“Нарадзіць Песню і Неўміручасць...”

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

З выступлення міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла ЛАТУШКІ

/i/content/pi/cult/308/5283/pic_14.jpg- Роўна тыдзень таму ў гэтай зале адбылося першае пасяджэнне Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў нашай краіны. Рэспубліканскі савет створаны з мэтай больш шырокага ўдзелу творчай iнтэлiгенцыi і вядучых дзеячаў культуры краіны ў ажыццяўленні дзяржаўнай культурнай палітыкі.

Рэспубліканскі савет акрэсліў для разгляду найбольш важныя праблемныя пытанні развіцця нашай культуры.

На працягу 2011 года мы плануем абмеркаваць праблематыку ролі культуры ў выхаванні асобы, пытанні аховы гісторыкакультурнай спадчыны, у перспектыве плануецца звярнуць увагу на пытанні падтрымкі творчай моладзі, развіцця кінамастацтва, ролі грамадскіх арганізацый у развіцці культуры і мастацтва, распрацоўцы комплексу прапаноў па падтрымцы беларускай мовы і літаратуры, прадстаўлення культуры Беларусі за мяжой.

Сёння ў гэтай зале сабраліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны, якія працуюць на карысць развіцця сферы культуры Беларусі. Думаю, што ў гэтай аўдыторыі ёсць абсалютнае разуменне таго, што сёння культура з'яўляецца дзейсным інструментам духоўнага выхавання грамадзян нашай дзяржавы, што беларуская культура застаецца самабытнай, мае багатую спадчыну, шмат таленавітых мастакоў, музыкантаў, акцёраў, режысёраў, выканаўцаў.

Наш класік Уладзімір Караткевіч, юбілей якога мы шырока адзначалі ў мінулым годзе, у "Памяці Зямлі беларускай" прароча прамовіў: "...Ніколі не аддзяляць сябе ад культуры і самаахвярна ствараць яе, якія б перашкоды ні ўставалі на шляху. Стварыць непаўторны фальклор і - яшчэ больш як тысячу гадоў таму - бібліятэкі і першымі ў свеце надрукаваць кнігу ў перакладзе на родную, беларускую мову. I не перарываць ані на год той стыхіі, плыні той вялікай ракі, якая валадарыць чалавечым сумленнем і душамі і якой імя - літаратура. Шанаваць памяць яе дзеячаў, ствараць на месцах, дзе яны нарадзіліся і дзе паэзія нарадзілася ў іхніх душах, запаведнікі - хай то будзе палац або звычайная бедная сялянская хата. I там, і там калыска можа нарадзіць Песню і Неўміручасць. Няма такой сілы, каб годна апець рукі тыя, што ствараюць памяць у рэчах: наша чароўнае шкло і кераміку, тканіны і кафлі, рэчы з металу і скуры, непаўторныя старадаўнія жывапіс і скульптуру. I дойлідства. Вясёлку Каложы, пабудаваныя са святла Камянецкую вежу і Спас-Ефрасінню, суровыя камяні замкаў - і адметную, тыпова беларускую готыку (Мір, Навагрудак). I барока, пышнае, як лотас, і класіцызм. I непаўторнае драўлянае дойлідства, роўнага якому цяжка знайсці. Тое, калі звычайная мужыцкая сякера можа паспрачацца з разцом Фідзія".

Гэта словы асобы, якая стварае гонар нашай культурнай спадчыны, з'яўляецца сумленнем нацыі.

Беларуская культура з'яўляецца часткай агульнаеўрапейскай культурнай прасторы, яна ўносіць важкі ўклад у сусветную культуру.

Адметнасць беларускай культуры - у яе еўрапейскасці, а еўрапейскасць падкрэслівае яе беларускасць. Унікальнасць нашай культуры створана ўвабранымі ў сябе традыцыямі, назапашанымі нашым народам. Мы ўзбагаціліся культурнымі здабыткамі нашых суседзяў з Усходу і Захаду і стварылі свой уласны падмурак.

Падмурак мінулага нашай культуры акрэслівае ўзровень развіцця беларускай нацыі, што дае нам падставы і, адначасова, абавязак будаваць сённяшнюю сучасную культуру ў непарыўным развіцці.

2010-ы стаў фінальным годам рэалізацыі шэрагу пяцігадовых дзяржаўных рэспубліканскіх і галіновых праграм - асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльнаэканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 - 2010 гады, задач, вызначаных Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла на 2005 - 2010 гады, Комплекснай праграмы развіцця сферы паслуг у Рэспубліцы Беларусь, Дзяржаўнай праграмы "Памяць Беларусі", праграмы "Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 - 2010 гг.", а таксама праграмы "Развіццё музейнай справы на 2005 год і на перыяд да 2010 года", Праграмы інфарматызацыі галіны культуры на перыяд да 2010 года, Праграмы рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання дзяржаўных тэатраў Рэспублікі Беларусь на 2004 - 2010 гады.

Дзякуючы значнай падтрымцы Прэзідэнта і кіраўніцтва краіны вынікам развіцця культуры за апошні перыяд сталі: пастаянная ўзрастаючая сетка музеяў, тэатраў і прафесійных калектываў, стабілізаваўшаяся сетка клубаў і бібліятэк, шырокі каляндар самых разнастайных фестываляў, аглядаў, выставак, рост навуковага патэнцыялу навучальных устаноў культуры і мастацтва, павелічэнне кантынгенту дзіцячых школ мастацтваў усіх тыпаў, узнікненне новых напрамкаў у развіцці тэатра, жывапісу і іншых мастацтваў, актыўная падтрымка дзяржавай таленавітай моладзі, значная колькасць фестываляў, конкурсаў, аглядаў, выставак, святаў мастацтваў, актыўны і паспяховы ўдзел прадстаўнікоў мастацтва краіны ў міжнародных конкурсах і фестывалях.

Галоўнае - культурны патэнцыял нацыі за гэтыя гады быў захаваны і прымножаны.

Але культура - гэта жывы арганізм, і ён патрабуе новых захадаў, як па вырашэнні існуючых праблем, так і новых падыходаў да развіцця сферы культуры. Таму неабходна прызнаць, што ў культуры павінен наступіць чарговы этап развіцця.

Хацеў бы звярнуцца да наступных выступоўцаў з прапановай: пры аналізе выканання вышэйзгаданых рэспубліканскіх і галіновых праграм асаблівую ўвагу звярнуць на неабходнасць выпрацоўкі новых падыходаў, прапаноў і ініцыятыў, якія маглі б стаць новым штуршком для развіцця сферы культуры і мастацтва краіны. Неабходны глыбокі аналіз існуючых праблем і акрэсленне задач перад Міністэрствам, упраўленнямі культуры ў рэгіёнах, іншымі дзяржаўнымі органамі кіравання - толькі ў гэтым выпадку мы можам гарантаваць выніковасць нашай сённяшняй калегіі.

Адным з інструментаў, які забяспечыць далейшае развіццё сферы культуры, з'яўляецца прыняцце, упершыню - на ўрадавым узроўні, Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады. Праграма павінна стварыць чарговы падмурак для вырашэння пытанняў далейшага развіцця нашай культуры. Праграма накіравана на вырашэнне найбольш актуальных праблем культурнага развіцця краіны. Мэтай яе з'яўляецца павышэнне сацыяльнай і эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання сферы культуры.

Яна ўключае 10 раздзелаў, якія адпавядаюць асноўным задачам, галоўным накірункам дзейнасці Міністэрства:

развіццё прафесійнага мастацтва; падтрымка айчынных вытворцаў прадукцыі кінаі відэамастацтва і развіццё кінематаграфіі; падтрымка і развіццё народнай творчасці; развіццё сістэмы эстэтычнага выхавання, прафесійнай мастацкай адукацыі, падтрымка таленавітай моладзі; удасканальванне навуковага забеспячэння сферы культуры; умацаванне іміджа нацыянальнай культуры ў краіне і за мяжой; удасканальванне нарматыўнай прававой базы і эканамічнае стымуляванне развіцця сферы культуры і г.д.

Задачы далейшага развіцця сферы культуры да 2015 года адобраны ўчора на пасяджэнні Савета Міністраў у праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і праекце Праграмы дзейнасці Урада на 2011 - 2015 гады.

Мы ставім перад сабой шэраг важных задач, пералічу некаторыя з іх:

захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і аднаўленне помнікаў гісторыі і культуры краіны, павелічэнне на 1000 аб'ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на 50 аб'ектах; забеспячэнне вытворчасці не менш за 10 адзінак поўнаметражных мастацкіх, 70 дакументальных, 6 анімацыйных фільмаў, аснашчэнне гукавымі сістэмамі "DOLBY-стэрэа" або ўстаноўкамі лічбавага кінапаказу не менш за 50 адзінак кінатэатраў у год.

Мы плануем па выніках рэалізацыі праграм, сярод іншых вынікаў, павялічыць наведванне канцертаў, тэатраў, выставак на 20 адсоткаў, ажыццявіць поўную камп'ютарызацыю бібліятэк і на 100 адсоткаў падключыць іх да сеткі Інтэрнэт, на 10 - павялічыць Музейны фонд, на 15 - наведванне музеяў, мадэрнізаваць 120 кінатэатраў, адкрыць 4 культурныя цэнтры за мяжой.

Запланавана:

завяршэнне ў 2012 годзе рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на палацава-паркавым ансамблі у Нясвіжы, будынку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, рэканструкцыі і мадэрнізацыі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", у 2013 годзе - завяршэнне рэканструкцыі будынка Нацыянальнага гістарычнага музея і іншых аб'ектаў. правядзенне аднаўленчых работ помнікаў архітэктуры Старога замка ў Гродне і Ружанскага палацавага ансамбля; стварэнне ў рэгіёнах краіны дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, падпарадкаванай Міністэрству культуры; распрацоўка Дзяржаўнай праграмы дзеянняў "Замкі Беларусі" на 2012 - 2018 гады, якая прадугледжвае рэканструкцыю, кансервацыю і добраўпарадкаванне 38 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку выкананне работ з удзелам сродкаў рэспубліканскага бюджэту на 9 помніках архітэктуры; завяршэнне мерапрыемстваў па Праграме рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння дзяржаўных тэатраў Рэспублікі Беларусь да 2013 г.; плануецца завяршыць рамонт і пераабсталяванне 7 рэспубліканскіх і абласных тэатраў.

Дарэчы, як зазначыў адзін з членаў Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва, у Мінску сёння цяжка знайсці тэатр на сваёй сцэне, паколькі многія з іх знаходзяцца на часовых пляцоўках. Але, з іншага боку, праз два гады мы іх, вобразна кажучы, знойдзем у новым выглядзе. Важна, каб не толькі ў вонкавым, але і ва ўнутраным.

Прадугледжваецца:

пашырэнне вольнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў шляхам стварэння Нацыянальнай электроннай бібліятэкі, Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, удасканаленні тыпалогіі музейнай сеткі шляхам стварэння новых экспазіцый і выставак; завяршэнне будаўніцтва Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя Глебава, культурна-спартыўнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, забеспячэнне рамонту 50 будынкаў і збудаванняў устаноў адукацыі ў сферы культуры; распрацоўка ў 2012 годзе трохузроўневай сістэмы адукацыі ў галіне музычнага, выяўленчага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага відаў мастацтва. Сертыфікаваць дзейнасць 15 устаноў адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў культуры; запланавана ўнясенне ў 2011 годзе змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь"; завяршэнне да 2015 года распрацоўкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры з мэтай сістэматызацыі заканадаўства ў сферы культуры.

Змены, якія адбываюцца ў свеце і ў нашай краіне, цягнуць за сабой перагляд нашых уяўленняў аб ролі культуры ў дзяржаве і ў грамадстве.

Культура ўзаемадзейнічае з адукацыяй, эканомікай, знешняй палітыкай і іншымі сферамі дзяржаўнай і чалавечай дзейнасці, і роля яе, з пункта гледжання выхавання чалавека, уплыў на кансалідацыю грамадства, на дзяржаўнае будаўніцтва - узрастае.

Культура сёння ўспрымаецца не толькі як сукупнасць агульнанацыянальных каштоўнасцей і не звязваецца выключна з культурнай спадчынай і народнай творчасцю, з прафесійнай культурай, але ўплывае на ўсебаковае развіццё чалавека.

У сувязі з гэтым нам варта падумаць аб ролі дзеяча культуры і ўстановы культуры ў сучасным грамадстве, аб тых чаканнях вынікаў творчага высілку асобы і адначасова большай эфектыўнасці працы ўстаноў культуры.

Нам неабходна акрэсліць прыярытэтныя накірункі далейшага развіцця сферы культуры нашай краіны:

1. Неабходна сканцэнтраваць усе намаганні чалавечага і фінансавага рэсурсаў, нашу працу на ўмацаванні станоўчага іміджа беларускай культуры. Перад намі - важная задача: паляпшэнне ўспрыняцця і запатрабаванасці айчыннай культуры ўнутры краіны, з аднаго боку, а з другога - стварэнне ўмоў для шырокага прадстаўлення якасці і разнастайнасці беларускай культуры за мяжой.

Гэтай тэматыцы будзе прысвечана запланаваная на бягучы год калегія Міністэрства культуры.

Адным з галоўных інструментаў, які здольны забяспечыць выніковасць рэалізацыі дадзенай задачы, з'яўляецца сістэмная праца па выхаванні культурнагістарычнай самасвядомасці грамадзяніна, і ў гэтым працэсе нашу ролю і ўклад культуры цяжка пераацаніць.

2. Асаблівая ўвага ў культурным і эстэтычным выхаванні грамадзяніна павінна быць нададзена сферы адукацыі. Узаемадзеянне і ўзаемапранікненне сфер культуры і адукацыі з'яўляецца бясспрэчнай умовай у выхаванні свядомай і патрыятычна-выхаванай асобы.

Міністэрства культуры плануе ініцыяваць правядзенне сумеснай калегіі з Міністэрствам адукацыі для абмеркавання гэтай праблематыкі.

3. Неабходна выпрацаваць новыя падыходы спрыяння з боку дзяржавы да значнага зруху ў развіцці нашай сферы. У Беларусі апошнім часам адбываецца эканамічная рэформа, накіраваная на больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных рэсурсаў нацыі, прыватызацыю дзяржаўнай маёмасці і развіццё недзяржаўнага сектара эканомікі. Надышоў час для ўсталявання дзяржаўна-прыватнага партнёрства і ў сферы культуры, наспела неабходнасць увядзення механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных і недзяржаўных складнікаў сферы культуры.

 Для нас на першы план выходзіць і больш эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў, якія выдаткоўваюцца для ўтрымання сістэмы культуры. Прывілея атрымання бюджэтных рэсурсаў павінна ператварыцца ў стымул стварэння запатрабаванага твора мастацтва. На сённяшні дзень бюджэтнае дафінансаванне ўстаноў культуры арыентавана, хутчэй, не на атрымальніка культурных даброт, а на ўтрыманне ўстаноў культуры, і гэта часта прыводзіць да не ў поўнай меры эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных выдаткаў. Бюджэтная палітыка павінна быць пераарыентавана ад кіравання выдаткамі да кіравання вынікамі.

Павінен быць уведзены праграмна-мэтавы метад бюджэтнага фінансавання культуры.

Для стварэння новага імпульсу развіцця культуры больш чым наспела неабходнасць стварэння сістэмы шматканальнага фінансавання культуры: дзяржаўны бюджэт і прыватныя сродкі (мецэнаты, спонсары, інвестары). Аднак без яснай дэкларацыі дзяржавы, падмацаванай заканадаўчымі рашэннямі, бізнес не пачне ўкладваць сродкі ў сферу культуры.

Размова ідзе, хутчэй, не толькі аб прыбытковых камерцыйных структурах у галіне культуры, а шмат у чым аб развіцці гуманітарных арыентацый прадпрымальніцкіх колаў нашай краіны. Мецэнацтва для культуры павінна стаць адным з важных фактараў стымулявання новых ідэй і праектаў у сферы.

4. На першы план выступаюць выпрацоўка і рэалізацыя новых ідэй, павелічэнне ўвагі да чалавечага патэнцыяла і культуры як крыніцы канкурэнтаздольнасці краіны.

Неабходна развіваць праектную дзейнасць у сферы культуры, уводзіць сістэму грантаў на цэнтральным і рэгіянальных узроўнях, якія дазволілі б, у дадатак да існуючай сістэмы фінансавання, стварыць перадумовы для з'яўлення і рэалізацыі новых ідэй і праектаў. Мы будзем здзіўлены з вамі, які велізарны абшар уяўляе з сябе "латэнтная культура", колькі таленавітых асоб зможа выявіць сябе на культурнай ніве.

Міністэрствам культуры запланавана ў бягучым годзе спецыяльная калегія, прысвечаная развіццю праектнай дзейнасці ў сферы культуры.

5. Неабходна працаваць над павышэннем адраснасці культурных паслуг, іх разнастайнасці, над павышэннем стандартаў абслугоўвання ў нашай сферы.

6. Забеспячэнне сучаснымі тэхнічнымі і тэхналагічнымі сродкамі (візуалізацыя, інтэрмузеі, дыстанцыйныя экспазіцыі, электронныя бібліятэкі) становіцца для нас пытаннем сучаснасці развіцця нашай сферы. Мы не зможам трапіць да сэрцаў новага пакалення, калі будзем не ў стане ў самы бліжэйшы час прапанаваць новыя тэхналогіі для сферы культуры. Адным словам, наступны прыярытэт - інавацыі ў культуры.

7. Апошняе, але не астатняе з гэтага блока падыходаў - роля сродкаў масавай інфармацыі краіны, якія, без сумнення, могуць стаць фактарам, што будзе працаваць на павышэнне ўнутранага і знешняга іміджа культуры, выхаванне чалавека, а значыць - рэалізацыю дзяржаўных задач у сферы культуры і мастацтва краіны.

Усведамляючы гэта, Міністэрства плануе ініцыяваць правядзенне асобнага семінара, прысвечанага ролі СМІ ў развіцці сферы культуры.

Усе вышэйсказанае ставіць прыярытэты неабходнасці ўзмацнення аналітычнай і прагнознай працы ў сферы культуры Беларусі, якую павінны выконваць створаны ў 2010 годзе Інстытут культуры Беларусі і тры ВНУ нашай сферы.

Падсумоўваючы, прыярытэтамі, якія забяспечаць чарговы этап развіцця сферы культуры краіны, павінны стаць: умацаванне станоўчага ўнутранага і знешняга іміджа беларускай культуры, узмацненне ўзаемадзеяння сфер культуры і адукацыі, усталяванне дзяржаўна-прыватнага партнёрства, развіццё праектнай і грантавай дзейнасці ў сферы культуры, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўных сродкаў, фінансаванне не ўтрымання сістэмы, а творчага выніку, інавацыі ў культуры, развіццё мецэнацтва, стымуляванне новых ідэй і праектаў.

2010-ы быў годам працавітым, годам з'яўлення новых праектаў, акрэслення будучых падыходаў, годам прыняцця новых заканадаўчых актаў для нашай сферы.

На існуючым падмурку мы працягвалі будаваць наш дом беларускай культуры. І ўся гэтая праца - высілак неабыякавых і неардынарных людзей, якія працуюць у нашай сферы і якія заслугоўваюць высокай ацэнкі за іхнюю працу і далейшай падтрымкі ў высакароднай місіі служэння культуры.