“Антыкрызісныя тэхналогіі”з гарантыяй аддачы

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Свіслаччына: "трансгранічныя" дывідэнды ад Белавежы і не толькі…

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Новы этап развіцця cяла: самадастатковасць аддзела культуры

"Свіслач, - сцвярджае вадзіцель мясцовага аддзела культуры Аляксандр Сыраежка, - мястэчка адной песні". Маўляў, праз гарпасёлак можна праехаць цягам гучання з аўтамагнітолы толькі адной песні. Так, маляўнічая Свіслач у атачэнні Белавежскай пушчы і лясны Свіслацкі раён - адносна маленькія. Аднак назваць гэткімі ж праблемы, звязаныя з развіццём мясцовай культуры, пакуль не выпадае. За апошнія чатыры гады тройчы змянялася кіраўніцтва аддзела. Аднойчы гэтая пасада заставалася вакантнай аж восем месяцаў. Натуральна, факт той ніяк не спрыяў дысцыпліне, якасці мерапрыемстваў, паўнавартаснасці сацыяльных стандартаў. Са жніўня "антыкрызісны камітэт" узначаліў новы і па-сапраўднаму амбіцыйны начальнік аддзела культуры Браніслаў Кісялеўскі.

Канкрэтыка хібаў уражвала. У даўгабуд ператварылася ўзвядзенне новай Дзіцячай школы мастацтваў. Установы культуры ў адносна вялікіх населеных пунктах бяздзейнічалі з-за аварыйнага стану. Пад пагрозай знаходзілася выкананне леташняга плана па аказанні платных паслуг... "Словам, часу для разваг не было, - згадвае пачатак "антыкрызіснай" дзейнасці Браніслаў Кісялеўскі. - Кіраўніцтва раёна чакала ад аддзела самых рашучых дзеянняў. З такім "баявым" настроем і прыступіў да абавязкаў".

Настрой - ухвальны. І прыярытэтныя кірункі дзейнасці - досыць канкрэтныя. Пры хранічным недахопе сродкаў на планавае ўмацаванне матэрыяльнай базы начальнік аддзела культуры вырашае актывізаваць дзейнасць гаспадарчай групы. Гарантаваную эканамічную аддачу абяцаюць прынесці і спецыяльныя праектныя тэхналогіі, аўтарскія праграмы, што выключна запатрабаваны ва ўмовах трансгранічнага супрацоўніцтва Літвы, Латвіі і Беларусі. Яшчэ адна бліжэйшая мэта Браніслава Кісялеўскага - сістэмнае развіццё інфарматызацыі не толькі ў бібліятэчнай, але і ў клубнай справе. Калі падсумоўваць, дык культурніцкія захады на Свіслаччыне зводзяцца цяпер да аднаго: паслугі ў раёне, дзе большую палову плошчы займае Белавежская пушча, павінны станавіцца рэнтабельнымі, а разумнае паяднанне эканомікі з творчасцю, прыцягненне дадатковых крыніц фінансавання неабходна ўзвесці ў ранг абавязковай умовы для дзейнасці любой установы культуры.

Народ пытаецца і прапануе

 "Ад плана не адмаўляюся, але..."

Эканамічны складнік штодзённага культасветнага клопату турбуе цяпер кожнага работніка аддзела культуры. З той простай прычыны, што без гэтай турботы застаецца хіба адно: пісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Пераканаўся ў гэтым і пад час нашага традыцыйнага апытання. І носьбіты культуры, і яе спажыўцы кроўна зацікаўлены ў пазітыўных зменах.

 Лідзія Шымаціна, загадчык сельскага клуба аграгарадка "Вялікае сяло":

- Леташні план па аказанні платных паслуг наш клуб выканаў - зарабілі больш за пяць мільёнаў рублёў. Менавіта за гэтыя грошы мы і набылі сваё музычнае "ўзбраенне", нават прайгравальнік міні-дыскаў ёсць... Так што ад плана я ніякім чынам не адмаўляюся. Але калі ён пастаянна павышацца будзе, паўстане пагроза яго невыканання. Справа ў тым, што ў суседняй вёсцы Ханчыцы неўзабаве адкрыецца клуб. Моладзь адтуль раней да нас хадзіла - а гэта дзесьці паўтара мільёна "жывых" грошай. Карацей, план, на мой погляд, трэба пастаянна каардынаваць...

 Рабочы аграгарадка "Ханчыцы":

 - Летась вёска стала аграгарадком, але будаўніцтва клуба пакуль не завершана. Яно і не дзіва, бо клуба ў нас гады тры ўвогуле не было. Будаўніцтва з нуля пачалі, і расцягнулі, відаць, з-за недастатковага фінансавання. Чым усё завершыцца, не ведаю...

Старшакласніца з аграгарадка "Новы двор":

- У нас - шыкоўны Дом культуры. Праўда, рамантавалі яго доўга. За гэты час, відаць, работнікі культуры крыху "расслабіліся". На маю думку, вельмі мала тут пакуль цікавых мерапрыемстваў ладзіцца...

 Пенсіянерка з гарпасёлка Поразава:

 - Наша бібліятэка працуе ў вельмі кепскіх умовах: дах пастаянна працякае. Праз дарогу ГДК знаходзіцца, другі паверх якога пасля рамонту мяркуюць адвесці пад бібліятэку. Але колькі той рамонт будзе доўжыцца?/i/content/pi/cult/308/5302/26-2.jpg

Мне пашанцавала: пад эканамічны фармат гаворкі ўдалося прыцягнуць да ўдзелу ў "лятучцы" намесніка старшыні Свіслацкага райвыканкама па эканоміцы Ганну ЧЫЖЫКАВУ. Другім суразмоўцам стаў, натуральна, начальнік аддзела культуры Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ.

Яўген РАГІН:

- Ганна Міхайлаўна, якія апошнія "антыкрызісныя" ўказанні давалі начальніку аддзела культуры?

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

- Тычыліся яны праблемнага аб'екта - Дома культуры ў гарпасёлку Поразава. Гэта наш першы аграгарадок, тут - амаль тысяча жыхароў, а выгляд установа культуры мела не надта прывабны. Цяпер тут поўным ходам вядуцца работы. Кантроль за іх тэрмінамі і якасцю - найпершы сённяшні абавязак Браніслава Браніслававіча. Людзі ўжо, сапраўды, стаміліся чакаць, калі ў іх з'явіцца дыхтоўная ўстанова культуры.

Яўген РАГІН:

- Мы размаўлялі з будаўнікамі ваўкавыскага прадпрыемства "Анфок", што заняты на рамонце другога паверха ГДК. Работы засталося тыдні на два, асвоена і праплачана 70 мільёнаў рублёў.

 Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:

- Генпадрадчык гэтага аб'екта - аддзел культуры. Недаробак засталося на 10 мільёнаў рублёў...

Яўген РАГІН:

- Мы бачым першую праяву канкрэтных захадаў "антыкрызіснага камітэта"?

 Ганна ЧЫЖЫКАВА:

 - Можна і так сказаць... На пасадзе начальніка аддзела культуры ў нас, сапраўды, вельмі не хапала чалавека, у якога словы не разыходзяцца са справамі. Новы кіраўнік добра адчувае, дзе трэба расставіць галоўныя акцэнты, якія стымулы выкарыстаць, каб асобныя культработнікі не мроілі аб паветраных замках, а апускаліся, вобразна кажучы, на зямлю і апраўдвалі спадзяванні людзей і ў райцэнтры, і на сяле... Браніслаў Браніслававіч (я цяпер пра гэта магу сказаць з упэўненасцю) - і арганізатар, і гаспадарнік.

Яўген РАГІН: 

- Мне шмат казалі пра тое, што апошнім часам у раёне актывізавалася платнае карпаратыўнае абслугоўванне...

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

- ...І вельмі радуе, што такіх заказаў у аддзела культуры цяпер вельмі шмат. Безумоўна, гэта не такія ўжо і вялікія грошы ў выніку. Але тое, што якасць мерапрыемстваў на парадак павялічылася, - магу сцвярджаць адназначна.

 Яўген РАГІН:

- Усё гэта цудоўна, але, Ганна Міхайлаўна, не магу не вярнуцца ў нядаўнюю мінуўшчыну і не задаць досыць непрыемнае пытанне: а як сталася, што доўга цягнуўся рамонт СДК у Новым Двары, у Ханчыцах увогуле не было клуба, а ўзвядзенне ДШМ у райцэнтры ператварылася ў даўгабуд?

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

- Часовыя кіраўнікі аддзела культуры становішча, што цалкам зразумела, выправіць не здолелі. Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, які працуе тры гады, узяў справу пад самы сур'ёзны кантроль. Паверце, за мінулы год у сферы раённай культуры зроблена вельмі многае.

Яўген РАГІН:

 - Я пераканаўся ў гэтым. У Ханчыцкім СК на падлогу высцілаецца плітка і ламінат. У новы будынак неўзабаве пераедзе і клуб у Вялікім Сяле...

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

- Сёлета аблвыканкам выдаткоўвае нам тры мільярды рублёў на далейшае ўзвядзенне дзіцячай школы мастацтваў у раённым цэнтры... Словам, нам не хапала кіраўнікоўкаардынатараў з цвёрдай пазіцыяй адстойваць прэстыж раёна і на словах, і на справах.

Яўген РАГІН: 

- Рамонтна-будаўнічыя работы вядуцца цяпер на трох аб'ектах культуры. Якія грошы тут ужо выкарыстаны?

 Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:/i/content/pi/cult/308/5302/27-3.jpg

 - Па Ханчыцах і Вялікім Сяле - 1 мільярд 370 мільёнаў. У Поразаве, як я ўжо казаў, засталося асвоіць 10 мільёнаў. Безумоўна, гэта вялікія грошы, і нам трэба вучыцца не чакаць іх ад вобласці, а здабываць самім.

Яўген РАГІН:

- І я пра тое ж - пра дадатковыя крыніцы фінансавання, пра рэзервы эканоміі, якія, не сакрэт, выкарыстоўваюцца яшчэ кепска...

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

- Мы не толькі прыгранічны рэгіён, але і своеасаблівыя "вароты" ў Белавежскую пушчу. На гэтай падставе трансгранічнае культурнае супрацоўніцтва падаецца эканамічна перспектыўным і выгадным. Маю на ўвазе ў першую чаргу развіццё пазабюджэтнай дзейнасці. Мы прапрацоўвалі гэтыя пытанні, у прыватнасці, з літоўскімі калегамі. Цяпер мы засяродзіліся на канкрэтных творчых праектах трансгранічнага супрацоўніцтва.

Яўген РАГІН: 

- Якімі павінны быць гэтыя праекты, у чым іхняя запатрабаванасць у замежнікаў?

 Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:

 - Я быў удзельнікам аднаго з такіх замежных семінараў, прысвечаных абмеркаванню сумесных творчых праектаў. На жаль, мы пакуль не здолелі стаць бенецыярамі - асноўнымі атрымальнікамі фінансавых сродкаў пад рэалізацыю канкрэтных крэатыўных праектаў. Але магчымасць для гэтага ёсць, і яе неабходна выкарыстоўваць. Да прыкладу, такім праектам, на нашу думку, можа стаць Свята лесу, наш абласны фестываль "Гамоняць пушчы беларускія", што ладзіўся ў раёне ўжо двойчы. Пасля грунтоўнай дапрацоўкі наша прапанова мае ўсе шанцы на паўнавартаснае жыццё.

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

 - Карыстаючыся нагодай, я вось пра што хачу сказаць. Не за гарамі той час, калі ў райвыканкамаўскай ці грамадскай структуры спатрэбіцца спецыяліст з веданнем замежных моў, што будзе займацца ўшчыльную пошукам інвестараў, экспартам беларускай культуры, каардынацыяй міжнародных стасункаў, у тым ліку на карысць і нашага аддзела культуры, і нашых прыватных уладальнікаў аграсядзіб. Дарэчы, гаспадары аграсядзібы фермерскай гаспадаркі "Пабудзінкі" здолелі абараніць свой праект і атрымаць немалую грашовую суму на ўзвядзенне Вёскі рамёстваў... Ініцыятыўных людзей наўкола шмат, але не кожны з іх здолее выйсці цяпер на міжнародны ўзровень творча-эканамічных стасункаў. Патрэбна разумнае і агульнакарыснае каардынаванне нашых дзеянняў - толькі тады і здолеем стаць бенецыярамі. Словам, такі спецыяліст вельмі спатрэбіцца раёну.

 Яўген РАГІН:

 - Якім бачыцца вам узаемадзеянне прыватных аграсядзіб і дзяржаўных устаноў культуры? Гаворка - пра супрацоўніцтва, канкурэнцыю ці пра штосьці кардынальна іншае?

 Ганна ЧЫЖЫКАВА:

 - Гаспадары той аграсядзібы, пра якую я казала, самі выйшлі на аддзел культуры з ініцыятывай самага шчыльнага супрацоўніцтва ў наладжванні на іхнім падворку народных святаў, дзе рэй папрасілі весці нашых работнікаў культуры.

 Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:

- Святы такія арганізоўваем у выглядзе тэатралізацый. Ёсць канкрэтныя расцэнкі на паслугі.

 Яўген РАГІН:

- Браніслаў Браніслававіч, адзін з генеральных накірункаў вашай дзейнасці - развіццё інфармацыйных тэхналогій. Стварэнне аддзелаўскага сайта - толькі частка рэкламнай акцыі...

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ: 

- Як вядома, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вакол Белавежскай пушчы будуецца акружная дарога - своеасаблівае турыстычнае кольца, якое праходзіць і па тэрыторыі нашага раёна. Пагадзіцеся, без рэкламных акцый тут не абысціся. Адна з іх - стварэнне лясной сядзібы на базе Дома фальклору ў вёсцы Ціхаволя. Гэта наша своеасаблівая ўязная брама ў Белавежу, патэнцыйная прынада для турыстаў.

Яўген РАГІН:

 - Ці распрацаваны ў вас механізм разлікаў паміж аддзелам культуры і прыватнікам, скажам, гаспадаром аграсядзібы?

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

 - Сабекошт кожнага нашага мерапрыемства вядомы любому зацікаўленаму прадпрымальніку.

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:

 - Разлік - заўжды безнаяўны. У нас 24 віды платных паслуг. Кожны з іх прайшоў апрабацыю.

 Ганна ЧЫЖЫКАВА:

- Неаднойчы пераконвалася ў тым, што культурнае забеспячэнне выключна запатрабаванае на шматлікіх мерапрыемствах, якія адбываюцца ў еўрарэгіёнах, прылеглых да Белавежскай пушчы.

Яўген РАГІН: 

- Адносна нядаўна выкананне леташняга плана па аказанні платных паслуг выклікала сумнеў. На сёння ён выкананы ў супастаўных цэнах на 131,5 працэнта. Вынік "антыкрызіснага закручвання гаек"?

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ: /i/content/pi/cult/308/5302/26-1.jpg

- Шчыра скажу, асаблівай задаволенасці ад такога выніку няма. Рэнтабельнасць пазабюджэтнай дзейнасці пакуль мінусавая. У пагоні за валам мы не пазбегнулі стратнасці. Да прыкладу, трэнажорная зала прынесла за мінулы год пад 980 тысяч рублёў мінусу. Сёлета мы пераглядаем сістэму, уводзім абаненцкую плату. Нам не патрэбны вал, а рэнтабельнасць - асноўны арыенцір.

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

 - Але і на сацыяльныя аспекты мы не маем права забывацца. Асобныя выязныя мерапрыемствы нават бензін не кампенсуюць, але прыносяць вялізную маральную аддачу, ды і рэкламную функцыю выконваюць бліскуча.

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:

- Натуральна, усё так. Але камерцыйныя праекты павінны быць прыбытковымі...

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

- Лічу, што ідэальны пазабюджэтны план утрымліваў магчымасці для ўсебаковай рэалізацыі творцаў, каб эканамічны складнік ніяк не замінаў творчаму. Але ўвогуле ад плана адмаўляцца неразумна. Ягонае выкананне дае нашым установам культуры пэўную эканамічную свабоду. А гэта немалаважная ўмова тэхнічнага развіцця, якое павінна быць няспынным і будзе гарантаваць далейшы прыбытак.

Яўген РАГІН:

 - Культура і інавацыі - гэтае спалучэнне вам бачыцца ў наладжванні праектных тэхналогій?

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ: 

- Праектных і інфармацыйных.

Яўген РАГІН:

- Мы размаўлялі з новым дырэктарам райметадцэнтра Таццянай Карнацэвіч: яна ўпэўнена, што праектныя тэхналогіі аддзела культуры павінны грунтавацца на аўтарскіх праграмах самых ініцыятыўных работнікаў сферы. Цяжка не пагадзіцца. Але крыўдна тое, што, да прыкладу, у сістэме адукацыі аўтарскія праекты-праграмы - справа будзённая, а ў сферы культуры - пакуль ноў-хау.

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:

- Ініцыятыву трэба стымуляваць, культываваць, калі жадаеце, і працэс гэты - доўгі і карпатлівы. А мы, як ні шкада, толькі пачынаем "вырошчваць" гэтую ініцыятыву знізу. Вучымся і вучым. 23 лютага, да прыкладу, пад час святочнага канцэрта ў РДК мы будзем выкарыстоўваць мультымедыйныя магчымасці... Я проста перакананы, што любая клубная ўстанова апрача музычнай апаратуры павінна мець мультымедыйны праектар, магчымасці якога выключна вялікія: ад інфармацыйнага забеспячэння канцэртаў, дыскатэк да сцэнаграфічнага аздаблення. Не пашкодзіў бы клубам і камп'ютар... Не магу не правесці аналогіі з сістэмай адукацыі: кожная школа мае ў раёне камп'ютарную, мультымедыйную тэхніку. Працэс такой "узброенасці" завяршыўся тут літаральна за два гады. Для нас гэта - яшчэ інавацыя. Але мы будзем настойліва імкнуцца да пастаўленай мэты, бо яе ажыццяўленне абяцае неблагі эканамічны эфект. Кінавідэапрадпрыемству цяпер вельмі складана выконваць план. Каб паказаць на сяле фільм, яно затрачвае на бензін, скажам, 50 тысяч рублёў, а зарабляе ад сеансаў 6 тысяч... Калі б у клубах былі мультыпраектары, стратнасць ад кінапаказаў мы ліквідавалі б.

Яўген РАГІН:

- Ведаю, што амаль уся сённяшняя пазабюджэтка ідзе менавіта на набыццё такой мультымедыйнай апаратуры для клубаў.

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

 - Натуральна, райвыканкам будзе імкнуцца ўсяляк падтрымліваць гэтую ініцыятыву.

Яўген РАГІН:

 - Аддзел культуры цяпер знаходзіцца, так бы мовіць, у стадыі творча-эканамічнага эксперыменту. Усё большая ўвага, да прыкладу, надаецца дзейнасці гаспадарчай групы. Яе кіраўнік Зінаіда Балюк распавядала мне, што летась на бягучых рамонтах аб'ектаў культуры група асвоіла ледзь не 50 мільёнаў рублёў...

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:

 - Мы сапраўды збіраемся сёлета паэксперыментаваць з магчымасцямі гаспадарчай групы. Павялічваем штат, машына ў будаўнікоў ёсць... Аднаўленне клуба ў Сакольніках паспрабуем правесці гаспадарчым спосабам.

 Ганна ЧЫЖЫКАВА: 

- Гэта ў значнай ступені сэканоміць бюджэтныя сродкі раёна. Цалкам згодная з такой пастаноўкай пытання. Дарэчы, гэтага ж і старшыня абласнога выканаўчага камітэта ад нас патрабуе. Пры сённяшніх аб'ёмах работы нашы будаўнічыя арганізацыі загружаны, як кажуць, пад завязку, і гэта вельмі адчувальна напрыканцы года, калі пераразмеркаваныя грошы асвоіць нерэальна.

Яўген РАГІН:

 - Пошукі дадатковага фінансавання, усемагчымая эканомія сродкаў, выкарыстанне кожнага рэзерва, як пераконвае Браніслаў Браніслававіч, - аснова ягонай "антыкрызіснай" праграмы... Я быў нядаўна ў Баранавіцкім раёне, і загадчыца аднаго з тамтэйшых сельскіх клубаў распавяла, што кантакт з кіраўніцтвам мясцовага прадпрыемства настолькі шчыльны, што яно аплачвае дзецям сваіх рабочых поўны кошт білетаў на дыскатэкі. Прыкладна гэткія ж стасункі з СВК у загадчыцы сельскага клуба вашага аграгарадка "Вялікае Сяло" Лідзіі Шыманіца. Але ж названая тактыка ўсеагульнай, па-мойму, не стала. У начальніка аддзела культуры ёсць пэўныя нараканні з гэтай нагоды да кіраўніцтва РДК у Новым Двары...

 Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ:

 - Я больш скажу: у мяне вялікія прэтэнзіі да неэфектыўнага выкарыстання гэтай установы культуры. Будынак яе нядаўна адрамантаваны, глядзельная зала тут - лепшая, чым у райцэнтраўскім Доме культуры, а напаўняльнасць яе, на мой погляд, пакуль нездавальняючая. Аднак пры такой цудоўнай базе і план па аказанні платных паслуг для гэтай установы мы мяркуем значна павялічыць. Укладзеныя ў рамонт грошы трэба пакрысе аддаваць...

Яўген РАГІН:

 - На аб'язной "белавежскай" дарозе /i/content/pi/cult/308/5302/26-4.jpgя ўжо бачыў там-сям пачатак будоўлі аб'ектаў прыдарожнай інфраструктуры. Ці збіраецца мясцовая культура прэзентаваць сябе і ў гэтым асяродку?

Ганна ЧЫЖЫКАВА:

- Такіх аб'ектаў у нас вызначана прыкладна сем. Шукаем інвестараў. Ля возера Раманаўцы ў бок вёскі Дабраволя - адно з любімых нашых месцаў адпачынку, дзе знаходзіцца ўнікальны прыродны вадаспад, бясплатны "душ Шарко". Праект на ўзвядзенне турыстычных домікаў ужо гатовы. Аб'ект - салідны, таму яго культурнае планавае забеспячэнне лічу абавязковым. Другі найбольш перспектыўны аб'ект - былая турыстычныя база ля самай мяжы з Польшчай, вельмі маляўнічае і таксама прыазёрнае месцейка. Так што праектныя тэхналогіі аддзела культуры ўжо цяпер павінны "абкатвацца" і ўдасканальвацца.

 Дэталь да агульнай карціны

У платны гурток - па конкурсе

Свіслаччына здаўна славілася глінамесамі. У вёсцы Поразава браты Шупікі выраблялі так званую задымленую кераміку. Братоў-рамеснікаў ужо няма, але тэхналогію мясцовага ганчарства ў раённым Цэнтры рамёстваў захавалі. Дырэктар установы Наталля Кучкіна яшчэ пад час вучобы ў БДУКіМ ездзіла да Пятра Шупіка, запісвала паслядоўнасць дзеянняў, іншыя рамесніцкія хітрыкі, у выніку якіх на свет з'яўляўся задымлены звонкі цуд.

Гэтую ўнікальную тэхналогію ў РЦР збіраюцца аднаўляць. У штаце з'явіўся цудоўны ганчар Яўген Мацяшук, аддзел культуры паспрыяў набыццю зробленай пад заказ 30-літровай муфельнай печы. Цяпер справа - за горнам, без якога поразаўская чорна-задымленая кераміка проста не атрымаецца.

Наталля Кучкіна арганізавала справу ў РЦР такім чынам, што ў гурток па кераміцы дзяцей нібы пішчом цягне. Гурток, між тым, - платны, аднак трапіць у яго можна толькі па жорсткім конкурсе. Цяпер у гуртку - 12 адборных "спецыялістаў", патэнцыяльных аўтараў будучых чорна-задымленых збанкоў і глечыкаў.

А з эканамічнага пункта гледжання сітуацыя такая: грошы ад наведвання гуртка ў агульным пазабюджэце асаблівага "надвор'я" не зробяць, а хутчэйшаму змайстраванню горна ўсё ж паспрыяюць.


наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Свіслацкі раён - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"