З дыктафоннай стужкі

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

У кулуарах выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_19.jpgУладзімір САВІЧ,

старшыня Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь:

- У прыярытэтах Беларускага саюза мастакоў - якасць і колькасць выставак, прадстаўніцтва беларускага мастацтва за мяжой, паляпшэнне іміджа беларускага мастацтва, аб чым казаў міністр. Мы плануем і надалей пашыраць сувязі з замежнымі галерэямі, замежнымі саюзамі мастакоў; не адну хвіліну зараз заняў бы і пералік прапаноў аб супрацоўніцтве з боку нашых калег з замежжа.

У сувязі з гэтым, хацелася б у першую чаргу падрыхтаваць годную пляцоўку для маштабных акцый, а значыць, пэўнага аднаўлення і "рэанімацыі" патрабуе наш Палац мастацтва. Літаральна ўчора атрымала другое жыццё і галерэя Беларускага саюза мастакоў "Беларт". Таксама будзем выкарыстоўваць яе для персанальных і зборных выставак.

Добрым крокам у справе паляпшення іміджа беларускага мастацтва ўжо зараз можна назваць выхад "Каталога беларускага мастацтва", які ўдалося здзейсніць пры дапамозе Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў у Маскве. У выданні прадстаўлена наша выяўленчае мастацтва за апошнія дзесяць гадоў. Праз тыдзень-другі адбудзецца прэзентацыя каталога ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны.  


/i/content/pi/cult/308/5286/pic_20.jpgСяргей БЕРАЗОЎСКІ,

загадчык філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь "Замкавы комплекс "Мір":

- У студзені амаль у два разы ў параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі павялічылася колькасць наведвальнікаў Замкавага комплексу (летась за першы месяц года - 5 000 чалавек, а сёлета па стане на 25 студзеня - ужо 8 500) і значна выраслі прыбыткі (з 12 мільёнаў рублёў да 65-ці).

Да таго ж, на пад'язных шляхах устаноўлены інфармацыйныя ўказальнікі, якія могуць падказаць дарогу айчынным і замежным турыстам. Летась жа быў створаны і ўжо дзейнічае высокапрафесійны сайт у Інтэрнэце па адрасе: http://www.mirzamak.by, які пастаянна абнаўляецца. 

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_21.jpgВалерый АНІСЕНКА,

дырэктар - мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:

- Самае галоўнае, што адбылося для калектыву тэатра летась, - наша 20-годдзе. Мы сустрэлі гэтае свята годна: прэм'ерай спектакля "Сонечка" - яшчэ адной версіяй "Злачынства і пакарання" Фёдара Дастаеўскага, якую напісала Алена Папова. Круглая дата - нагода падвесці пэўныя вынікі, дык вось: я ганаруся нашай таленавітай маладой трупай, яе ўзроўнем прафесіяналізму.

Што да планаў на бягучы год, дык нас чакаюць гастролі, у тым ліку за мяжой, і новыя пастаноўкі беларускіх аўтараў. Тыя, хто запэўніваюць у малой колькасці драматургічных талентаў на Беларусі, не маюць рацыі. Тым, хто сцвярджае пра адсутнасць нацыянальнай драматургіі, раю паглядзець нашу афішу: 75% рэпертуару складаюць творы айчынных аўтараў. Пры РТБД паспяхова працуе Цэнтр беларускай драматургіі, і мы спадзяёмся, што гэты год адкрые для нас імёны новых айчынных творцаў. 

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_22.jpgЛюдміла ЛЕБЕДЗЬ,

галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

 - Калегія - выніковая, таму мы сёння таксама згадваем, што здолелі зрабіць за год... Я курырую клубную справу і народную творчасць. Дык вось, летась працягвалася актывізацыя работы клубнай сеткі і ўвогуле ўстаноў культуры. Лічу, што на сёння гэтая сетка - аптымальная, дазваляе вынікова абслугоўваць усе катэгорыі насельніцтва.

 Год быў насычаны. Вобласць прымала Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, Рэспубліканскі фестывалькірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі", было праведзена шмат абласных, рэгіянальных святаў. Як падаецца, добра папрацавалі мы і над канчатковай рэалізацыяй Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла: на Гродзеншчыне з'явілася восем сельскіх Дамоў рамёстваў, што дазваляе поўнамаштабна адраджаць і развіваць народную творчасць. Асноўная сённяшняя задача (яе актуальнасць адзначана і на дадзенай калегіі) - павышэнне якасці мерапрыемстваў. Больш увагі мяркуем надаваць маладзёжнай аўдыторыі.

У планах - стварэнне маладзёжных цэнтраў. Прадоўжыцца, натуральна, сістэмная работа з гісторыка-культурнай спадчынай. Сярод вядучых аб'ектаў - Навагрудскі замак. Будзе аднаўляцца і Каложская царква.

 

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_25.jpgНаталля ШАРАНГОВІЧ,

дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва:

- Сярод знакавых падзей, што прайшлі ва ўстанове цягам мінулага года, назаву, найперш, выстаўку "Зямля пад белымі крыламі". Я вельмі рада, што наш музей прыняў удзел у гэтай акцыі, прадэманстраваў развіццё беларускага канцэптуальнага мастацтва на сённяшні дзень. Другая акцыя, якую лічу вельмі ўдалай, - мы распачалі паказ твораў андэграунда - той плыні, якая была практычна пакінута па-за ўвагай нашымі мастацтвазнаўцамі, бо амаль не прадстаўлена ў фондасховішчах айчынных музеяў.

У працяг тэмы, мы сёлета плануем прадэманстраваць апошні прыжыццёвы праект Людмілы Русавай, прычым не збор твораў, а менавіта праект, што не паспеў пабачыць свет пры яе жыцці.

Зразумела, самым смелым праектам будзе беларускі ўдзел у Венецыянскай біенале. Наш музей з'яўляецца галоўным арганізатарам беларускай экспазіцыі. Спадзяюся, гэта будзе вельмі цікавы сучасны праект.


/i/content/pi/cult/308/5286/pic_31.jpgАнатоль СІНКАВЕЦ,

начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама:

- Хачу зазначыць галоўнае: Дзяржаўная галіновая праграма, зацверджаная на ўзроўні Урада, - дзелавая, ёмістая, усебаковая, і наша найпершая задача - якасна яе рэалізаваць. Распачалася новая пяцігодка, пастаўлены новыя задачы. Змест Дзяржпраграмы "Культура Беларусі" насычаўся па канкрэтных прапановах кожнай з абласцей.

На наш погляд, адным з надзённых клопатаў тут з'яўляецца захаванне і прымнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны. Як вядома, у Кіраўскім раёне адраджаецца Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль. Адно з выязных пасяджэнняў калегіі Міністэрства культуры мы зможам прыняць у гэтым палацы ўжо напрыканцы 2011 года. Першы этап аднаўлення ансамбля заканчваецца. 

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_32.jpgІрына КАНАПЕЛЬКА,

начальнік аддзела культуры адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада Мінска:

- Вельмі прыемна было сёння пачуць і пабачыць аднадумцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Наш раён - досыць спецыфічны, бо самы вялікі ў сталіцы. Тут будуецца шмат жылля, а сярэдні ўзрост жыхароў не нашмат перавышае 30 гадоў. Таму ладзім шмат конкурсаў па развіцці творчых здольнасцей мінчан.

Словам, творчых сіл у раёне дастаткова, але Палаца ці Дома культуры з глядзельнай залай пакуль няма - мерапрыемствы праходзяць на адкрытых пляцоўках. У планах забудовы мікрараёнаў "Сухарава", "Масюкоўшчына", "Каменная Горка" прадугледжана ўзвядзенне аб'ектаў культуры. Таму спадзяёмся, што неўзабаве праблема вырашыцца, тым болей, што ў красавіку Фрунзенскаму раёну - 60 гадоў. 

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_30.jpgАнатоль АКУШЭВІЧ,

начальнік упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта:

- 2011-ы вельмі важны таксама і для нашай вобласці. У рамках падрыхтоўкі да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011" у Маладзечне і Маладзечанскім раёне плануецца адрамантаваць 13 аб'ектаў культуры! Таксама сёлета ў Маладзечне плануецца правесці адзін з этапаў фестывалю "Спеўнае Поле" і, натуральна, Нацыянальны фестываль песні і паэзіі.

У першым паўгоддзі 2011-га скончым рамонт у Мар'інагорскай ДШМ, будзем рамантаваць і завяршаць работы ў раённых дамах культуры ў Стоўбцах і Беразіне. Створана праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне новага будынка РДК ва Уздзе, і сёлета там распачнуцца будаўнічыя работы. Такім чынам, планаў у нас вельмі шмат, і я ўпэўнены, што ўсе яны ажыццявяцца.

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_33.jpgКанстанцін ПАНІМАШ,

начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама:

- Цягам 2010 года гісторыя раённай культуры папоўнілася некалькімі значнымі падзеямі. На Пружаншчыне прайшла выязная калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, члены і ўдзельнікі якой наведалі палацава-паркавы ансамбль у гарадскім пасёлку Ружаны. Таксама адкрыўся ўсходні флігель гэтага комплексу, дзе ўжо ладзяцца экскурсіі і дзейнічае экспазіцыйная зала, а 15 лютага адкрые свае дзверы выставачная зала - наш гонар і своеасаблівае люстэрка мясцовай культуры.

Мы годна завяршылі Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця сяла, на рэалізацыю якой за пяцігодку было выкарыстана больш за 23 мільярды рублёў. На калегіі прагучала думка аб тым, што гісторыкакультурная спадчына - іміджаўтваральная, яна павінна даваць духоўную і эканамічную аддачу. Таму сёлета аддзел плануе здаць у эксплуатацыю заходні флігель Ружанскага палаца - гэта галоўная наша задача. Работы ўжо распачаты. Тэрмін здачы - 1 лістапада бягучага года.

Будзе завершана і ўязная брама, якая разам з флігелямі ужо сёлета парадуе адмысловым выглядам шматлікіх турыстаў. Другая неадкладная задача - далейшае развіццё маланаселеных і аддаленых вёсак. Тамтэйшыя ўстановы культуры мы плануем якасна пераўтварыць, надаўшы творчаму складніку іхняй дзейнасці самы інавацыйны змест.

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_38.jpgІрына МІРОНЫЧАВА,

начальнік аддзела культуры Мазырскага райвыканкама:

- Сёлета мы працягваем умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. У аграгарадках распачата мадэрнізацыя нашых аб'ектаў. Пад мадэрнізацыяй маю на ўвазе далейшае "акультурванне" ўстаноў, удасканаленне творчай працы.

Сёння мае калегі з усёй рэспублікі з трыбуны калегіі і кулуарна неаднаразова казалі пра важнасць інавацыйнасці ў абслугоўванні насельніцтва. Мы заўжды ў Мазырскім раёне прытрымліваліся гэтага курсу. Ужо цяпер актыўна рыхтуемся да чарговага, VІІ Міжнароднага фестывалю юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі", што пройдзе ў красавіку 2011 года. Да нас прыедуць выканаўцы з самых шматлікіх куткоў свету.

Для аддзела культуры Мазырскага райвыканкама гэта асноўнае сёлетняе мерапрыемства. Зробім усё для таго, каб прайшло яно, як і заўжды, на самым высокім творчым і арганізацыйным узроўні. 

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_39.jpgЮрый ГІЛЬДЗЮК,

мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі:

- Мяне вельмі радуе тэндэнцыя адраджэння фестываляў. Летась у Мінску прайшлі і Першы Міжнародны фестываль Уладзіміра Співакова, і V Міжнародны фестываль Юрыя Башмета... Мне здаецца, што фестывальны рух вельмі садзейнічае развіццю нашага мастацтва, і таму я толькі вітаю тыя форумы, якія прыцягваюць увагу да нашай прафесійнай музычнай выканальніцкай школы, нашых маладых выканаўцаў, нашых аркестраў - Дзяржаўнага сімфанічнага, камернага, - нашых хораў...

На маю думку, менавіта падобныя мерапрыемствы дапамагаюць нашым маладым талентам, беларускім выканаўцам класічнай сцэны раскрыцца, заявіць пра сябе на ўвесь свет, тым самым ствараючы станоўчы імідж нашай культуры. Таму ад колькасці падобных форумаў не хацелася б адмаўляцца. 

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_40.jpgУладзімір ШЭЛЯГОВІЧ,

начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама:

- За пяць гадоў у рамках рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла шмат зроблена для таго, каб СДК раёна займелі папраўдзе новае, больш якаснае жыццё. Гэта Псышчава, Моталь, Тышкавічы, Снітава, іншыя паселішчы Іванаўшчыны. Дзякуючы Дзяржпраграме мы змаглі закупіць у аграгарадоцкія дамы культуры шмат новай гукаўзмацняльнай, светлавой, музычнай, камп'ютарнай апаратуры...

У планах на 2011 год - адкрыццё музычнай школы ў Яечкавічах, вядуцца поўным ходам работы па аднаўленні сядзібы Напалеона Орды ў Чырвоным Бары, у раённым музейным комплексе. Плануем сёлета рэканструяваць Музей народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна. Яшчэ адна навіна датычыцца музея ў Моталі: мы выкупілі будынак, які знаходзіцца побач з установай культуры, і плануем размяшчаць у ім музейныя экспанаты.

А іх у нас даволі шмат, бо вакол гэтага паселішча знойдзена 24 стаянкі эпохі неаліту, па выніках раскопак якіх мы маем 14 тысяч экспанатаў. Так што, упэўнены, турысты ў Моталі будуць бываць часцей.

 

/i/content/pi/cult/308/5286/pic_45.jpgАлег МАЦВЯЙЧУК,

начальнік аддзела культуры Шумілінскага райвыканкама:

- Будзем працягваць работу па ўдасканальванні кадравай палітыкі. Сённяшняе пасяджэнне калегіі Мністэрства культуры чарговы раз пацвердзіла, што пытанне гэтае - адно з найважнейшых у нашай творчай справе. Менавіта прафесіяналы, людзі неабыякавыя і крэатыўныя, здольны забяспечыць выніковую, сапраўды запатрабаваную дзейнасць устаноў культуры ў горадзе і на сяле. Няма сумневу, што платная паслуга павінна быць паўнацэннай - цікавай і якаснай.

На гэта і звернута раённая сістэма кадравай вучобы. Не менш актуальнай застаецца і далейшая камп'ютарызацыя сельскіх бібліятэк, умацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў культуры. Шмат зроблена ў гэтым плане, шмат робіцца. У вёсцы Крывое Сяло адкрываецца новы цудоўны клуб, прызначаны для адпачынку літаральна ўсіх узроставых катэгорый насельніцтва.


/i/content/pi/cult/308/5286/pic_50.jpgСвятлана КАЗЛОВА,

начальнік аддзела культуры Кармянскага райвыканкама:

- На Кармяншчыне створаны тры сельскія філіялы Кармянскай ДШМ, раённы Музей Панцеляймона Лепяшынскага, будзем адкрываць у гэтай установе культуры яшчэ тры залы. Створым сёлета раённы Дом рамёстваў, бо народных умельцаў на Кармяншчыне - больш за сто чалавек. Таксама на гэты год запланавана рэканструкцыя гарадской школы мастацтваў.