“Толькі адно з соцень...”

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Ліст з дзелавой перапіскі

/i/content/pi/cult/307/5246/pic_59.jpgДнямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка, прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі, грамадскаму дзеячу і вучонаму, Герою Сацыялістычнай Працы Івану Шамякіну, чыё 90-годдзе адзначаецца 30 студзеня. Галоўная кніжная скарбніца нашай краіны сумесна з выдавецтвам "Мастацкая літаратура" прэзентавала біяграфічную кнігу "Іван Шамякін. Летапісец эпохі: успаміны, інтэрв'ю, эсэ". Гэтае выданне выйшла ў папулярнай серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі". У ім сабраны ўспаміны родных празаіка, ягоных сяброў - беларускіх літаратараў, архітэктараў, жывапісцаў. Кніга была падрыхтавана да друку кандыдатам філалагічных навук Алесяй Шамякінай - дачкой знакамітага пісьменніка.

Для рэдакцыі "К" па нашай просьбе Алеся Іванаўна падрыхтавала адзін з лістоў бацькі. "Гэтае пісьмо - толькі адно з соцень падобных, што напісаў Іван Пятровіч, адгукаючыся на разнастайныя просьбы сваіх землякоў з Гомельшчыны", - кажа яна. - Бацька вельмі сур'ёзна ставіўся да праблем сваіх землякоў, перажываў іхнія беды як свае асабістыя, - працягвае дачка пісьменніка, - і заўсёды намагаўся найхутчэй дапамагчы тым, хто да яго звяртаўся. Лісты за подпісам Івана Шамякіна вельмі спрыялі ў вырашэнні тых або іншых пытанняў: ніхто ніколі бацьку не адмовіў, і ўсе ягоныя просьбы былі станоўча і аператыўна задаволен/i/content/pi/cult/307/5246/pic_58.jpgы... 

 Увазе чытачоў газеты "Культура" прапаноўваецца ліст народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Пісьменнік на працягу 1980 - 1989 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па Шумілінскай, а потым па Рэчыцкай выбарчай акрузе. Ліст напісаны 10 сакавіка 1987-га, амаль праз год пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Пісьменніку як дэпутату даводзілася вырашаць і пытанні ў сувязі з перасяленнем жыхароў забруджаных раёнаў. Прапануем ліст І.П. Шамякіна наступнага зместу:

"10.ІІІ.1987 г.

Старшыні выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў т. Цішкевічу А.І.

 Паважаны Альфон Ільіч!

Я дэпутат па Рэчыцкай выбарчай акрузе, куды ўваходзяць і раёны Брагінскі, Хойніцкі, таму пасля аварыі я не ўпершыню звяртаюся ў інстанцыі розных абласцей з падобнымі пытаннямі, і таварышы - дзякуй ім! - ставіліся з разуменнем.

Да мяне звярнулася былая жыхарка г.п. Камарын Брагінскага раёна Козел Надзея Фёдараўна. У яе хворыя дзеці, і яна, пасля таго, як яны, эвакуіраваныя, пабылі да верасня ў піянерскім лагеры тут, у Мінскай вобласці, пабаялася везці іх у месцы, што на адлегласці ўсяго аднаго кіламетра ад зоны адчужэння. Зразумеем страх маці! І яна паехала ў Вілейку, дзе працуе старэйшая дачка. Козел Н.Ф. робіць у школе і дагэтуль з двума дзецьмі, школьнікамі, жыве ў гасцініцы, плаціць 90 руб. у месяц, не зарабляючы гэтулькі.

Не будзем адсылаць гэтых няшчасных дзяцей назад у Камарын! Праявіце, калі ласка, гуманнасць: скажыце Вілейскім таварышам сваё аўтарытэтнае слова, няхай яны ўладзяць Козел хаця б у які-небудзь інтэрнат. Прыватнікі баяцца "людзей з зоны" браць у кватэру, з гэтым я сустракаюся не ўпершыню, у страху вялікія вочы. Але не жыць жа ім отверженными. Памажыце ім.

З найлепшымі пажаданнямі -

 І.Шамякін".

 Публікацыя Алесі ШАМЯКІНАЙ