“Кантэнт” змен для вялікага экрана

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Алег Сільвановіч: “Беларускае кіно чакае патрыётаў”

/i/content/pi/cult/309/5314/pic_2.jpgУ год, аб'яўлены Кіраўніком дзяржавы Годам прадпрымальнасці, пытанне эфектыўнага менеджменту ў сферы культуры стаіць асабліва востра. Прызначаны днямі дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алег СІЛЬВАНОВІЧ - менавіта той чалавек, ад якога па асабістых якасцях можна чакаць энергічных крокаў па рэфармаванні айчыннай кінавытворчасці і пракату. На сваёй новай пасадзе Алег Ігаравіч працуе некалькі дзён, але пагадзіўся даць першае інтэрв'ю ў новым статусе нашай газеце.

 

У кіно - толькі па любові

- Якім чынам людзі трапляюць у кіно і становяцца яго прафесіяналамі?

- Найперш, з-за вялікай любові да гэтага віду мастацтва. У пятнаццаць гадоў я ўжо ведаў, што не бачу сваёй будучыні без кіно. Выразаў артыкулы з газет, парадкаваў іх, збіраў у вялікія пульхныя папкі... А праз год-два я пачаў чытаць сур'ёзную літаратуру - розныя спецыялізаваныя выданні. Але і ў радыётэхнічным інстытуце, і, пасля, у войску, марыў паступіць ва ВГИК, прычым менавіта на кіназнаўства. Мара здзейснілася: паступіў на завочнае аддзяленне сцэнарна-кіназнаўчага факультэта. Гэта было - як выйграць у латарэю: на ўвесь Саюз - толькі 20 месцаў, а жадаючых было некалькі тысяч.

- Чаму менавіта на гэты факультэт?

- Хачу заўважыць, адразу хацеў быць кіназнаўцам, а не рэжысёрам ці акцёрам, як большасць улюбёных у кіно людзей. Лічу, што гэта - самая цікавая кінематаграфічная прафесія, бо яна фактычна аб'ядноўвае ўсе астатнія: пад час арганізатарскай дзейнасці даводзіцца займацца сцэнарнымі справамі, быць і акцёрам, і рэжысёрам. Мне пашанцавала займацца рухам кінаклубаў: яшчэ да паступлення ва ВГИК уладкаваўся метадыстам у мінскі "Піянер", стаў адным з арганізатараў знакамітага ў свой час кінаклуба "ПроФиль" ("Проблемный фильм") потым уваходзіў у кіраўніцтва агульнасаюзнага кінаклубнага руху. І гэта - яшчэ адна форма навучання: сэнс яго ў тым, што людзі не толькі глядзяць стужку, але потым разам яе абмяркоўваюць. Дзякуючы змястоўным дыскусіям у "Піянеры" і тым выдатным асобам, што ў іх удзельнічалі, я стаў лепш разбірацца ў сутнасці кінамастацва, яго розных аспектах.

У сярэдзіне і да канца 1980-х кінаклубны рух у СССР віраваў. Тое быў цікавы ды плённы перыяд: даводзілася сустракацца з вельмі цікавымі людзьмі, вялікімі прафесіяналамі і энтузіястамі кіно, наведваць міжнародныя фестывалі... Паралельна займаўся і журналісцкай дзейнасцю, актыўна супрацоўнічаў з "Советской культурой", "Советским экраном", газетай "Правда". Пасля асноўнага курса ВГИКа скончыў аспірантуру, але, на жаль, абараніць кандыдацкую дысертацыю не давялося: перашкодзіў распад Савецкага Саюза, а грамадзянін Беларусі за абарону дысертацыі павінен быў тады плаціць у Расіі вялікія грошы. Вопыт тых гадоў - бясцэнны: кола тагачасных зносін прымусіла па-іншаму паглядзець на сябе, свае магчымасці, атрымаць каштоўны досвед.

 

З гледачом трэба працаваць

- На Вашу думку, як змянілася стаўленне грамадства да кінамастацтва за чвэрць стагоддзя?

- Развіццё соцыуму трэба звязваць з эвалюцыяй тэхнічных сродкаў, а мастацтва кіно моцна залежыць ад іх. Сёння дамінантай з'яўляюцца лічбавыя навінкі. Гэта вельмі моцна змяніла аблічча кіно і яго прыхільнікаў: маладыя людзі цяпер самыя актыўныя гледачы. Такі факт адбіваецца і на змесце стужак: узрост "сярэдняга" героя відавочна знізіўся, а тэматыка звузілася. Зразумела, што праблемы, якія хвалююць "дарослага" гледача, з экрана не зніклі, але з'яўляюцца часцей у карцінах аўтарскага, фестывальнага кірунку. Прыход маладога гледача ў кіно і - маладога кіно ў кінатэатры назіраўся ў 1960-я, калі ў нацыянальных кінематаграфіях адна за адной узнікалі так званыя новыя хвалі. Тое былі часы "злому эпохі" - вялікіх змен ва ўсіх сферах, а не толькі ў галіне культуры і мастацтва, калі назіраўся неверагодны ўздым цікавасці да кіно. Цяпер мы бачым нешта вельмі падобнае, калі з'яўляюцца новыя камунікацыйныя сродкі, якія аб'ядноўваюць усё насельніцтва зямнога шара, дазваляючы імгненна атрымліваць практычна любы лічбавы "кантэнт" з любой кропкі свету. Гэта, а яшчэ сацыяльныя зрухі, прывяло да таго, што наш глядач стаў наведваць кінатэатры значна радзей.

У Савецкім Саюзе пракат працаваў эфектыўна, у тым ліку і таму, што канкурэнцыі з боку іншых медыя амаль не існавала: відэамагнітафоны былі не распаўсюджаны, а тры існуючыя тэлеканалы дэманстравалі толькі тыя фільмы, што былі ў пракаце ўжо пэўны час. Гэта дазваляла падтрымліваць высокі ўзровень кінавытворчасці: у СССР існавала некалькі дзясяткаў студый і здымалася каля 300 ігравых стужак у год. Цяпер альтэрнатыў кінатэатру яшчэ як хапае, але гэта не значыць, што традыцыйная форма паказу больш не актуальная. Тым не менш, сучаснага гледача ў кінатэатр трэба актыўна прывабліваць і памятаць пры гэтым, што ён не прыйдзе ў халодную, неабсталяваную залу, без якаснага рэпертуару.

 - Паралельна з абнаўленнем кінатэатраў назіраецца і імклівы рост вытворчасці тэлевізійнага кінапрадукту... Ці не "пяройдзе" кінамастацтва ў такую форму, пакінуўшы пераабсталяваныя "DOLBY-3D"-кіназалы звыштэхналагічным атракцыёнам?

- Гісторыя сусветнага кінематографа ўяўляе з сябе пастаяннае развіццё ад атракцыёна да твора мастацтва. Вытворчасць стужак для вялікага экрана заўсёды будзе прэстыжнай. Кожны прадзюсар, які працуе для тэлебачання, марыць пра "вялікае кіно".

Тэлевізійнае кіно, да таго ж, фінансава куды менш рызыкоўнае, бо не так залежыць ад настрою канкрэтных гледачоў. Але назваць яго мастацтвам, за выключэннем асобных міні-серыялаў, вельмі цяжка. Малады глядач патрабуе менавіта кінаатракцыёнаў і гатовы да эксперыменту. Значныя сродкі ад такога кіно можна атрымаць толькі ў кінапракаце. Але не трэба забываць, што ў "глабальнай вёсцы" зарабіць можна толькі пры пракаце сваёй стужкі па ўсім свеце.

Тэлевізійнае кіно церпіць у мастацкім сэнсе яшчэ і таму, што выканаўцы не ў стане падтрымліваць клас акцёрскай ігры цягам доўгага часу, які патрабуецца для здымак серыяла. Кінастужка ў гэтым сэнсе дазваляе працаваць над роляй не так спяшаючыся, і ў гэтым яе перавага. Так што ад кіно для вялікага экрана адмовіцца не давядзецца. Тым не менш, вытворчасць стужак для тэлебачання - аб'ектыўная неабходнасць для нашага кіно на бліжэйшы час, бо менавіта апошняе гарантуе эканамічны вынік. Кінатэатральны пракат на Беларусі пакуль такога выніку не гарантуе, таму і запланаваны буйны нацыянальны кінапраект, хутчэй за ўсё, будзе арыентавацца на тэлебачанне.

 

Не згубіцца ў "глабальнай вёсцы"

- Якая праблема айчыннага кінематографа з'яўляецца самай глыбокай?

- Галоўнай праблемай нашай студыі заўсёды была кадравая. Годных рэжысёраў на "Беларусьфільме" часта бракавала, усе кадры былі "завазныя", пакуль у кіно не прыйшлі выбітныя асобы, такія, як Віктар Тураў, Ігар Дабралюбаў, Міхаіл Пташук, Валерый Рыбараў, Валерый Рубінчык, Вячаслаў Нікіфараў, іншыя творцы з "залатой" плыні айчыннага кіно. Дарэчы, нацыянальны кінематограф вельмі пацярпеў ад катаклізмаў пачатку 1990-х. У тым, што сёння развіццё сферы стабільнае - вялікая роля Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які падтрымлівае айчынны кінематограф. Дзяржава як можа дапамагае: ідзе рэканструкцыя будынка кінастудыі, маладыя творцы, у тым ліку тыя, што спачатку пакінулі краіну, атрымліваюць магчымасць здымаць стужкі...

- Якім чынам беларускаму кіно не згубіцца ў згаданай вамі "глабальнай вёсцы"?

- Як і любая сістэма, пабудаваная некалі для існавання ў іншых эканамічных умовах, наша кінематаграфія патрабуе мадэрнізацыі. Хоць сёння не кожная, нават еўрапейская, краіна можа пахваліцца такімі маштабамі кінавытворчасці. Паставіць пытанне аб поўным самафінансаванні і акупнасці немагчыма з-за шэрагу прычын. Але дзяржава сёння кажа пра частковую акупнасць. І тут мы можам выкарыстаць перавагі знаходжання ў "глабальнай вёсцы": адзіная з той жа Расіяй моўная прастора дазваляе нам здымаць кіно для шматмільённай аўдыторыі. У той самы час, гэта абвастрае праблему "вымывання" нацыянальных кадраў. Колькі ні было б у нашым кіно таленавітых людзей, усё роўна іх не хапае.

Вялікай праблемай з'яўляецца і адсутнасць дастатковай колькасці кіназалаў. Па гэтым паказчыку мы адстаём ад вядучых краін. Існуючая сістэма бюджэтнага фінансавання сістэмы кінатэатральнага паказу, лічу, павінна быць рэфармавана. Існаваць самастойна пракат пакуль можа толькі ў Мінску, дзе праведзена вялікая праца па мадэрнізацыі будынкаў. Гарантаваць прыбытковасць нашых кінапраектаў у межах адной Беларусі немагчыма, бо колькасць кіназалаў не дазваляе акупіць пастаноўку. Гэта значыць, трэба выходзіць на больш шырокі рынак, мадэрнізаваць сістэму дыстрыб'юцыі айчыннага кіно, каб пракат нашых карцін адбываўся максімальна эфектыўна. Калі раней пра продаж стужкі размова заходзіла толькі пасля здымак, то цяпер мы спрабуем спачатку даследаваць рынак, знайсці для будучай пастаноўкі патэнцыйнага гледача.

- Дарэчы, як будзе змяняцца сістэма фінансавання кіно?

- Сістэма бюджэтнага фінансавання павінна быць перагледжана ў дачыненні да Нацыянальнай кінастудыі, бо існаванне цалкам за кошт дзяржбюджэту не спрыяе стварэнню канкурэнтнага асяроддзя. Маўляў, навошта здымаць якаснае кіно і ўдала яго прадаваць, калі дзяржава ўсё роўна гарантавана пакрые выдаткі? На студыі павінны працаваць таленавітыя людзі, якім будзе выгадна выконваць сваю справу сумленна. Як гэта, напрыклад, зрабілі Аляксандр Колбышаў на "Ваўках", Андрэй Кудзіненка на "Масакры".

Дарэчы, нашы стужкі пасля шматгадовай паўзы былі заўважаны замежнай крытыкай, няхай яе меркаванне пра тую ж "Масакру" пакуль далёкае ад ухваленняў. Але нават такі вынік - значны прагрэс пасля столькіх гадоў цішыні! Здымаць стужкі для кінатэатральнага пракату трэба яшчэ і з дзяржаўных пазіцый: Беларусь павінна заняць годнае месца са сваім мастацкім кіно на міжнародных фестывалях, гэта пытанне прэстыжу краіны. Кіраўнік нашай дзяржавы добра тое разумее, таму станоўча вырашыў пытанне з рэканструкцыяй будынка і новым абсталяваннем для "Беларусьфільма": студыя павінна быць сучаснай кінафабрыкай, якая можа самастойна зарабляць дадатковыя сродкі і адначасова прадзюсіраваць беларускія праекты.

 

Вяртацца? Развівацца!

 - У якім напрамку будзе развівацца галоўны беларускі кінафестываль "Лістапад"?

- Ранейшы "Лістапад" меў сваю форму і структуру, якая адпавядала свайму часу, але праз колькі гадоў наш фестываль стаў "буксаваць", зрабіўся менш цікавым, неабходнасць змен стала відавочнай. Форум выходзіць на новы этап развіцця. Не скажу, што мне як гледачу спадабалася ўсё, што я ўбачыў на мінулым "Лістападзе". Але наш галоўны кінафестываль прадэманстраваў, што можа быць іншым, можа змяняцца, і гэта радуе. У мінулым годзе каманда "Лістапада" абнавілася і працягвае абнаўляцца. Мы працуем над тым, каб форум стаў іншым; такім, як у мінулым годзе, ён не будзе, але і да ранейшага выгляду ўжо не вернецца. Дарэчы, у гэтыя дні новая каманда "Лістапада" адпраўлена набірацца вопыту на Берлінскі МКФ.

- Ці будзе дзяржава надалей падтрымліваць дакументальнае кіно, якому з аб'ектыўных прычын вельмі цяжка выйсці на самаакупнасць? Заўважу, менавіта беларускія дакументалісты сёння годна прадстаўляюць нашу краіну на замежных фестывалях...

- Мы памыляемся, калі кажам, што дакументалістыка не можа быць рэнтабельнай. Сусветны вопыт сведчыць, хутчэй, аб адваротным. Дакументалістыка - якасны прадукт, які можна прадаваць. Іншая справа, што дакументальнае кіно - летапіс эпохі, і галоўны прыбытак тут узнікне праз многія гады, калі нашы нашчадкі скарыстаюцца знятымі ў наш час матэрыяламі і пасапраўднаму іх ацэняць. І гэтыя здымкі будуць датавацца з боку дзяржавы.

 - Недахоп прафесійных кадраў - адно з самых балючых пытанняў беларускага кіно. Якім бачыце яго вырашэнне?

- Канцэпцыяй развіцця беларускага кіно прадугледжана вялікая ўвага прафесійнай адукацыі. Адзін з яе напрамкаў - развіццё айчыннай вучэбнай базы. У мінулым годзе быў адкрыты Факультэт экранных мастацтваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Галоўным пытаннем застаецца наяўнасць добрых педагогаў, сапраўдных Асоб, бо далёка не ўсе кінематаграфісты могуць быць якаснымі настаўнікамі. Іншы напрамак - замежныя стажыроўкі выпускнікоў. Я схіляюся да той думкі, што больш карысным будзе накіраванне стажораў у еўрапейскія кінашколы, бо выпускнікі ВГИКа часцей за ўсё знаходзяць працу на расійскіх студыях. Такім чынам мы губляем спецыялістаў.

Зразумела, што пытанне "Вяртацца - не вяртацца?" будзе паўставаць перад кожным маладым спецыялістам, але мы чакаем у першую чаргу тых, хто разумее сучасны стан нашага кіно. Іхні прыход, упэўнены, павінен змяніць у лепшы бок становішча з вытворчасцю стужак, рэканструкцыяй кінастудыі, пачаць трансфармацыю структур "Беларусьфільма" і "Белвідэацэнтра", паспрыяць з'яўленню прадзюсарскіх груп. Хачу адзначыць, у нашым кіно надыходзіць час спецыялістаў і патрыётаў!

Фота Юрыя ІВАНОВА