“Змеявiк” і пячатка Усяслава Чарадзея

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Значнай культурнай з’явай у бліжэйшай перспектыве мусіць стаць аднаўленне Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільнюсе.

/i/content/pi/cult/308/5303/29-4.jpg

Першым крокам для ажыццяўлення гэтай задумы стала леташняя сустрэча міністраў культуры Беларусі і Літвы Паўла Латушкі і Арунаса Гелунаса. У прыватнасці, як ужо паведамляла "К", было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве ў музейнай сферы. Яно зможа паспрыяць, у тым ліку, і вырабу лічбавых копій тых матэрыялаў Музея імя Луцкевіча, якія захоўваюцца ў розных установах культуры Літвы.

Дзякуючы невялікай і досыць непрыкметнай брашуры роднага брата калекцыянера Антона Луцкевіча "Беларускі музей імя І.Луцкевіча", выдадзенай у 1933 годзе, можна даведацца, што ўяўляў з сябе гэты прыватны збор і наколькі ён значны для культуры нашай краіны.

 Але найперш трэба зазначыць, што прыватная калекцыя Івана Луцкевiча збiралася цягам усяго жыцця апантанага даследчыка беларускай мінуўшчыны. Iдэяй Луцкевiча было стварэнне беларускага нацыянальнага музея. Невыпадкова за гoд да сваёй заўчаснай смерцi ён падарыў калекцыю Беларускаму Навуковаму Таварыству, якое ў 1921-м перавезла музейныя прадметы ў будынак былога віленскага базыльянскага манастыра, чые ўладальнікі (на той час - праваслаўнае духавенства) бясплатна выдзелілі асобнае памяшканне пад стварэнне музея.

З гэтага часу і да пачатку Другой сусветнай вайны ў музей трапляе шэраг новых экспанатаў. Аднак іх колькасць нельга было параўнаць з першапачатковымі зборамі Івана Луцкевіча. У прыватнасці, як адзначае Антон Луцкевіч, у дагicтарычным аддзеле было прадстаўлена каля 200 экспанатаў. У першую чаргу, гэта - прадметы, знойдзеныя пры раскопках кypгaнoў, здзейсненых з удзелам І.Луцкевiча, Я.Тышкевiча і іншых даследчыкаў у розных рэгіёнах нашага краю.

Музей меў і багатую сфрагiстычную калекцыю, якая налiчвала 103 пячаткі. Самымі старажытнымі з іх былі пячаткі полацкiх князёў Усяслава (ХI ст.) i Барыса (XIІ ст.). Не менш цікавымі былі пячаткі Яна Сабескага, разнастайных манаскіх ордэнаў, манастыроў, кравецкага цэху часу праўлення Стэфана Баторыя, войскаў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Цікава, што калекцыя пярсцёнкаў, таксама, як і зборы манет ды медальёнаў, з-за недахопу плошчаў музея была недаступная для наведвальнікаў. Менавіта таму ў экспазіцыі быў прадстаўлены толькі "Змеявiк"- унікальны бронзавы круглы медальён XI ст. з эмблемамi, з aднaгo боку, язычніцкімі, а з іншага - хрысцiянскiмi.

Па звестках Антона Луцкевіча, музейная калекцыя iкон давала магчымасць для грунтоўнага даследавання г i c т о рыі беларускага мастацтва, параўнальнага аналізу з замежным жывапісам. У прыватнасці, у музеі захоўваліся iконы Рублёўскай i Строгaнaўcкaй школ, Наўгародскага пісьма, шэраг узораў візантыйскага стылю, былі прадстаўлены і адметныя каталіцкія абразы.

Зборы музея захоўвалі карціны Смуглевiча, Русецкага, а таксама прадстаўнікоў новага беларускага жывапісу- Сергiевіча і Драздовiча, шэраг партрэтаў гicтарычных асоб, звязаных з беларускім краем. Не меншай за колькасць жывапісных палотнаў была і калекцыя скульптуры, прадстаўленая творамі Грубэрскага, Яхiмовiча, Крэменя, аднак з-за той жа банальнай праблемы - абмежаванасці плошчаў музея, - разам з калекцыяй графікі, практычна не экспанавалася.

Падаецца, не магла пакінуць абыякавымі калекцыя твораў народных разьбяроў. Прымітывізм і, адначасова, тонкае майстэрства выявілася ў фiгуры Хрыста i святых, зробленых з дрэва i металу. А асаблівым хараством, як адзначыў Антон Луцкевіч, дырэктар музея, вылучаюцца фігуры Хрыста разца майстрасамавука з ваколіц Мядзельскага возера.

Хто б мог падумаць, што ў калекцыі рукапісных кнiг музея знаходзіўся і рукапiс Жухавіцкага Евангелля XIV стагоддзя, з надзвычай цікавымі ілюстрацыямі, які да Першай сусветнай вайны захоўваўся ў царкве ў вёсцы Жухавiчы, што на Навагрудчыне. ХV стагоддзе прадстаўлена "Аглашэннямi" Тодара Студыта. Як было пазначана ў метрыцы, гэтая кнiгa напісана нейкiм Iванчыкам, служкам Івана Семяновiча, пісара вялiкага князя Аляксандра, у Вiльнi ў 1476 годзе. І вядома, велізарную каштоўнасць маюць пражскія выданні Францыска Скарыны, якія таксама былі прадстаўлены ў зборы Івана Луцкевіча.

Здавалася б, такія багатыя на сапраўдныя рарытэты калекцыі мусіла абслугоўваць, а дакладней - вывучаць, каталагізаваць і, нарэшце, праводзіць экскурсіі немалая колькасць музейных супрацоўнікаў. У рэальнасці гэта было зусім не так. Музейная Рада Беларускага Навуковага Таварыства, у падпарадкаванні якой і знаходзілася ўстанова, складалася ўсяго з трох чалавек: дырэктара Антона Луцкевіча, бiблiятэкара Уладзіслава Самойлы і скарбніка Антона Неканда-Трэпкі. Зразумела, што пра развіццё музея ў такіх умовах казаць не даводзілася.

Да таго ж, пасля закрыцця ў 1945 годзе большая частка яго збораў была перададзена музеям Літвы і часткова - Беларусі. А таму хочацца верыць, што цяпер намаганнямі дзвюх краін унікальная ўстанова неўзабаве адродзіцца.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"