Ад Радзівіла да Эмерыка

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Цяжка знайсці беларускую вёску, якая можа пахваліцца такой колькасцю гісторыка-культурных каштоўнасцей, што прадстаўлены ў ваколіцах Станькава.

/i/content/pi/cult/308/5306/29-5.jpg

Гэта і сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх, вядомы з ХV ст., і храм Святога Мікалая Цудатворца. Царкву ўзвялі на супрацьлеглым беразе ракі, насупраць графскага палаца, а таму яна візуальна ўключана ў агульны ансамбль, які часткова захаваўся да нашага часу.

Архіўныя запісы сведчаць, што яшчэ ў 1714 г. у Станькава князем Радзівілам была пабудавана драўляная праваслаўная царква. Пазней на яе месцы паўстала Петрапаўлаўская ўніяцкая царква, а ў 1858-м уладальнікам маёнтка графам Эмерыкам Чапскім пры дапамозе прыхаджан была ўзведзена царква Святога Мікалая. Пры храме дзейнічалі штатныя народныя вучылішчы, дзякуючы якім амаль чвэрць насельніцтва прыхода была пісьменнай. На жаль, літаральна праз стагоддзе свайго паўнавартаснага жыцця- у 1961 г. - царква была падарвана і ператворана ў руіны...

У 2006-м, пасля кананізацыі нябеснай заступніцы Станькава - святой блажэннай Валянціны Мінскай, дзень памяці якой адзначаецца 6 лютага, з блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта распачалася праца па аднаўленні святыні.

16 кастрычніка 2007 г. была ўрачыста закладзена першая цагліна ў сцяну храма, а літаральна месяц таму адбылося ўрачыстае ўзвядзенне накупальнага крыжа. Сімвалічна, што сярод мноства людзей, якія ўдзельнічалі ў цырымоніі, былі тыя, што асабіста памятаюць і закрыццё храма, і расстрэл святара ў 1936-м, і ваенную тэхніку, якой разбуралі сцены царквы ў 1961 годзе...

 Крыж быў спраектаваны ў аддзеле комплекснага праектавання Дэпартамента знешніх сувязей Беларускага Экзархату навуковым кіраўніком аб'екта, архітэктарам Алегам Масліевым, а выраблены - майстрамі А.Баравіком, І.Воюшам і У.Павідайлам.

 Анатоль ВАЛАХАНОВІЧ

На здымку: сёння храм аднаўляецца.