Эка-"Лабірынт"

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

У галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе Фестываль пейзажа, прысвечаны Міжнароднаму году лясоў.

 

Лясы - "лёгкія планеты" - выконваюць значную ролю ў сусветным біялагічным, эканамічным і сацыяльным жыцці. Але плошча лясоў на нашай планеце няспынна змяншаецца, што вядзе да негатыўных працэсаў, якія маюць глабальнае значэнне. Генеральная Асамблея ААН абвясціла 2011 год Міжнародным годам лясоў. Гэта дапаможа павысіць дасведчанасць жыхароў планеты аб значнасці лясных экасістэм, іх абароны і аднаўлення.

Для Беларусі лес - адно з самых значных прыродных багаццяў рэспублікі, якое займае амаль палову яе тэрыторыі. У нашай краіне да Міжнароднага года лясоў падрыхтаваны шэраг мерапрыемстваў. Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Міжнароднай гільдыяй жывапісцаў з нагоды абвяшчэння 2011-га Міжнародным годам лясоў прадстаўляе ўласны культуры праект, накіраваны на прыцягненне ўвагі грамадскасці да захавання прыроднага багацця краіны, - Фестываль пейзажа.

Свае трапяткія адносіны да лесу, да жывой прыроды мастакі выказваюць ужо не адно стагоддзе. І сёння гэтая цікавасць не знікла, а нават наадварот - набыла сучасныя формы і змест. Са з'яўленнем лічбавага фота, камп'ютарнай графікі гэтыя магчымасці значна пашырыліся, набылі новае гучанне.