Экспанаты паказаны ўпершыню

№ 27 (793) 06.07.2007 - 13.07.2007 г

У Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка “Незабыўны Пясняр Беларусі”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.

 /i/content/pi/cult/124/528/Ekspanaty.jpg
На працягу ўсяго лета наведвальнікі музея змогуць пазнаёміцца з Купалам у іпастасі выдатнага драматурга. Гэтая ягоная спадчына адносна невялікая — усяго чатыры п’есы, ды цяжка пераацаніць той уплыў, які аказала яна на развіццё нашага прафесійнага і аматарскага тэатральнага мастацтва. Янка Купала добра разумеў, якую ролю здольны адыграць тэатр у справе абуджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў. Змянілася некалькі пакаленняў тэатральных зорак, якія выконвалі галоўныя ролі ў “Паўлінцы”, але і цяпер, праз 60 гадоў пасля прэм’еры, гэтая бліскучая камедыя заўсёды збірае поўныя залы.
На выстаўцы экспануюцца эскізы касцюмаў да спектакляў паводле Янкі Купалы. Найбольш даўнія — мастака Барыса Малкіна да “Прымакоў” і “Паўлінкі”, пастаўленых у 1944 годзе ў далёкім Томску Першым Беларускім дзяржаўным тэатрам. Яны перададзены музею з архіва Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. А сям’я мастака Яўгена Нікалаева падарыла яго эскізы дэкарацый і касцюмаў 1951 г. да спектакля “Раскіданае гняздо”, які ішоў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Адметная рыса гэтай выстаўкі ў тым, што ўсе экспанаты паказаны ўпершыню. У асобнай
 /i/content/pi/cult/124/528/Ekspanaty2.jpg
вітрыне — мемарыяльныя рэчы Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, перададзеныя ў фонды музея пляменніцай пісьменніка Ядвігай Раманоўскай.
Побач — рукапісы вершаў паэта. Яны, а таксама фотаздымкі — з сямейнага архіва сястры Янкі Купалы Леакадзіі Дамінікаўны Раманоўскай, рэпертуарныя афішы трапілі ў музей дзякуючы дачцэ кампазітара Рыгора Пукста Ніне Рыгораўне.
— Наш Пясняр — у плеядзе талентаў, якія належаць Сусвету, — падкрэсліла дырэктар Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар.
Павіншаваць калег з гэтай падзеяй прыйшлі дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Мацевасян, намеснік дырэктара тэатра імя Янкі Купалы Аліна Галуза. А дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская паведаміла яшчэ адну прыемную навіну.
У пачатку ліпеня спаўняецца 40 гадоў філіялу музея Якуба Коласа ў Смольні, і да гэтай даты рыхтуецца выстаўка “Колас у гасцях у Купалы”.

Наш кар.
На здымках: экспанаты выстаўкі.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА