Падтрымаем Кнігу, што запатрабавана грамадствам

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Лілія АНАНІЧ, першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/308/5299/pic_52.jpg- Шаноўныя калегі! Цяжка не заўважыць, што культурная ніва ў 2010 годзе стала больш яркай, змястоўнай, больш плённай, і, паверце, сродкі масавай інфармацыі ўсё лепшае, што робіцца ў нашай сферы культуры, безумоўна, паказвалі і будуць захоўваць лепшыя набыткі ў нашых тэлерадыёархівах, на старонках друкаваных перыядычных выданняў.

Хочацца адзначыць, што ў 2010-м мы, дзякуючы менавіта сумесным намаганням, рэалізавалі вельмі цікавыя і значныя праекты. Ініцыятыва Міністэрства культуры аб тым, каб у бібліятэку Кангрэса Злучаных Штатаў Амерыкі трапіла калекцыя лепшых кніг Беларусі, была намі падтрымана. І сёння не толькі ўжо ў гэтай бібліятэцы, але і ў Расійскай дзяржаўнай ёсць лепшыя беларускія кнігі. Мы разам з вамі прадстаўлялі нашу краіну і ў межах ХХІІІ Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі, дзе 56 краін свету бачылі дасягненнні нашай гістарычнай кніжнай спадчыны і тое, што сёння паказвае беларускае кнігадрукаванне. Вялікі дзякуй за гэтую сумесную працу, асабліва - Нацыянальнай бібліятэцы, таму што толькі такі сумесны плён дазволіў прадставіць усё лепшае, што ёсць, выявіць глыбіню нашага беларускага народа, і вынікам таму - наша краіна, Рэспубліка Беларусь, у маі месяцы запрошана ў статусе Ганаровага госця на Варшаўскую міжнародную кніжную выстаўку. Я лічу, гэта плён нашых сумесных праектаў.

Колькі слоў хачу сказаць і пра тое, што дзякуючы сумесным намаганням мы ў 2010-м вельмі істотна палепшылі камплектаванне фондаў публічных бібліятэк. Магчыма, на пачатку года не ўсё атрымлівалася так, як хацелася б, і тым не менш, больш за 3 мільярды рублёў, на трэць больш фінанасавых сродкаў, - гэта тыя грошы, якія прыйшлі ў айчынную выдавецкую сістэму для таго, каб мы і надалей выпускалі добрыя кнігі ў рамках падтрымкі сацыяльна-значных выданняў нашай дзяржавы.

Дзякуй за тое, што мы разам з вамі ў мінулым годзе знайшлі больш змястоўны механізм, каб лепш камплектаваць тое, што мы называем дзяржаўным заказам. І створаны экспертны савет у Міністэрстве культуры, дзе ўдзельнічае і прадстаўнік на ўзроўні намесніка міністра культуры і кіраўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, іншых бібліятэк, дазволіць нам, сапраўды, выдаваць і падтрымліваць дзяржавай тыя кнігі, якія сёння патрабуе наша грамадства.

Але ў нас ёсць вельмі шмат задач у гэтым накірунку. Звярніце ўвагу толькі на дзве лічбы. Мінулым годам у краіне выдадзена 11 тысяч кніг, 44 мільёны - тыраж. І гэта на 14 - 15% меней, чым у 2009-м. Цікавасць грамадства да друкаванай кнігі, як бачым, змяншаецца, меншы попыт на друкаваную прадукцыю, а адсюль - зніжэнне дадзеных паказчыкаў. У сувязі з гэтым мы асабліва будзем разгортваць працу на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы, якая 9 лютага адкрываецца ў БелЭКСПА. Усіх вас я запрашаю наведаць гэтую экспазіцыю, пазнаёміцца з нашымі сумеснымі набыткамі ў Дзень бібліятэк. Разам з вамі, спадзяёмся, мы разгорнем у краіне акцыю ў падтрымку Кнігі, у падтрымку чытання. Бо гэта - агульны ўклад у развіццё нашай духоўнасці і дзяржаўнасці.

Колькі слоў - пра сродкі масавай інфармацыі. Пра іх уплыў гучала ў дакладзе міністра культуры Паўла Латушкі і ў іншых выступленнях. Сапраўды, цяжка пераацаніць гэтую ролю. І тое, што сёння і тэлебачанне, і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі прысутнічаюць на выніковай калегіі, - усё гэта сведчыць пра тую вялікую цікавасць, якая ёсць у грамадства да развіцця нашай нацыянальнай культуры. Паверце, няма тых пытанняў, якія б не былі вырашаны сумеснымі намаганнямі. Таму што агульны наш прыярытэт, у тым ліку і ў сродкаў масавай інфармацыі, - гэта развіццё нашай дзяржавы, развіццё нашай культуры і ўсё, што з гэтым звязана. Дазвольце выказаць спадзяванне, што мы разам у 2011 годзе зробім новыя крокі ў гэтым кірунку. Плёну вам, усяго добрага і - дзякуй за сумесную працу.

Фота Юрыя ІВАНОВА