

- Работы прадоўжым, калі атрымаем фінансаванне. Пакуль што грошы пад гэтыя мэты не паступалі.

Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- Паспрабуем вырашыць пытанне, і, спадзяюся, да канца бягучага года новы ДК у Мілашэвічах з'явіцца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Галоўнае - каб у адноўленых СДК і СК віравала паўнацэннае жыццё. А гэта залежыць ад культработнікаў, ад іх прафесійнай падрыхтоўкі. Ведаю, што з кадравай праблемай даводзіцца сутыкацца як у горадзе, так і на сяле...

Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- Так, і гэта, зрэшты, паўсюдная праблема. Сваю ролю тут адыгрывае і аддаленасць раёна, і чарнобыльскі фактар. Напрыклад, калі да 1986 года ў раёне пражывала 40 тысяч чалавек, дык цяпер - толькі 27. Змяншэнне колькасці нашага насельніцтва, асабліва на сяле, мяне вельмі хвалюе.

Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ:

- А калі казаць пра вырашэнне кадравай праблемы, дык у нас завочна навучаецца ва ўстановах галіны культуры 26 чалавек у ВНУ і ССНУ.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Адна з магчымых перспектыў развіцця раёна - турызм. Ёсць на Лельчычшчыне шмат цікавых для турыстаў мясцін, ды і знаходзіцца ваш раён на мяжы з Украінай. Што робіце ў гэтым накірунку?

Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- Госці з Украіны, Літвы, Расіі бываюць у нас досыць часта. Таму будзем рабіць стаўку на аграсядзібы - іх пакуль у раёне тры, але будзем абавязкова адкрываць яшчэ. Мяркуем ствараць турмаршруты, паказваць абрады, традыцыі нашай мясцовасці.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Таксама можна прадаваць сувеніры, вырабы майстроў народнай творчасці для турыстаў. Але чамусьці ў вашым РДР не створаны салон-крама...

Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ:

- Мы ўжо абмяркоўвалі пытанне, каб у аграсядзібах прадаваць сувеніры майстроў РДР. А ў самім Доме рамёстваў не можам адкрыць салон-краму, бо, каб набыць ліцэнзію, РДР патрэбны статус юрыдычнай асобы.

Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- Можна пашырыць гэтыя памяшканні. Напрыклад, у нас вызваліліся памяшканні былога РАУС, там вялікія плошчы. Была б ваша, аддзелаўская, ініцыятыва і жаданне - мы можам перавесці РДР і туды. Сапраўды, мы можам такім чынам развіваць бондарства, бо ў нас захаваліся майстры, а гэта, пагадзіцеся, - унікальны від традыцыйнага мастацтва.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пабываў у вёсцы Новае Палессе. Чаму ўнікальныя песні бабуль з гэтага фальклорнага гурта - унесеныя, дарэчы, у Спіс нематэрыяльных гісторыкакультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь - не запісаць на дыскі і не наладзіць іх продаж і ў вёсцы, і ў раённым метадычным цэнтры, і нават пры аддзеле культуры? Гэта яшчэ адна магчымасць не толькі зарабіць, але і "раскруціць" унікальныя спевы, і не толькі ў Беларусі. Між тым, няма нават буклетаў пра гэты самабытны калектыў...

Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- Канечне, вы маеце рацыю. Трэба, каб памяць пра такіх унікальных людзей не знікала.

Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ:

- У раённым метадычным цэнтры ёсць рабочыя запісы песень - мы можам наладзіць выпуск такіх дыскаў.

Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- А вось касцюмы - праблема не толькі "Палескіх напеваў", а і іншых калектываў раёна. Па магчымасці вырашаем гэтае пытанне, але для гэтага патрэбны грошы. Як і на новае "адзенне" сцэны некаторых СДК і СК, на закупку тэхнічнага абсталявання...

Наталля ГАЎРЫЛАВЕЦ:

 - Напрыклад, летась закупілі тэатральныя крэслы і "адзенне" сцэны для Ударненскага ЦКіД амаль на 97 мільёнаў рублёў, камп'ютар для сельскай бібліятэкі аграгарадка "Ліпляны" і ў ЦРБ, пасажырскі аўтобус, акустычную сістэму і камплект асвятляльнага абсталявання для Лельчыцкага ГЦК. Але ўсе праблемныя пытанні адразу не вырашыць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 Шмат гарадскіх аб'ектаў патрабуе неадкладных рамонтных работ: у ГЦК працякае дах, у Лельчыцкай ДШМ неабходна замена ацяплення, ды і ЦРБ таксама даўно чакае пачатку рамонту... Ці чакаецца што-небудзь сёлета?

Аляксандр КАПЫТКОЎ:

- Безумоўна, будзем планаваць гэтыя работы. Напрыклад, у ГЦК абавязкова давядзём да ладу дах: ён працякае па віне будаўнікоў, і яны выправяць свае недапрацоўкі паводле гарантыі. У ДШМ плануем замену ацяплення і ўстаноўку шклопакетаў. Плануем гэта зрабіць у 2011-м. Спадзяёмся на падтрымку нашых дэпутатаў, якія працуюць у абласным Савеце, у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 

 

Дэталь да агульнай карціны

Турпатэнцыял Новага Палесся

Вёска Каросцін з 60-х гадоў мінулага стагоддзя называецца Новае Палессе. І менавіта гэтае паселішча Лельчыцкага краю цяпер вядомае, бадай, на ўсю Беларусь.

На базе Новапалескага СК цягам дзесяці гадоў існуе фальклорны калектыў "Палескія напевы". У 2005-м яму прысвоена званне "народны", а пазалетась цыкл старадаўніх песень гурта атрымаў званне нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Заснавальнік калектыву - дырэктар Навапалескага СК Марыя Светава. - Калектыў наш досыць мабільны, - кажа яна, - і ўжо цяпер гатовы абслугоўваць са сваёй праграмай турыстаў і на маршрутах, і ў аграсядзібах раёна. Можам спяваць песні, паказваць традыцыйныя абрады. Прапаноў калектыву пакуль не паступала. Аднак варта, лічу, самастойна пацікавіцца попытам на падобныя паслугі. Тады і эфект будзе адпаведны.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"