Як вядома, у чэрвені мінулага года ў Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі адбыліся прэм'ерныя вечары з удзелам артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У праграму мерапрыемстваў увайшлі опера "Чужое багацце нікому не служыць", балет "Шапэніяна" і гала-канцэрт.
Вечары ў Нясвіжскім замку выклікалі сапраўдны фурор і захапленне шматлікіх гледачоў. Яны і цяпер з нецярплівасцю чакаюць чарговага прыезду славутых сталічных гасцей і мараць аб тым, каб такія вечары сталіся больш частымі і працяглымі.
Як распавёў "К" намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Валерый Гедройц, сёлета гэтае мерапрыемства зноў пройдзе ля сцен Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля.
- Плануем прадставіць жыхарам і гасцям горада спектакль "Дзікае паляванне караля Стаха", - адзначыў ён, - балет "Трыстан і Ізольда" і некаторыя іншыя. У Нясвіжскай ратушы адбудзецца камерны канцэрт артыстаў аркестра і салістаў оперы нашага Вялікага тэатра, а гала-канцэрт напрыканцы мерапрыемства пройдзе ў самім палацы Радзівілаў...
Таксама летам, але ўжо ў Мінску, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета плануе правесці Міжнародны фестываль балета. Ён будзе доўжыцца прыкладна тыдзень, і, як зазначыў Валерый Гедройц, папярэднюю згоду ўдзельнічаць у гэтым форуме балетнага майстэрства ўжо далі тэатры з Расіі, Украіны, Грузіі.