Ісці ці не ісці?

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Вось у чым пытанне!

/i/content/pi/cult/309/5315/pic_4.jpgТры дні запар (сусветны стандарт!) Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі знаёміў гледачоў з прэм'ерай "Снягуркі". Галоўная інтрыга была ў тым, што паставіла спектакль Сусанна Цырук - тая самая, якая калісьці пачынала і сваё музычнае навучанне, і рэжысёрскую кар'еру менавіта ў нас. А працягвала - у Санкт-Пецярбургу. Таму цікава было паглядзець, у які бок рушыць яе творчасць пад уздзеяннем і найноўшай сцэнічнай машынерыі, набытай тэатрам, і сустрэчы з трупай, і, што асабліва непрадказальна, сустрэчы з самой операй М.Рымскага-Корсакава - па сучасных мерках, занадта працяглай і, здавалася б, абсалютна несцэнічнай, у чым пераконвалі некаторыя яе ранейшыя пастаноўкі (у тым ліку беларуская, 1981 года). Убачанае - узрушыла. Чым? Гэта і абмяркоўваюць на старонках "К" кандыдат мастацтвазнаўства Алена ЛІСАВА, якая пабывала на так званым прагоне спектакля, і Надзея БУНЦЭВІЧ, каму давялося пазнаёміцца з трыма прэм'ернымі версіямі, дзе былі задзейнічаны ледзь не ўсе выканальніцкія склады.

Н.Б.: - Не бяруся "адгаворваць" ад прагляду тых, хто ўжо бачыў спектакль: справа абсалютна дарэмная. Звяртаюся да тых, хто яшчэ не набыў білеты: можаце не глядзець. Прычына першая звернута да меламанаў:

гэтую оперу лепей слухаць.

Асабіста я была ў гэтым абсалютна ўпэўнена. І пасля бачаных савецка-расійскіх тэлеі відэаверсій, і пасля беларускай пастаноўкі 1981 года. Дый на прэс-канферэнцыі падкрэслівалі, што гэтая опера, пры вялікай папулярнасці яе асобных нумароў (асабліва- песень Леля і арыёза Снягуркі), у тэатрах цяпер амаль не ідзе. Вось вам чарговы доказ яе "слухацкасці", а не "глядзельнасці"! Зараз я паглядзела яе тройчы. Прычым штораз - не адрываючыся ад "карцінкі", не пазяхаючы ад нудотымаркоты, не іранізуючы над мізансцэнамі. І не магу дачакацца наступнага спектакля - 26 лютага, - каб убачыць і яго. Ці ж гэта добра: так рэзка змяняць свае, можна сказаць, выпакутаваныя думкі? Сапраўды, навошта разбураць уласныя ці кімсьці складзеныя міфы? Таму - не глядзіце.

А.Л.: - Позна заклікаць. Бо тыя, хто бачыў іншыя спектаклі Сусанны (у нашым тэатры гэта былі "Шлюбны вэксаль", "Паяцы", "Травіята"), а тым больш, нядаўнюю прэм'еру "Аднойчы ў Чыкага" ў Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, даўно зразумелі: у Мінску гэты рэжысёр - безумоўна, адна з першых.

Н.Б.: - І не толькі ў Мінску! Пастаноўка атрымалася папраўдзе еўрапейскага ўзроўню, надзвычай таленавітая, крэатыўная, высокапрафесійная. Вось і прычына, па якой спектакль глядзець не трэба, да прыкладу, моладзі: ёй куды цікавей бывае з чагосьці ці кагосьці насмяхацца, штосьці радасна парадыраваць, а тут - прычапіцца няма да чаго. І, адпаведна,

усё - бездакорна!

А.Л.: - Калі так, дык я згадала б і рэчы, зробленыя "ўмерана роўна". Але, зразумела, пачну з "добра" і "выдатна". Ніякай чаканай вёскі. Яна прадстаўлена хіба элементамі строяў і антуражнымі плятнямі, што выносяцца на сцэну літаральна на некалькі хвілін. Ніякага натуралістычнага вогнішча, вакол якога традыцыйна разгортваюцца Масленка і Купалле. На сцэне - лядовыя глыбы, падсвечаныя знутры то вясновай зелянінай, то крывавымі ўсплёскамі набліжэння драмы. На "рэалістычнасць" маглі б прэтэндаваць строі, калі б не багаты дэкор у выглядзе падоўжаных, падаючых долу, дэталей: жгутоў, стужак, меху і нават званочкаў. Гэта не толькі дадае відовішчнасці і казачнай фантазійнасці, але і стварае дадатковую выразнасць руху, дынамікі жыцця, вельмі жывой, пастаянна зменлівай "карцінкі". Спектакль дэманструе рэдкую зладжанасць у працы рэжысёра, сцэнографа (Кірыл Піскуноў), мастакоў па касцюмах і святле (адпаведна, Таццяна Каралёва і Ірына Уторнікава). Карацей, усё цудоўна, за выключэннем адзінкавых дэталей - да прыкладу, танцаў "колкіх хлопчыкаў", як я назвала світу Мароза.

Н.Б.: - Пагаджуся, што ў харэаграфіі, калі яе разглядаць адасоблена, няма ніякіх асаблівых "прыдумак", пануе полістылістыка, заснаваная на самых пазнавальных і нават "заштампаваных" рухах - пераважна народнага танца, а таксама неакласікі і некаторага намёку на вельмі лёгкі мадэрн. Але ў агульным кантэксце - гэта менавіта тое, што трэба: "рухавы фон" адпавядае зададзеным вобразам, не адцягвае ўвагу, а дае магчымасць не стаміцца ад опернай статыкі, найперш - у сцэне Мароза і Вясны, якія з'яўляюцца ў выглядзе вялізных "статуй".

А.Л.: - У пралогу танцы сімвалізуюць зімова-вясновае супрацьстаянне-яднанне, у масавых сцэнах - народныя гулянні, масленічнае вогнішча, русалак. На сцэну выйшла практычна ўся трупа Дзіцячага музычнага тэатра-студыі. Залатыя матылькі сталі цудоўным кантэкстам для душэўных песень Леля, змягчалі магчымы этнаграфізм гэтага вобраза і ўзмацнялі яго рамантычнасць, стваралі атмасферу прыгажосці. Дзеці сімвалізавалі і знакі задыяка, перамяшчаючыся па сцэне з іх дэкаратыўнымі выявамі ў руках. Усё вельмі проста і натуральна, не выклікае ніякай збянтэжанасці, якую, здараецца, адчуваеш на іншых спектаклях. Усё - зачароўвае. Бо - казка ж... А дым - увогуле фантастыка! Ён ідзе бесперапынна, а змяняецца за кошт інтэнсіўнасці і падсвечвання: то завісае, бы аблачынка, то чарнее, нібы слуп ад вогнішча, то запаўняе ўсё наваколле белай парай, якая паглынае ў сабе "расплаўленую" Снягурку...

Н.Б.: - ...А то ператвараецца ў сімвалы няўпэўненасці, смутку, загадкавасці, падсвядомых жаданняў, патаемных мар... Можна пералічваць што заўгодна. Акрамя настальгіі! Параўноўваючы цяперашнюю "Снягурку" з колішняй, разумееш, што гэта папраўдзе адна з нямногіх пастановак, пра якія зусім не хочацца сказаць: маўляў,

"няма таго, што раньш было".

Вось і прычына, паводле якой гэтую оперу не рэкамендуецца глядзець тым прадстаўнікам старэйшага пакалення, для каго згаданая фраза - ледзь не сэнс жыцця. У новым спектаклі ёсць усё! Ён не абвяргае многія традыцыйныя рэчы, але напаўняе іх новым сэнсам. І- дае багатую прастору для выяўлення творчых індывідуальнасцей.

А.Л.: - Галоўнымі героямі становяцца маладыя салісты. Таццяна Гаўрылава - мініяцюрная і пяшчотная Снягурка, у якой халадок каларатурнага голасу спалучаецца з трапяткім вібрата. Яе голас у гэтай партыі быццам узбагаціўся, стаў паўнейшым, яшчэ больш аб'ёмным - проста бляск! Выразы твару, рухі сведчаць, што спявачка скрупулёзна працавала над кожным тактам партыі. І таму здзіўляла крыштальнай дакладнасцю, выразнасцю інтанавання. Настроі тамлення і меланхоліі гучалі тым лепш, чым больш яна запавольвала тэмп, чым больш тонка "вырошчвала" кожны гук, чым больш празрыстымі рабіла ціхія кульмінацыі.

Н.Б.: - Арыёза Снягуркі яна спявала яшчэ са студэнцкіх гадоў, калі вучылася ў нашай Акадэміі музыкі ў класе Людмілы Колас. І з кожным разам- лепей ды лепей. Цяперашні ж поспех - гэта яшчэ і заслуга дырыжора Віктара Пласкіны і ўсяго аркестра, якія так беражліва падтрымлівалі яе запавольванні і ціхія "распусканні" голасу ў паветры. Увогуле, пераканаўчымі былі амаль усе выканаўцы ўсіх партый. Больш радаснай, адкрытай да зносін з людзьмі выглядала ў гэтай партыі Ала Губа-Пласкіна. Дзіяна Трыфанава надала сваёй Снягурцы псіхалогію непасрэднага, але такога безабароннага дзіцяці. Тры Купавы (Настасся Масквіна, Кацярына Галаўлёва, Марына Ліхашэрст)- таксама тры розныя характары, што ўплывала і на агульную канцэпцыю спектакля.

А.Л.: - Вельмі ўзбуджальным быў Ілля Сільчукоў з прывабным, багатым па тэмбры голасам. Спявак вельмі гарманічна правёў любоўную лінію, бо, паводле сюжэта, менавіта Мізгір, дабіўшыся ўзаемнасці ад Снягуркі, становіцца прычынай яе пагібелі, і з гора сам кідаецца ў раку.

Н.Б.: - Ягоны герой намаляваны чалавекам вельмі супярэчлівым, у ім каханне мяжуе з нянавісцю, і ўсё гэта перадаецца не толькі знешне, але і праз зменлівасць самога тэмбра голасу. Мізгір Уладзіміра Громава - наадварот, кранальны, бо ў ім відавочны пераход ад жарсці (маўляў, так кахаю, што задушу ў абдымках!) да невымоўнай пяшчоты (так кахаю, што баюся дакрануцца). Ён гэтак жа, як і Снягурка, не падпарадкоўваецца агульнапрынятаму "фармату" жыцця, кіруючыся ўласнымі адчуваннямі. А якія розныя Лелі! Калі Алена Сало падкрэслівае хлапецкую браваду, дык Аксана Якушэвіч не баіцца паказаць вытанчанага творцу, не пазбаўленага амаль дзявочай грацыёзнасці і, адпаведна, увагі дзяўчынак-"фанатак", падобных да матылькоў, што ляцяць на агонь. Бездань эпітэтаў можна знайсці для кожнага артыста...

А.Л.: - ... У тым ліку - аркестра, які выдатна перадаў раскошу, багацце самастойных галасоў і падгалоскаў, маляўнічасць карцінных фрагментаў. Уменне чуць і выяўляць рэльефныя галасы ў шмат'яруснай аркестравай фактуры - моцны бок дырыжора. Яшчэ адна з "разыначак" "Снягуркі" - зладжанае, яркае, вельмі каларытнае гучанне хору пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч.

Н.Б.: - І вельмі артыстычныя, паакцёрску прапрацаваныя харавыя мізансцэны, дзе часам не зразумела, хто з удзельнікаў - з хору, хто - з мімансу ці балета.

А.Л.: - Прычым відовішчнасць ніяк не замінае палёту думак. Багацце фарбаў, празмернасць сімвалаў не абцяжарваюць, а стымулююць фантазію гледача.

Н.Б.: - Ты сама толькі што акрэсліла самую, бадай, галоўную прычыну, паводле якой ісці на "Снягурку" не след:

спектакль вымушае думаць.

 Каму, скажы, гэта сёння падабаецца? Публіка любіць адпачыць, а тут, хочаш ці не, незаўважна аказваешся ў відовішчным віры, які літаральна зацягвае ў бездань асацыяцый і роздумаў. Тут і фрэйдаўская тэма дзіцяці, бацькі якога здаюцца багамі на "пастаментах", і сацыяльная тэма індывідуума і натоўпу, падкага на п'янкі-гулянкі (Бабыль з Бабыліхай - зусім не мілыя "бабуля з дзядулем"). І- тэма мастацтва як іншага вымярэння, а не люстэрка жыцця. У гэтую "пазарэальнасць" на мяжы падсвядомасці і сыходзіць Снягурка як увасабленне жывога "твора мастацтва", а не проста дзяўчыны. Ці, можа, знікае таму, што становіцца, як усе. А колькі культурна-гістарычных пластоў закранае спектакль! Ад старажытнагрэчаскай трагедыі да рамантызму, імпрэсіянізму, экспрэсіянізму, сімвалізму; ад вагнераўскіх трылогій да славянскага неафольку; ад касмічных праблем светабудовы да масавай культуры з кітайскімі гараскопамі... Знакі задыяка невыпадкова становяцца відовішчным лейтматывам спектакля. Кідкія, усім зразумелыя, яны - бы той залаты ключык, што адмыкае публіцы дзверы не толькі ў сістэму музычных лейтматываў, але і, шырэй, у мастацтва інтэлектуальнае.

На здымку: сцэна са спектакля "Снягурка".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"