“Упершыню”. Даведнік гадавога крэатыву

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/308/5284/pic_15.jpg- Як было адзначана, 2010 год стаў адметным у дзейнасці Міністэрства культуры: новыя падыходы, ідэі, праекты, мерапрыемствы, тое, што адбылося ў сферы культуры ў гэтым годзе і можа быць вызначана словам "упершыню". У сувязі з гэтым дазвольце мне прадставіць тое, што было намі зроблена.

З наданнем новага выгляду традыцыйным міжнародным фестывалям "Славянскі базар у Віцебску", "Лістапад", "Беларуская музычная восень" адначасова з'явіліся і цікавыя новыя форумы - "Уладзімір Співакоў запрашае" і этнакультурных традыцый "Покліч Палесся".

Трэба адзначыць новы маштабны праект - рэспубліканскую і абласныя выстаўкі выяўленчага мастацтва "Зямля пад белымі крыламі". Мэтай іх было - прааналізаваць стан нашага выяўленчага мастацтва. Мінулы год праходзіў пад знакам 80годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Мы адзначылі яго шэрагам цікавых акцый, сярод якіх- выданне кнігі "Дзікае паляванне караля Стаха" на чатырох мовах. У бліжэйшы час Міністэрства культуры плануе ажыццявіць прэзентацыю кнігі ў Расіі, Украіне, Вялікабрытаніі і іншых замежных краінах. Паводле дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Украіны, ужо створаны і знаходзіцца ў Кіеве помнік Уладзіміру Караткевічу, які мы плануем адкрыць у бягучым годзе.

 Ініцыятыўнымі праектамі Міністэрства, скіраванымі на актывізацыі творчых падыходаў, з'яўляюцца заснаваныя рашэннямі Урада "Нацыянальная тэатральная прэмія" і "Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва".

2010 год даў старт новай традыцыі - правядзенню ў Нясвіжскім замку Радзівілаў на пастаяннай аснове оперна-сімфанічных праектаў. Першымі крокамі на гэтым шляху сталі паказ нашым Вялікім тэатрам оперы і балета спектакля "Чужое багацце нікому не служыць" і канцэрта оперных спевакоў.

Неардынарнымі праектамі сталі "Ноч музыкі" ў Белдзяржфілармоніі з удзелам айчынных і замежных выканаўцаў і Навагодні Баль у Вялікім тэатры.

Рэалізаваны і новыя праекты, на якія не былі выкарыстаны бюджэтныя сродкі, - гэта "Тэатральны тыдзень з Белгазпрамбанкам", Калядны оперны форум.

Для нас таксама важнай з'яўляецца падтрымка прыватных культурных устаноў. Упершыню прафінансавана пастаноўка Сучаснага мастацкага тэатра ў Мінску, які прадставіў спектакль "Мінск, я люблю цябе!" па творах беларускіх маладых аўтараў у пастаноўцы беларускіх маладых рэжысёраў.

Па ініцыятыве Міністэрства створаны Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў. Яго дзейнасць будзе звязана з рэалізацыяй перспектыўных тэатральных праектаў. Цэнтр будзе выконваць таксама функцыі дырэкцыі розных фестывальных праектаў: "Лістапад", "Залатая маска ў Беларусі" і іншых.

Вядзецца праца па стварэнні ў Мінску Цэнтра сучаснага мастацтва, а таксама Музейнага квартала і Рэспубліканскага рэстаўрацыйнага цэнтра на базе Нацыянальнага мастацкага музея.

У 2010 годзе прыкметна павялічылася колькасць культурных мерапрыемстваў. Гэта патрабуе пашырэння кола кваліфікаваных спецыялістаў - рэжысёры-пастаноўшчыкі, гукарэжысёры, мастакі па асвятленні, аранжыроўшчыкі, - а таксама- развіцця новых творчых ідэй, выка-рыстання новых тэхналогій. Неабходна прыцягваць да стварэння творчых праектаў маладых спецыялістаў, планаваць іх стажыроўку. Значную ролю ў гэтым працэссе павінна адыграць дзяржаўная ўстанова адукацыі "Інстытут культуры Беларусі", Беларускі дзяржаўны інстытут культуры і мастацтваў, акадэміі мастацтваў і музыкі, а таксама ўпраўленні культуры абласцей і горада Мінска.

Прыярытэтным накірункам з'яўляецца для нас і падтрымка беларускіх аўтараў, нацыянальнага музычнага мастацтва, аб чым гаварылася і на чарговым З'ездзе Беларускага саюза кампазітараў у лістападзе 2010 года. Беларуская музыка ўвесь час гучала ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга на мерапрыемствах ў Заслаўі, Міры, Мсціславе, Нясвіжы, Пінску, Тураве, Чачэрску і іншых малых гарадах Беларусі.

Праведзены канцэрты з твораў беларускіх аўтараў у рамках фестывалю "Беларуская музычная восень" і XV З'езда Беларускага саюза кампазітараў. У Новасібірску пастаўлена опера Сяргея Картэса "Мядзведзь". Прэзідэнцкім аркестрам у Берліне была прадстаўлена прэм'ера твора Галіны Гарэлавай.

Цікавымі падзеямі адзначаны мінулы год і ў сферы міжнародных культурных сувязей. Упершыню за гісторыю суверэнных двухбаковых адносін у Беларусі з поспехам праведзены Дні культуры Сірыі і Туркменістана.

Цягам паўгода з 1 красавіка па 31 кастрычніка 2010-га на Сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2010" у Шанхаі для жыхароў і гасцей Кітайскай Народнай Рэспублікі былі адкрыты дзверы Нацыянальнага павільёна Беларусі. На працягу працы экспазіцыі творчыя калектывы з ўсіх рэгіёнаў нашай краіны дарылі гледачам часцінку цеплыні беларускай душы і добры настрой. Дазвольце сёння выказаць падзяку ўсім, хто прымаў удзел ў падрыхтоўцы і правядзенні культурных мерапрыемстваў у Кітаі.

Разам з тым, належыць звярнуць увагу на неабходнасць больш актыўнага экспарту беларускай культуры за мяжу.

Работа, накіраваная на прапаганду за мяжой дасягненняў нацыянальнай культуры і пашырэнне прысутнасці ў замежных краінах, можа ажыццяўляцца шляхам: актыўнага выкарыстання электронных СМІ для прасоўвання сваіх творчых прапаноў; удасканалення інфармацыйнай падтрымкі творчых калектываў пры выездзе за мяжу; забеспячэння творчых калектываў высакаякаснай рэкламнай прадукцыяй; стварэння (на базе абласных філармоній) банкаў даных аб буйных міжнародных фестывалях, аб замежных прадзюсарскіх цэнтрах і імпрэсарыа для дапамогі калектывам у пошуку і выбары замежных партнёраў; больш шырокага выкарыстання магчымасцей дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой; пашырэння практычных культурных сувязей з краінамі Еўрапейскага саюза і сумежнымі дзяржавамі, удзелу ўстаноў культуры ў міжнародных праграмах і праектах. У вырашэнні гэтых пытанняў значную ролю могуць адыграць абласныя выканаўчыя камітэты, выкарыстоўваючы свае магчымасці па матэрыяльным і тэхнічным забеспячэнні калектываў пры арганізацыі замежных паездак.

Абласныя выканаўчыя камітэты могуць таксама садзейнічаць распаўсюджванню неабходнай інфармацыі аб захаванні і рэстаўрацыі найважнейшых гісторыка-культурных каштоўнасцей сярод патэнцыйных замежных спонсараў, у тым ліку - этнічных беларусаў.

У 2010 годзе Кіраўніком краіны падпісаны Указ аб парадку фінансавання тэатральна-відовішчных устаноў. Увядзенне новага падыходу накіравана на паляпшэнне сітуацыі з фінансаваннем тэатраў і канцэртных арганізацый, на стварэнне эканамічнай зацікаўленасці тэатраў і філармоній у зараблянні пазабюджэтных сродкаў, каб дадаткова павышаць заробкі артыстаў, ажыццяўляць гастролі і інш.

Вынікам настойлівых намаганняў Міністэрства з'яўляецца адмена на рэспубліканскім узроўні давядзення прагнозных параметраў па платных паслугах культуры.

Згодна з Указам Прэзідэнта "Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў" з 1 студзеня 2011 года спрошчаны працэс арганізацыі і правядзення канцэртаў і спектакляў, адменена сістэма выдачы так званых гастрольных пасведчанняў, упершыню створаны ўмовы для развіцця сістэмы рэалізацыі білетаў праз сетку Інтэрнэт.

У бліжэйшы час будзе прыняты нарматыўны акт па стварэнні апякунскіх саветаў пры арганізацыях культуры, што паспрыяе развіццю мецэнацтва і спонсарства для ўстаноў культуры нашай сферы.

Адбыліся значныя дасягненні ў прафесійным тэатральным мастацтве.

Тэатры рэспублікі працягвалі працу па пастаноўцы новых спектакляў. Сапраўднай падзеяй культурнага жыцця краіны сталі спектаклі: "Не мой" па А.Адамовічы і "Translations" Б.Фрыла ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы, "Пане Каханку" А.Курэйчыка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, "Інфляцыя пачуццяў" М.Рудкоўскага ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, "Шчасце Лізы і Ягора" Г.Марчука ў Мазырскім драматычным тэатры імя І.Мележа.

Нягледзячы на тое, што тэатральная афіша для дзяцей у 2010 г. таксама папоўнілася новымі спектаклямі, адчуваецца дэфіцыт яркіх пастановак і літаратурнага матэрыялу для дзіцячай аўдыторыі.

Значнымі падзеямі культурнага жыцця рэгіёнаў сталі прэм'еры спектакляў па матэрыялах беларускай класікі, п'есах сучасных беларускіх драматургаў у Мінскім абласным драматычным тэатры, Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча і інш.

У той жа час, хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу на больш актыўную пастаноўку рэгіянальнымі тэатрамі спектакляў паводле твораў беларускіх аўтараў, тым больш што сёлета мы святкуем 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, а ў 2012-м - 130-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. Так, у планах 2011 года ў Мінскім абласным драмтэатры з 4-х прэм'ер плануецца паставіць толькі 1 па беларускіх творах; у Палескім драматычным тэатры (Пінск) з 9-і - 5; у Гомельскім аблдрамтэатры з 6-і - 1; у Мазырскім драмтэатры з 4-х - 1; у Гродзенскім аблдрамтэатры з 7-і - 1; Магілёўскім драмтэатры з 4-х - 1. У Гомельскім маладзёжным тэатры беларуская драматургія ўвогуле ў планах адсутнічае. Творы сучасных беларускіх драматургаў у пастановачных планах рэгіянальных тэатраў таксама выкарыстоўваюцца вельмі і вельмі рэдка.

Адначасова неабходна звярнуць увагу на выкананне заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах. Так, напрыклад, у Мінскім абласным драматычным тэатры пастаўлена камедыя К.Крапівы, аднак да сённяшняга дня кантакты з нашчадкамі К.Крапівы не аформлены належным чынам.

На пастаноўку новых спектакляў па дзяржзаказе ў 2010 г. Міністэрствам культуры было выдзелена з рэспубліканскага бюджэту каля 500 млн. рублёў. А ў 2011-м упершыню запланаваны значныя сродкі на новыя пастаноўкі. Не хачу называць канкрэтныя лічбы, але ўпэўнены, што вельмі хутка вы гэта адчуеце самі.

Дзяржаўныя тэатры актыўна гастралявалі і прымалі ўдзел у міжнародных фестывалях. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы ў рамках Міжнароднага Чэхаўскага фестывалю ажыццявіў сусветнае гастрольнае турнэ са спектаклем "Вяселле" паводле А.Чэхава: Азербайджан - Францыя - Іспанія. З пастаноўкай "Пінская шляхта" В.І. Дуніна-Марцінкевіча тэатр гастраляваў у Польшчы і Літве.

Дзякуючы актыўнай гастрольнай дзейнасці дзяржаўных тэатраў Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе нацыянальнае тэатральнае мастацтва розных жанраў было прадстаўлена ў 19 краінах свету. 21 тэатр прыняў актыўны ўдзел у гастролях па рэспубліцы і за мяжой.

У 2010 годзе адбыліся тэатральныя фестывалі і форумы, якія зрабілі яркім і насычаным культурнае жыццё рэспублікі. У сакавіку ў Магілёве прайшоў Міжнародны маладзёжны форум "М.@rt-кантакт", дзе прынялі ўдзел тэатры з 6 краін. У маі адбыўся VI Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек з удзелам тэатраў з Бельгіі, Польшчы, Латвіі, Славеніі, Расіі, Украіны, Эстоніі.

У верасні ў Брэсце прайшоў Міжнародны тэатральны фестываль "Белая Вежа", прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння А.П. Чэхава. У ім удзельнічалі тэатральныя калектывы з 21 краіны свету.

Плённым быў мінулы год і ў калектыву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Рэпертуарную афішу ўзбагацілі новыя сцэнічныя пастаноўкі, кожная з якіх выклікала цікавасць гледачоў і спецыялістаў: прэм'еры опер "Набука" Дж.Вердзі, "Тоска" Дж.Пучыні, балета "Трыстан і Ізольда" Р.Вагнера. Да 200-годдзя Ф.Шапэна быў пастаўлены балет "Шапэніяна".

 Оперная трупа са сваімі спектаклямі гастралявала ў Бельгіі, Нідэрландах, Эстоніі, балетныя спектаклі паказаны ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Егіпце, Італіі, Кітаі, Мексіцы, сімфанічны аркестр гастраляваў у Іспаніі.

Пашыралі дыяпазон форм абслугоўвання насельніцтва і дзяржаўныя канцэртныя арганізацыі. Амаль усе творчыя калектывы і выканаўцы актыўна прынялі ўдзел у грамадскакультурнай акцыі "Беларусь - гэта мы!", якая прайшла па ўсёй краіне і завяршылася ў снежні вялікім маладзёжным канцэртам у г. Мінску. У рамках акцыі адбылося больш за 100 канцэртаў.

З мэтай далейшага развіцця беларускага музычнага мастацтва штогод Міністэрствам культуры набываюцца творы беларускіх кампазітараў. У 2010 г. па дзяржаўным заказе набыта каля 180 арыгінальных твораў, аранжыровак і аркестровак для нацыянальных і акадэмічных калектываў на суму каля 170 млн. рублёў.

Пад час фестываляў "Беларуская музычная восень", "Мінская вясна" ў Белдзяржфілармоніі традыцыйна адбыліся прэм'еры новых сачыненняў, прагучалі вядомыя творы кампазітараў у выкананні вядучых салістаў і калектываў рэспублікі. Дзяржаўны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны аркестр, Акадэмічная капэла імя Р.Шырмы, ансамбль салістаў "Класік-Авангард" і іншыя калектывы актыўна папулярызуюць беларускае музычнае мастацтва не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Уражвае спіс твораў і новых беларускіх праграм, якія падрыхтаваў за гэты час Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга: 27 новых тэматычных канцэртных праграм, праведзена 15 фестываляў у раённых гарадах амаль усіх абласцей краіны.

У рэспубліцы склалася пэўная сістэма дзяржаўнай падтрымкі беларускага выяўленчага мастацтва.

Адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці Міністэрства культуры з'яўляецца набыццё твораў мастакоў для фарміравання Музейнага фонду рэспублікі. У 2010 г. набыта твораў на суму каля 200 млн. рублёў, за кошт фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва - на суму 180 млн. рублёў. Але ж актуальнай застаецца праблема падтрымкі мастакоў у рэгіёнах праз удзел у ажыццяўленні дзяржаўнага заказу, праз набыццё іх твораў для ўстаноў культуры рэгіёнаў, праз максімальнае памяншэнне арэнднай платы за творчыя майстэрні.

Шмат зроблена з мэтай годнага прадстаўлення беларускага мастацтва за мяжой. У 2010 г. дэманстраваліся выстаўка графікі ў Казахстане, Венгрыі, выстаўка маладых мастакоў у Маскве, выстаўка фотамастакоў у Кіеве, выстаўка сучасных беларускіх мастакоў у АбуДабі (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты).

У 2010 г. адкрыты помнік Героям вайны 1812 г. у Полацку, надмагільны помнік народнаму артысту Беларусі В.Сідараву.

У планах Міністэрства культуры на 2011-ы - правядзенне Рэспубліканскай выстаўкі манументальнага мастацтва, якая павінна прадэманстраваць найлепшыя дасягненні ў гэтай галіне мастацтва за апошнія гады. Міністэрства актыўна займаецца падрыхтоўкай удзелу Беларусі ў 2011 годзе ў прэстыжных міжнародных праектах - Біенале ў Венецыі, а таксама Квадрыенале ў Празе.

Канешне ж , у нас шмат поспехаў, але існуюць і праблемы. Адным з недахопаў у нашай дзейнасці з'яўлялася адсутнасць адпаведнай прагнозна-аналітычнай работы ў сферы культуры, якая давала б магчымасць аналізаваць сітуацыю ў культуры, рабіць параўнальны аналіз, карыстацца досведам нашых суседзяў, іншых краін свету і выпрацоўваць прапановы па далейшым развіцці галіны.

Паважаныя калегі! Сучасная сітуацыя ставіць шмат задач перад прафесійным мастацтвам краіны. Найпершая з іх - захаваць і прымножыць высокі творчы і інтэлектуальны патэнцыял нашай культурнай эліты, падтрымліваць высокі ўзровень і нацыянальную адметнасць мастацкіх школ, каб годна прадстаўляць краіну ў свеце.

Фота Юрыя ІВАНОВА