Маніторынг для сацыяльнага партнёрства

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Наталля АЎДЗЕЕВА, старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры

/i/content/pi/cult/308/5295/pic_46.jpg- Для Беларускага прафсаюза работнікаў культуры 2010 год быў вельмі адказны. На гэта аказала ўплыў багатае на падзеі грамадска-палітычнае і сацыяльнаэканамічнае жыццё краіны, у якім прафсаюзы Беларусі, аб'яднаныя Федэрацыяй, прынялі самы актыўны ўдзел. І, па-другое, - справаздачна-выбарчая кампанія, якая падвяла вынікі работы за мінулыя пяць гадоў і вызначыла Праграму дзеянняў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на 2010 - 2015 гады.

На гэтай падставе, з улікам мэт і задач, што стаяць перад галіной культуры, летась былі прыняты Праграма дзейнасці Беларускага прафсаюза работнікаў культуры на 2010- 2015 гады і План мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.

Дазвольце закрануць асноўныя напрамкі і мерапрыемствы, якія найбольш істотна ўплываюць на пабудову і развіццё ўзаемаадносін з нашымі сацыяльнымі партнёрамі на ўсіх узроўнях, накіраваныя ў канчатковым выніку на эфектыўнасць дзейнасці не толькі прафсаюзных арганізацый, але і галіны ўвогуле.

Перадусім трэба адзначыць, што гэтыя ўзаемаадносіны будуюцца на аснове тарыфных, мясцовых пагадненняў і калектыўных дагавораў. Усяго ж калектыўна-дагаворнымі адносінамі ахоплена амаль 94% работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый галіны.

На сённяшні дзень заключаны і дзейнічаюць, акрамя Тарыфнага пагаднення паміж ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, 47 мясцовых пагадненняў абласнога, раённага і гарадскога значэння. Усе яны змяшчаюць нормы Генеральнага і Тарыфнага пагадненняў. Імі рэгуляваны пытанні ўзаемадзеяння органаў кіравання і гаспадарання з прафсаюзнымі органамі ў сферы вытворчай дзейнасці, эканомікі і сацыяльнага развіцця, аплаты і аховы працы, адпачынку работнікаў, забеспячэння занятасці, сацыяльных гарантый і гарантый правоў прафсаюзных органаў і членаў прафсаюза.

Асновай для галіновых пагадненняў і калектыўных дагавораў з'яўляецца Генеральнае пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў. Тэрмін дзейнасці апошняга - 2011- 2013 гады.

У ім змяшчаюцца пазіцыі, якія з'явіліся дзякуючы нашым агульным намаганням. Так, дасягнута дамоўленасць аб забеспячэнні набліжэння ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па ўзроўні аплаты працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, да ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў прамысловасці. Гаворка там вядзецца і аб працягу практыкі засялення іншагародніх студэнтаў і іншых навучэнцаў на вольную плошчу іншых устаноў адукацыі і арганізацый незалежна ад іх падпарадкавання.

Важнымі сталі і пункты аб прыняцці мер па павелічэнні да 2013 года памеру дапамогі па дагляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў да двух бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Дасягнута дамоўленасць аб заключэнні новага кантракта са згоды работнікаў, якія не дапускаюць парушэнняў працоўнай дысцыпліны, на тэрмін не менш за тры гады, а з тымі, хто мае, акрамя таго, высокі прафесійны ўзровень і кваліфікацыю, - на максімальны тэрмін.

Важна, што тарыфныя, мясцовыя пагадненні і калектыўныя дагаворы могуць змяшчаць і больш ільготныя, у параўнанні з Пагадненнем, працоўныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы. Такім чынам, мы бачым, што ключавую ролю ў развіцці сацыяльнага партнёрства ў галіне адыгрываюць менавіта калектыўныя дагаворы, якія заключаюцца на падставе дзеючых пагадненняў. Усяго ж у арганізацыях і ўстановах культуры рэспублікі заключаны 531 калектыўны дагавор.

 Варта адзначыць, што ў апошні час палепшылася якасць дагавораў. У большасці з іх есць раздзелы па сацыяльнай абароне моладзі, гарантыях жанчынам, а таксама бацькам, якія выхоўваюць дзяцей.

Мы лічым, што вельмі важна ў 2011 годзе, у інтарэсах работнікаў галіны, пераканаць вас, паважаныя сацыяльныя партнёры, у неабходнасці заключэння калектыўных дагавораў у кожнай арганізацыі культуры, правядзенні работы па недапушчэнні фармальнай пралангацыі пагадненняў і калектыўных дагавораў без карэкціроўкі палажэнняў, якія адносяцца да норм аплаты працы, пераходу на новыя сістэмы аплаты працы, рэструктурызацыі ўстаноў, а таксама іншых кірункаў прафсаюзнай дзейнасці з улікам змен у эканамічнай і сацыяльнай палітыцы.

Далейшае ўдасканаленне сацыяльнага партнёрства з'яўляецца адным з самых галоўных перспектыўных кірункаў нашага супрацоўніцтва. З гэтай мэтай дасягнута дамоўленасць з міністрам культуры Паўлам Латушкам аб разглядзе ў 2012 годзе на пашыраным пасяджэнні Пленума ЦК прафсаюза пытанняў выканання галіновага Тарыфнага пагаднення. Разгляд аналагічных пытанняў аб практыцы сацыяльнага партнёрства ў абласных і Мінскай гарадской арганізацыях прафсаюза будзе ажыццёўлены да 2013 года паўсюдна, у тым ліку сёлета - у Брэсцкай вобласці.

Будзе прадоўжана практыка сумеснай працы ў складах адпаведных калегій, саветаў (камісій) па працоўных і сацыяльна-эканамічных пытаннях, а таксама правядзення сумесных спартакіяд, семінараў, аглядаў-конкурсаў на лепшага грамадскага інспектара па ахове працы, на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы, на лепшую арганізацыю па эканоміі рэсурсаў. Акрамя таго, у бягучым годзе абвешчаны і стануць традыцыйнымі рэспубліканскія конкурсы на лепшы калектыўны дагавор і лепшага па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках.

Другі важны напрамак нашага супрацоўніцтва - стварэнне бяспечных умоў працы ў галіне культуры. Прафілактыка вытворчага траўматызму, выкананне заканадаўства аб ахове працы і працоўнай дысцыпліны - гэта асноўнае, з чаго складаецца бяспечная працоўная дзейнасць. Тэхнічная інспекцыя працы нашага прафсаюза вядзе актыўную дзейнасць у дадзеным кірунку. У 2010 годзе праведзены маніторынг шэрагу арганізацый Міністэрства культуры: Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Белдзяржфілармоніі, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, ААТ "Белрэстаўрацыя" і іншых з выдачай абавязковых для разгляду рэкамендацый па ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.

 У большасці з правераных арганізацый пытанні аховы працы - на належным узроўні (напрыклад, у Белдзяржфілармоніі, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальнай бібліятэцы). Між тым, у шэрагу арганізацый Мінкультуры мелі месца няшчасныя выпадкі на вытворчасці.

Пры ажыццяўленні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы былі выяўлены арганізацыі, кіраўніцтву якіх трэба больш увагі надаваць пытанням аховы працы. Там не былі створаны камісіі для арганізацыі праверкі ведаў работнікаў па пытаннях аховы працы, не распрацаваны праграмы адпаведнага ўступнага інструктажу, не прысвоена 1-я група па электрабяспецы неэлектратэхнічнаму персаналу, звязанаму з працай, пры якой можа ўзнікнуць небяспека паражэння электрычным токам, адсутнічала неабходная нарматыўная літаратура... У цяперашні час у гэтых арганізацыях выконваюцца мерапрыемствы па ліквідацыі названых парушэнняў.

У рамках Адзінага рэспубліканскага сходу працоўных калектываў па пытаннях аховы працы, які прайшоў у адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Савета ФПБ ад 27.10.2010 № 231 з 15 лістапада па 3 снежня 2010 года, прадстаўнікамі тэхнічнай інспекцыі працы ў арганізацыях сістэмы Міністэрства культуры праведзены падобныя мерапрыемствы. На іх закрануты пытанні строгага выканання заканадаўства аб ахове працы, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, звернута ўвага работнікаў на недапушчэнне фактаў знаходжання на працоўным месцы ў стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення, на абавязковае выкарыстанне спецадзення і сродкаў індывідуальнай абароны.

Мы задаволены тым, што галоўны тэхнічны інспектар працы нашага прафсаюза Д.С. Саколік уключаны ў камісію для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы кіраўнікоў і членаў камісій Міністэрства культуры.

Складзены план праверак на першае паўгоддзе 2011 года, які размешчаны на афіцыйным сайце ФПБ. У дадзены план праверак ўвайшлі наступныя арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству культуры: Палац культуры Маладзечна (люты), Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (красавік), аддзел культуры Лагойскага райвыканкама (май), Цэнтралізаваная сістэма публічных бібліятэк Мінска (чэрвень).

 З 2011 года ў адпаведнасці са зменамі штатнага раскладу, зацверджанага на Прэзідыуме ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і ўзгодненага з ФПБ, для паляпшэння грамадскага кантролю непасрэдна ў рэгіёнах у Мінскую гарадскую арганізацыю нашага прафсаюза, а таксама ва ўсе абласныя арганізацыі (акрамя Брэсцкай абласной) ўведзена штатная адзінка "тэхнічны інспектар працы".

Мы маем намер пастаянна і эфектыўна ажыццяўляць меры, накіраваныя на павышэнне якасці работы тэхнічнай інспекцыі працы, грамадскіх інспектараў па ахове працы і прафсаюзнага актыву. Гатовы пры гэтым правесці адпаведны маніторынг у любой з арганізацый культуры па вашай просьбе з мэтай выяўлення недахопаў у пытаннях стварэння бяспечных умоў працы работнікаў і выпрацоўкі рэкамендацый.

Гатовы таксама ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй удзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўных і галіновых праграм, правядзенні грамадска значных культурных акцый і мерапрыемстваў. Як прыклад - і надалей прымаць удзел у справе адраджэння святыняў і гісторыка-архітэктурных аб'ектаў Беларусі (згадаем уклад прафсаюза ў збор сродкаў для аднаўлення Навагрудскага замка). Варта актыўна прапагандаваць дасягненні краіны шляхам прыцягнення да мерапрыемстваў, якія праводзяцца на яе тэрыторыі, замежных прафсаюзных лідараў, работнікаў культуры і мастацтва, творчых калектываў (па прапанове ЦК Міжнароднае аб'яднанне прафсаюзаў прыняло рашэнне аб правядзенні чарговага пасяджэння ў рамках Міжнароднага фестывалю "Вянок дружбы" ў Бабруйску, куды накіруе за асабісты кошт творчыя сілы многіх краін).

У завяршэнне выступлення дазвольце шчыра падзякаваць вам, паважаныя сацыяльныя партнёры і калегі, за наша добрае супрацоўніцтва і выказаць надзею на далейшае ўзаемаразуменне!

Фота Юрыя ІВАНОВА