Фрагмент новай экспазіцыі. |
Удзельнікі канферэнцыі — навукоўцы, аспіранты, выкладчыкі, архівісты, музейныя работнікі — сталі першымі наведвальнікамі новага раздзела экспазіцыі музея “Жыццё і творчасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго смерці”. Сапраўды, трагічнае завяршэнне зямнога шляху паэта, яго прарочыя радкі, раптоўная гібель не перастаюць хваляваць. І хаця ў канцы мінулага — пачатку гэтага стагоддзя было праведзена шмат даследаванняў, апублікавана багата матэрыялаў пра апошнія дні Купалы ў Маскве, многія пытанні дасюль застаюцца без адказу.
Новы фрагмент экспазіцыі быў створаны ў нялёгкіх умовах капітальнага рамонту музейнага будынка за рэкордна кароткі тэрмін — паўтара тыдня замест запланаваных двух месяцаў. Дырэктар музея Алена Мацевасян прадставіла гасцям стваральнікаў экспазіцыі — аўтара навуковай канцэпцыі, вядучага навуковага супрацоўніка музея Фаіну Ваданосаву і мастака Генадзя Чыстага, які надаў сёмай зале музея новае аблічча.
Упершыню для шырокага агляду тут прадстаўлены нядаўнія набыткі музея — каштоўныя архіўныя звесткі пра падзеі як у краіне, так і ў лёсе і творчасці паэта і яго асяроддзя ў 1930 — 1940-ыя гг. У выніку выдання “Поўнага збору твораў Янкі Купалы” ў 9-ці тамах сталі вядомымі варыянты яго вершаў ваеннай пары, публіцыстычныя творы і звароты да беларускага народа, аўтографы і лісты.
Янка Купала прыехаў у Маскву для ўдзелу ў антыфашысцкіх выданнях. Некаторы час ён жыў на кватэры ў мастака Елісеева на вуліцы Вялікай Грузінскай, 56 — непадалёк ад Беларускага
Прыступка, на якой паэт сустрэў сваю |
Тыя, што сустракаліся з Купалам напярэдадні яго гібелі,успаміналі потым, што ён марыў вярнуцца ў вызвалены Мінск, у родную Беларусь. Да ракавога моманту яго творчая думка напружана працавала — у адной з вітрын ляжыць запалкавы карабок, на якім паэт занатаваў свае апошнія радкі.
— … У 2003 г. па ініцыятыве музея Янкі Купалы пры дапамозе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Маскве і адміністрацыі аддадзенага на знос гатэля “Масква” да нас паступілі фрагменты інтэр’ера нумара № 414 (апошняга прыстанку паэта), вестыбюля, хола, а таксама часткі парэнчаў і прыступак лесвіцы з 10-га паверха, дзе прамінулі яго астатнія хвіліны, — нагадала Ф.Ваданосава. — Зараз Яны набылі ўзровень гісторыка-культурных каштоўнасцей.
І вось мы бачым гэтыя самыя дзверы, якія адчыняла рука Песняра, вакно, праз якое ён глядзеў на суровую прыцішаную Маскву. Надзвычай эмацыйнае ўздзеянне аказвае твар Купалы, які ўзнікае ў люстэрку міжпакаёвых дзвярэй, — паэт нібы пазірае з цёмнага тунеля, які злучае гэты свет і замагільны.Трагічныя абставіны смерці Паэта, напэўна, так і не ўдасца высветліць цалкам. Сумныя рэліквіі — нявыкарыстаны білет у Малы Тэатр, пастамент з маскоўскага крэматорыя, дзе захоўвалася урна з прахам Янкі Купалы да перапахавання на Вайсковых могілках у Мінску.
У гатэлі “Масква” Янка Купала сустракаўся з опернай спявачкай Ларысай Александроўскай, пісьменнікамі Міхасём Лыньковым і Кузьмом Чорным, з іншымі дзеячамі беларускай культуры, з савецкімі воінамі, камандзірамі партызанскіх злучэнняў.
Палымянае Купалава Слова клікала на барацьбу з ворагам са старонак франтавых і партызанскіх газет, а легендарны верш “Беларускім партызанам” стаў гімнам народных мсціўцаў.Лёс Янкі Купалы — узор адданага служэння Радзіме, свайму народу да апошняга ўздыху. І менавіта гэта — галоўнае, аб чым распавядае новая экспазіцыя музея, гэта яго духоўны запавет усім нам.
Святлана ІШЧАНКА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА