Лічбы “Беларусаў”

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

У свой час фундаментальнае даследаванне Яўхіма Карскага “Беларусы” называлі кнігай, якая павінна быць у кожнай пісьменнай сям’і. Невыпадкова гэтыя выданні захоўваліся і ў асабістай бібліятэцы Святаполк-Мірскіх...

/i/content/pi/cult/309/5318/pic_9.jpgСёння вядома пра "сааўтараў" Карскага. І не толькі пра настаўніка фізікі і матэматыкі Мікалая Чудоўскага - аўтара артыкула аб асаблівасцях гаворкі Случчыны, пра якога нядаўна пісала "К", але і пра Надзею Навіцкую.

У 3-м томе "Беларусаў", у раздзеле, прысвечаным духоўным вершам, Я.Карскі прыводзіць тэкст так званай "Евангелістай песні", якая ўтрымлівае 12 пытанняў і адказаў, што тлумачаць значэнне лічбаў у адпаведнасці з хрысціянскім веравучэннем. Пры гэтым ён зазначае: "Мне яшчэ гадоў 15 таму давялося чуць гэты верш у польскім варыянце ў Слуцкім павеце Мінскай губерні ад Н.Навіцкай..."

Гаворка ідзе пра гасцяванне вучонага ў сяле Блячын (сучасная вёска Садовая Клецкага раёна) летам 1900 г. Настаяцелем мясцовай царквы ў гэты час быў родны брат навукоўца Іван Навіцкі. Ятроўка (жонка брата; слова запісана М.Чудоўскім у Клецку) Яўхіма Карскага, нарадзілася ў 1873 г. у сям'і святара Платона Гарбацэвіча. Па службе бацьку неаднаразова пераводзілі з аднаго прыхода ў другі. Ён служыў у Дунайчыцах, у Галынцы, а ў 1886 г. апынуўся ў Морачы - аддаленым кутку Клеччыны, недалёка ад мяжы з Палессем. У 1895 г. Надзея разам з мужам прыехала ў Блячын, дзе і жыла ўвесь астатні час.

Невядома яе адукацыя, аднак з успамінаў паўстае вобраз начытанай, адукаванай, разумнай жанчыны. Дзякуючы ёй Карскі змог зафіксаваць і некаторыя асаблівасці морацкай гаворкі, якая істотна адрознівалася ад мовы цэнтра Беларусі. Лёс быў бязлітасны да гэтай жанчыны. У маладым узросце памерлі яе сын і дачка, потым яна страціла мужа. У гады фашысцкай акупацыі ў канцлагеры загінула малодшая дачка Наталля і зяць, святар Мікалай Хільтоў. У сталым узросце Надзея Платонаўна адна выхоўвала дзвюх унучак.

Вось што згадала пра яе пляменніца В.Гаховіч: "Надзея Платонаўна была прадстаўніком той інтэлігенцыі, якую мы не здолелі належным чынам ацаніць. Нават сярод жонак святароў яна была выключэннем. Мяне здзіўляла яе ўменне заўсёды быць "у форме", пры фактычна жабрацкім пасляваенным жыцці апранацца бедна, але элегантна. На ёй заўсёды былі прыгожыя каралі, а валасы - завітыя і ўкладзеныя. Яна заставалася "арыстакраткай". Да сялян ставілася з павагай, але і з некаторым пачуццём перавагі. Я не памятаю, каб яна калі-небудзь крычала ці павышала голас. З ёю было ўтульна і цікава. У Надзеі Платонаўны заўсёды збіралася "вучоная" моладзь, студэнты з навакольных вёсак. Любілі гаварыць пра кнігі, спяваць пад гітару. Да яе цягнуліся сваякі, якім не было дзе ўладкавацца пасля вайны..."

 Дарэчы, да самых апошніх дзён, а яна памерла ў 1964 г., Н.Навіцкая не вельмі любіла згадваць пра сваяцтва з акадэмікам Карскім. Гэтая тэма ў сям'і заўсёды была ахутана нейкай таямніцай.

Андрэй БЛІНЕЦ,

краязнаўца

Клецк

На фота: Надзея Навіцкая.