Лінія кіно: канкурэнтнае асяроддзе — “чырвоная дарожка”

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Андрэй БЫЧКОЎ, выконваючы абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/308/5291/pic_36.jpg- Дазволю сабе пачаць сваю прамову цытатай з артыкула адной цэнтральнай газеты, якая называецца "Безнаглядная кінастудыя": "...Што вылучае яе як нацыянальную студыю? За доўгія гады існавання не зроблена нічога сур'ёзнага, каб сабраць для кінавытворчасці свае нацыянальныя кадры. Выканаўцы галоўных роляў, у асноўным, - артысты з Масквы. Новыя стужкі беларускай вытворчасці з'яўляюцца на экранах зрэдку, але і тыя, што з'яўляюцца, звычайна прыносяць мала радасці. Сцэнарыі, якія мае студыя, вельмі далёкія ад нацыянальнай тэматыкі або не ўяўляюць вялікай цікавасці па сваёй якасці. Сёлетняе становішча студыі не дае магчымасці да рашаючага ўздыму. Гэта значыць - знайсці дзейсныя меры для таго, каб падняць кінастудыю, вельмі складана..."

Гэта была цытата з газеты "Праўда" ад 2 ліпеня 1936 года...

Відавочна, тыя праблемы ў нацыянальнай кінавытворчасці, якія спрабуюць вырашыць Міністэрства і Дэпартамент па кінематаграфіі, існуюць цягам амаль дзевяці дзесяцігоддзяў існавання нацыянальнага кіно. Каб ліквідаваць усе існуючыя хібы, трэба не проста неяк "прыпудрыцца", а па-сапраўднаму глыбока "капнуць". Задачы, якія мы сёння выконваем, пастаўлены Кіраўніком дзяржавы 9 верасня 2010 года на нарадзе, прысвечанай пытанням развіцця кінематаграфіі. Галоўная з іх - беларускія стужкі перш за ўсё павінны быць запатрабаваны гледачом, а не з'яўляцца адно самавыяўленнем нашых мастакоў-кінематаграфістаў.

У 2010-м у Рэспубліцы Беларусь было створана 12 поўнаметражных мастацкіх карцін, 74 дакументальныя і 7 анімацыйных. За мінулы год кінатэатры краіны наведала амаль 16 мільёнаў гледачоў, тэмпы росту платных паслуг у кінапракаце склалі 131%. Таксама цягам 2010 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравана 15,5 тысяч замежных фільмаў.

У 2010-м працягвалася праца па рэфармаванні нарматыўнаправавой базы ў сферы кінематаграфіі з мэтай прыцягнення ў кінавытворчасць пазабюджэтных сродкаў. Дзяржаўнае фінансаванне вытворчасці мастацкіх стужак, як плануецца, будзе складаць да 70% ад памеру бюджэту кінапраектаў. Намі распрацаваны праект Указа "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферы культуры і некаторых мерах па стымуляванні кінематаграфіі", хуткае прыняцце якога, мы спадзяёмся, дапаможа стварыць ільготы ў сферы кінематаграфіі, установіць парадак кампенсацыі прадзюсарскіх рызык, парадак прадастаўлення льготных крэдытаў на вытворчасць фільмаў, а таксама іншыя стымулы развіцця кінематаграфіі. Падрыхтаваны і ўнесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыяна-льнага сходу праект змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь", якія накіраваны на павышэнне зацікаўленасці вытворцаў стужкі - прадзюсараў - у камерцыйнай паспяховасці кінапраектаў, знятых з дзяржаўнай фінансавай падтрымкай, а таксама на ўтварэнне стымулаў для з'яўлення ў сферы кінавытворчасці прыватных інвестыцый, усталявання інстытута прадзюсіравання.

Цягам усяго часу існавання айчыннага кіно ў нас не назіралася канкурэнцыі між стваральнікамі стужак, таму вышейзгаданыя праблемы і не вырашаліся. Кінавытворчасць ўяўляла з сябе фактычна "асвойванне" дзяржаўных сродкаў. Нягледзячы на існаванне Пратакола даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па вырашэнні гэтых пытанняў, нам давялося пры распрацоўцы Закону пайсці на пэўныя кампрамісы для таго, каб прасунуцца ў распрацоўцы нарматыўных актаў. Для гэтага на пэўны тэрмін было адкладзена стварэнне Фонду падтрымкі кінематаграфіі ды Інстытута кіно.

Хочацца, каб прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта і Савета Міністраў, якія прысутнічаюць на калегіі, падтрымалі нас, таму што тыя, хто стварае стужкі, у тым ліку прадзюсары, вельмі чакаюць гэтых дакументаў. На сваім узроўні мы не можам паўплываць на Міністэрства фінансаў, на тэлеканалы. Калі сітуацыя застанецца ў цяперашнім стане, то развіццё беларускага кіно запаволіцца: вельмі цяжка будзе знаходзіць нават тыя 30% сродкаў, якія патрабуюцца для дафінансавання кінапраектаў. Грошы на кінапраекты могуць даць тэлеканалы, але калі гэтага не адбудзецца, мы зноў будзем глядзець замежныя серыялы з замежнымі акцёрамі.

З 2011 года размеркаванне дзяржаўных сродкаў на вытворчасць стужак будзе праходзіць на конкурснай аснове. Намі ствараецца канкурэнтнае асяроддзе ў кінавытворчасці, распрацоўваецца Палажэнне аб Адкрытым Рэспубліканскім конкурсе на вытворчасць карцін, у якім могуць удзельнічаць як Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", так і нашы тэлеканалы і прадзюсарскія кампаніі.

На сённяшні дзень беларускія фільмавытворцы арыентуюцца на здымкі тэлесерыялаў сумесна з партнёрамі, у тым ліку замежнымі. Да 2012-га будзе створана належная матэрыяльна-тэхнічная база, такім чынам, мы спадзяёмся на пашырэнне падобнага супрацоўніцтва, выхад нашай кінавытворчасці на сучасны ўзровень. Удзел у самых прэстыжных кінафестывалях дазваляе рэкламаваць стужкі майстроў беларускага экрана, удзельнічаць у міжкультурным дыялогу, ствараць пазітыўны вобраз беларускай дзяржавы. Для гэтага ў нас ёсць вельмі якасная дакументалістыка, анімацыйныя фільмы. Спадзяюся, сёлета нашы кінематаграфісты прымуць удзел у кінафестывалі ў Берліне, будзе праведзена акцыя на Канскім кінафестывалі.

Што да айчыннага кінапракату, то патрабаванні да кінапракатных арганізацый нашай краіны ўвесь час павышаюцца. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" прадугледжана пераабсталяванне матэрыяльна-тэхнічнай базы кінапракатных арганізацый. Намі прыняты абласныя праграмы, але іх бюджэт увесь час карэкціраваўся, таму з 130 кінатэатраў у больш-менш адпаведны сучасным патрабаванням стан прыведзены 30. Павелічэнне колькасці глядзельных залаў пад час рэканструкцыі дазволіць больш рацыянальна выкарыстоўваць прастору будынкаў вялікіх кінатэатраў, што таксама прадугледжана праграмамі развіцця кінапракату. За апошнія 10 гадоў чатыры разы змянялася структура кінапракату краіны: у залежнасці ад рэгіёна, існуюць вялікія адрозненні ў арганізацыі кіравання кінапракатам. Кінапракаты Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей падпарадкоўваюцца непасрэдна ўпраўленням культуры аблвыканкамаў, аддзелам культуры; у астатніх абласцях і ў Мінску кінапракатныя ўстановы знаходзяцца пад непасрэдным кіраўніцтвам выканаўчых камітэтаў. Але практыка паказвае, што структура пракату павінна быць адзінай для ўсёй краіны, у тым ліку і для распрацоўкі нарматыўна-прававой базы, - яе нельга рабіць асобна для кожнага рэгіёна. Неабходна распрацаваць і адзіную для ўсёй краіны мадэль кіравання сферай кінапракату.

У 2010 годзе таксама была ўпарадкавана праца Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці.

Спадзяюся, нацыянальнае кіно будзе развівацца паспяхова, і праз пэўны час "чырвоная дарожка" нашых кінафестываляў стане не менш прэстыжнай за "чырвоную дарожку" цырымоніі ўручэння прэміі "Оскар", і беларускія акцёры пройдуць па ёй з трыумфам!

Фота Юрыя ІВАНОВА