“МІРСКІ СШЫТАК”: ГАВОРКА ІШЛА ПРА ДЗЯРЖАЎНАЕ...

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

2 лютага ў Замкавым комплексе «Мір» адбылося пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Тэксты выступленняў, фоташэраг і кулуарныя меркаванні, што адлюстроўваюць драйв, дух і настрой галоўнай гадавой калегіі, рэдакцыя вырашыла “знітаваць” у асобны сшытак. Мы назвалі яго Мірскім. Змест гэтага сшытка насычаны ідэямі і ініцыятывамі. “К” спадзяецца, што ён у пэўнай ступені дапаможа чытачам расставіць кропкі над шматлікімі ўласнымі “і”, а таксама паспрыяе больш эфектыўнай рэалізацыі тэорыі на практыцы.

/i/content/pi/cult/308/5266/pic.jpgДрайв і дух калегіі

Мірскі замак становіцца сталай "штабной рэзідэнцыяй" Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзе абмяркоўваюцца стратэгічныя аспекты сучаснай культурнай палітыкі нашай дзяржавы, прымаюцца адпаведныя знакавыя рашэнні. 26 студзеня адноўленыя палацавыя муры былі сведкамі першага пасяджэння Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў краіны. 2 лютага ў канферэнц-зале адбылося пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры. Зала, дзе стагоддзі таму натхняліся мазуркамі ды паланэзамі, займела новае "гучанне". Сёння тут гаворка ішла пра дзяржаўнае стаўленне да нашай духоўнасці і культуры.

На парадак дня выніковай калегіі было вынесена пытанне "Аб рабоце па выкананні галіновай праграмы "Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на 2006 - 2010 гады" і задачах сферы культуры на 2011 год". Да працы калегіі былі запрошаны намеснік начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення - начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, начальнік упраўлення сацыякультурнай сферы апарата Савета Міністраў Алена Сівалобава, першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Сухавей, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева. У пасяджэнні ўдзельнічалі таксама дэлегацыі ад абласцей і сталіцы: прадстаўнікі абласных, раённых і гарадскіх выканкамаў - куратары сацыяльнакультурнай сферы, дзеячы мастацтваў, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў культуры, прафсаюзныя работнікі, кіраўнікі арганізацый культуры рэспубліканскага і абласнога падпарадкавання, прадстаўнікі кінапракату. Спіс дапоўнілі работнікі цэнтральнага апарата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі творчых саюзаў і грамадскіх аб'яднанняў, журналісты рэспубліканскіх СМІ. У якасці новых членаў калегіі ў яе пасяджэнні ўпершыню ўзялі ўдзел Наталля Аўдзеева і начальнік кантрольна-рэвізійнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Крупко.

Міністр культуры Павел Латушка падкрэсліў, што адметнасць нашай культуры - у еўрапейскасці, а еўрапейскасць падкрэслівае яе беларускасць. І на новым этапе развіцця нацыянальнай культуры ад яе носьбітаў патрабуюцца новыя падыходы і ініцыятывы, заснаваныя на сусветным досведзе, неабходны грунтоўны аналіз сітуацыі і не менш грунтоўны перспектыўны прагноз. Гэтая пазіцыя збольшага вызначыла змест наступных выступленняў. Гучалі прапановы, узнімаліся праблемы, цягам пасяджэння грунтоўна дапрацоўвалася рашэнне калегіі...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"