Стылёвая лінія

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

121-ы “цягнік” з 11-й станцыі

/i/content/pi/cult/307/5252/pic_72.jpgУ Заслаўе можна даехаць электрычкай: станцыя сімвалічна называецца "Беларусь". А як дабрацца да беларускай старадаўняй і зусім нядаўняй музыкі? Адзін са шляхоў - праз Заслаўе, дзе ўжо 11 гадоў запар Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам ладзіць Святы музыкі. Усяго ў малых гарадах такіх фестываляў назбіралася - 121.

Асаблівасцю цяперашняга, па словах доктара мастацтвазнаўства і пастаяннай вядучай такіх святаў Вольгі Дадзіёмавай, стаўся парадокс разлому эпох, калі беларускія кампазітары ХХ ст. не ведалі сваіх папярэднікаў, айчынныя ж творцы ХVIII - ХІХ стст. часам не ўсведамлялі сябе беларусамі. Канцэрт, у якім гучалі творы славутых музычных дынастый мінуўшчыны і Дзмітрыя Лукаса (да 100-годдзя з дня яго нараджэння), з'яднаў нашу спадчыну ў адну непарыўную лінію- бы злучыў той самай чыгункай розныя станцыі.

Гэтак яшчэ больш відавочнай стала пераемнасць ХІХ і ХХ стст.

Невыпадкова творы Д.Лукаса і яго далёкіх папярэднікаў М.Ельскага, Я.Карловіча спляталіся ў адну повязь, дзе на адным баку шматгранніка- экспрэсія поклічаў ансамбля трубачоў "Інтрада", на другім- вытанчаная грацыёзнасць Струннага квартэта, на трэцім- інтэлігентны еўрапеізм Вакальнага ансамбля. Дадамо, што ўсе гэтыя "разыначкі" - наступствы адметных, зробленых з густам і фантазіяй цяперашніх пералажэнняў той музыкі для камерных калектываў у складзе аркестра. А ўсе гэтыя чыгуначныя рэйкі - толькі зачэпка: ну нарадзіўся Д.Лукас (як, між іншым, і Я.Глебаў) у сям'і чыгуначніка, але ж "даехаўтакі" і да опернай "станцыі" "Кастусь Каліноўскі", і да тых разнажанравых твораў, што былі адроджаны на заслаўскім фестывалі.

Фота Юрыя ІВАНОВА і Віктара КАВАЛЁВА  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"