Закон і бізнес для музеяў

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

У сценах Замкавага комплексу “Мір” 7 лютага адбылося выязное сумеснае пасяджэнне Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці і Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе, прысвечанае тэме заканадаўчага рэгулявання музейнай дзейнасці, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі некаторых музейных устаноў краіны, а таксама мясцовай улады.

/i/content/pi/cult/309/5308/2-6.jpg

Удзельнікі пасяджэння дэталёва азнаёміліся не толькі з аб'ёмнай музейнай экспазіцыяй замкавага комплексу, яго багатай інфраструктурай, але і прынялі ўдзел у адкрыцці мастацка-гістарычнага праекта "Музыка беларускіх замкаў і палацаў", адным з ініцыятараў якога выступіла загадчык кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава.

 Але, безумоўна, асноўнымі пытаннямі, якія хвалявалі ўсіх без выключэння ўдзельнікаў форуму, сталася абмеркаванне праекта Закону "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь".

У прыватнасці, намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі адзначыў, што менавіта дзякуючы падтрымцы і разуменню парламентарыяў мусяць вырашыцца вельмі сур'ёзныя, надзвычай актуальныя праблемы. Невыпадкова пры абмеркаванні Закону адбылося ўжо чатыры пасяджэнні камісіі на базе вядучых музейных устаноў рэспублікі. Па словах намесніка міністра, у бліжэйшай перспектыве плануецца стварыць шэраг унікальных музеяў, кшталту археалагічнага, дзіцячага, а таксама прысвечаных народным традыцыям асобных рэгіёнаў. Пры гэтым у аснову ўсіх устаноў будуць пакладзены новыя формы працы з наведвальнікамі. А своеасаблівым узорам мусіць стаць будучы Музейны квартал, што размесціцца ў самым "сэрцы" Мінска. Таксама Міністэрствам культуры будуць узняты прапановы па рэарганізацыі профіляў некаторых раённых музеяў у адпаведнасці з іх мясцовымі адметнасцямі.

У сваю чаргу, парламентарыяў хвалявалі пытанні і самаакупнасці музеяў. У прыватнасці, Віктар Аверын, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі, агучыў думку аб неабходнасці сістэмнай распрацоўкі музеямі бізнес-планаў, згодна з якімі будзе пралічвацца іх далейшае эфектыўнае функцыянаванне. Не абышлі ўвагай дэпутаты і праблему стварэння Дзяржаўнага каталога музейных каштоўнасцей. Абмяркоўвалася пытанне яго даступнасці для шырокай грамадскасці і крытэрыяў вызначэння для ўключэння ў каталог найбольш каштоўных прадметаў.

 Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Святланы Гаўрылавай, распрацоўкай змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь" займалася больш за 30 чалавек - высокакваліфікаваных і дасведчаных спецыялістаў у музейнай сферы з усёй краіны.

Чым абумоўлена неабходнасць змяненняў, прытым, што Закон у апошняй рэдакцыі дзейнічае ўсяго толькі з 2005 года?

Шэраг палажэнняў неабходна было ўдакладніць. Адбыліся пэўныя змены і ў тэрміналогіі. У прыватнасці, у новай рэдакцыі Закону будуць дадзены змененыя вызначэнні паняццяў "музей", "прадмет музейнага значэння", "музейная калекцыя", "музейная справа", "музейны работнік".

 Да таго ж, у новым законапраекце Міністэрства культуры прапаноўвае адзначыць адным з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў дадзенай сферы забеспячэнне спецыяльных рэжымаў захоўвання каштоўных прадметаў. У прыватнасці, на стварэнне новых фондасховішчаў мусяць быць вылучаны адпаведныя сродкі.

Упершыню ў Законе прапісаны гарантыі з боку Міністэрства культуры на замежныя выстаўкі, што будуць экспанавацца ў Беларусі. Дагэтуль узнікаў шэраг цяжкасцяў з арганізацыяй міжнародных праектаў.

 Дзякуючы прыняццю новага Закону павінна вырашыцца і яшчэ адна злабадзённая праблема. Сёння ў краіне дзейнічаюць сотні музеяў розных форм уласнасці, пераважная большасць якіх падпарадкоўваецца міністэрствам культуры і адукацыі. Пры гэтым не існуе адзінага рэестра музейных устаноў. Таму ў праект Закону было прапанавана ўнесці адпаведны артыкул. Таксама асобнае палажэнне Закону будзе рэгуляваць дзейнасць музеяў пад адкрытым небам.

Унесены змены ў артыкул, што звязаны з выключэннем тых або іншых адзінак з Музейнага фонду краіны, які будзе прадугледжваць вяртанне каштоўных прадметаў яго ўладальніку па рашэнні суда.

Новым Законам уводзіцца доўгачаканая забарона на ўстанаўленне музеям нарматываў атрымання даходу. Тым не менш, на думку Святланы Гаўрылавай, кожны музей будзе імкнуцца зарабіць як мага больш сродкаў, якія пойдуць непасрэдна на развіццё ўстановы. Да таго ж, новы Закон дазволіць музеям самастойна планаваць атрыманне даходаў ад дадатковых крыніц фінансавання.

 Падрабязна растлумачыў неабходнасць унясення змяненняў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч. На яго думку, прыняцце новага Закону павысіць канкурэнтаздольнасць нашай культуры. "Музеі сталі інтэграванымі ў палітыку сучаснага грамадства, таму што яны спрыяюць развіццю нашай краіны", - падкрэсліў Уладзімір Здановіч. Ён адзначыў, што законапраект адпраўлены на ўзгадненне ў Савет Міністраў. І ў выніку, калі будуць атрыманы станоўчыя водгукі, то літаральна ў красавіку бягучага года ён будзе вынесены на парадак дня сесіі парламента.

 Высока ацаніла зробленую цягам двух гадоў працу па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь" старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Антаніна Морава, зазначыўшы, што тыя інавацыі, якія прысутнічаюць у праекце Закону, паспрыяюць як развіццю музейнай дзейнасці, так і палепшаць імідж нашай краіны ў цэлым. Тым не менш, на яе думку, застаўся шэраг пытанняў па эканамічнай сферы функцыянавання музеяў, і над імі трэба працягваць сістэмна працаваць далей.

 

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Мір - Мінск

На здымку: удзельнікі пасяджэння ў дварэ замка.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"