Cны аб Беларусі на берагах Балтыкі

№ 27 (793) 06.07.2007 - 13.07.2007 г

Хто не ведае гэтага купалаўскага радка: “Мне сняцца сны аб Беларусі”? Цяпер ён манументальна ўвасоблены і на адной з вуліц Гданьска, якая, дарэчы, носіць імя нашага вялікага Песняра. 23 чэрвеня, напярэдадні 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, у гэтым польскім горадзе адкрыўся помнік беларускаму класіку.

 /i/content/pi/cult/124/525/Gdansk.jpg
 Выступае Генеральны консул РБ у Гданьску
 Руслан Есiн.
Ініцыятыву яго стварэння, якая зыходзіла ад беларускай дыяспары Памор’я, падтрымалі ў свой час і Генеральнае консульства РБ у Гданьску, і гарадскія ўлады.
А мемарыяльная шыльда была прафінансавана Міністэрствам замежных спраў РБ.
Мэрыя вызначыла для помніка месца і дбайна яго добраўпарадкавала. Як падкрэсліў карэспандэнту “К” Генеральны консул РБ у Гданьску Руслан Есін, мясцовыя ўлады зрабілі ўсё, каб цырымонія адкрыцця помніка займела статус вялікай культурнай падзеі — і, адначасова, яркага свята.
Сярод слухачоў песень на вершы Купалы, якія выконвала гданьская харавая капэла “Геданенсіс”, былі не толькі этнічныя беларусы, але і акрэдытаваныя ў сталіцы Памор’я прадстаўнікі дыпкорпуса, журналісты і “паспалітыя” жыхары Гданьска.
Помнік атрымаўся сціплы, але густоўны: ладных памераў каменная глыба, нібы тая евангельская скала, сімвалізуе постаць Купалы ў кантэксце беларускай культуры. Ды, зрэшты, не толькі беларускай. Як адзначыў падчас сваёй прамовы прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч, творчая спадчына Песняра з’яўляецца агульнаеўрапейскай каштоўнасцю, а ідэі, якімі прасякнуты ягоныя радкі, ніколі не страцяць сваёй актуальнасці, спрыяючы выхаванню моладзі ў духу патрыятызму і гуманізму. Таму адкрыццё гэтага помніка з’яўляецца вялікай падзеяй у культурным жыцці Памор’я. Тым больш гэта — падзея для этнічных беларусаў, што жывуць на Памор’і.
— Для нас вельмі важна, што ў гарадской прасторы Гданьска з’явіўся беларускі куток, месца, куды могуць прыйсці нашы суайчыннікі, каб ушанаваць памяць нашага вялікага Паэта, — адзначыў Руслан Есін.
Адкрыццё помніка стала не адзіным юбілейным мерапрыемствам у Гданьску. Па
 /i/content/pi/cult/124/525/Gdansk1.jpg
Гданьскi хор Capella Gedanensis выконвае
песнi на вершы Янкі Купалы.
ініцыятыве Генеральнага консульства РБ там адкрыліся ажно дзве выстаўкі, прысвечаныя Янку Купалу. Адна з іх, непасрэдна ў сценах консульства, знаёміць з жывапіснымі творамі вядомага нашага мастака Васіля Шаранговіча, а другая, зладжаная ў Гданьскім універсітэце, экспануе кнігі і плакаты, датычныя постаці беларускага класіка.
... Беларусь і Памор’е падзяляюць многія сотні кіламетраў. Але ж сны пра наш край бачаць і тут, на берагах Балтыкі, дзе жыве нямала нашых суродзічаў.
Дарэчы, у прэзідэнта Гданьска родавыя карані — таксама на Беларусі. Такое яго прызнанне падчас цырымоніі адкрыцця сталася для прысутных сапраўдным сюрпрызам.

Ілля СВІРЫН