Дзесяць полацкіх ювеліраў

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Скарб на футбольным полі

/i/content/pi/cult/307/5253/pic_74.jpgДля некаторых людзей знаходкі старажытных скарбаў- ці не сэнс усяго жыцця, для іншых - прыемная нечаканасць. Адны, для таго, каб знайсці манету мінулых эпох, пад час археалагічных раскопак перакопваюць тоны глебы, іншыя знаходзяць скарбы літаральна пад нагамі. Менавіта так сталася і з адной надзвычай каштоўнай калекцыяй экспанатаў Нацыянальнага Полацкага гісторыкакультурнага музея-запаведніка- скарбам залатых вырабаў Х ст. Ён быў знойдзены вясной 1984 года на тэрыторыі полацкага ж стадыёна "Спартак" пад час работ па добраўпарадкаванні футбольнага поля.

Як расказаў археолаг, кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў, першы з беларускіх вучоных, хто ўбачыў гэты скарб, - адна з супрацоўніц спартыўнага комплексу Марыя Краснова. Яна заўважыла, што ў зямлі ляжыць невялікі камячок ды выпраменьвае нейкі бляск. Не зразумеўшы, што гэта, вырашыла прынесці дадому і паказаць дачцэ, а тая, у сваю чаргу, пачала разбіраць дзіўны скрутак. Ён, як аказалася, уключаў шэсць прадметаў сумарнай вагой 335 грамаў.

Ужо пасля першага азнаямлення з каштоўнай знаходкай стала зразумела, што гэта ўнікальная рэч, аналагаў якой да сённяшняга часу на тэрыторыі Беларусі не было выяўлена.

Цікава, што да пачатку 80-х гадоў гісторыкамі лічылася: тэрыторыя стадыёна, якую акружае так званы вал Івана Жахлівага, досыць позняя - яна была заселена палачанамі толькі пасля заваявання горада войскамі цара ў сярэдзіне XVI ст. А таму знайсці нешта больш старажытнае ніхто нават і не спадзяваўся.

Але ж якое тады паходжанне маюць знойдзеныя залатыя ўпрыгожанні? Па вядомых аналагах падобныя рэчы сёння досыць часта звязваюць са скандынаўскім светам. У якасці прыкладу даследчыкамі прыводзіцца аналагічны скарб, знойдзены ў 1913 годзе ў Кіеве. Пры гэтым, калі іх параўнаць, можна заўважыць амаль аднолькавыя бранзалеты. І тым не менш, для Скандынавіі такія прадметы не зусім характэрныя.

Якасць золата сведчыць, што каштоўныя рэчы былі /i/content/pi/cult/307/5253/pic_75.jpgствораны ў ІІ палове Х ст. У той жа час, скандынаўскія вырабы гэтага перыяду маюць іншую фактуру, узбагачаны разнастайнымі ўпрыгожаннямі, непасрэдна звязанымі з так званым звярыным стылем.

Сяргей Тарасаў схіляецца да думкі, што радзіма знойдзеных залатых вырабаў - паўднёва-рускія землі, скіфа-сармацкае асяроддзе. Але галоўнае - не само паходжанне ўпрыгожанняў з полацкага скарбу, а тое, што ўжо ў Х ст. беларускія землі мелі надзвычай развітыя культурныя сувязі з навакольнымі тэрыторыямі.

Да таго ж, як гэта ні дзіўна, полацкі скарб не быў прызначаны для ўпрыгожвання нейкай асобы. Усе рэчы маюць пашкоджанні, уяўляюць з сябе асобныя фрагменты. Таму відавочна, што скарб планавалася пераплавіць і выкарыстаць для стварэння новых упрыгожанняў айчыннымі ювелірамі- залатарамі.

Дзякуючы скарбу, можна ўпэўнена сцвярджаць, што ювелірнае рамяство зарадзілася на тэрыторыі Беларусі, у першую чаргу - на Полаччыне, значна раней за час жыцця і дзейнасці Лазара Богшы, і было ці не асноўным у Полацку. Прытым, што ў гарадах налічвалася некалькі дзясяткаў рамёстваў.

На тэрыторыі Полаччыны на сённяшні дзень даследавана восем ювелірных майстэрняў. Сярод іх адна памерам у 1000 квадратных метраў на тэрыторыі вялікага пасада, якая існавала цягам ХІІ - ХІІІ стст. Існуе вялікая верагоднасць, што там працавала сям'я Лазара Богшы.

Сам жа скарб звязаны з падзеямі 910- 980 гг., вядомай гісторыяй, калі на Полацк напаў наўгародскі князь Уладзімір і забіў князя Рагвалода, а ягоную дачку Рагнеду ўзяў сабе ў жонкі. Наступныя, больш дэталёвыя, даследаванні тэрыторыі, дзе быў выяўлены скарб, засведчылі, што ў ІХ - Х стст. там існавала паселішча, тагачасны вакольны горад, у якім жылі рамеснікі. Хутчэй за ўсё, каб уратаваць скарб ад наўгародскіх захопнікаў, закапалі яго ў зямлю, дзе ён і праляжаў цэлае тысячагоддзе.

На здымках: залатыя скарбы з Полацка.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"