Ферэнц Ліст і фарфор

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Дні культуры Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь адбудуцца летам.

 

Як паведамілі "К" у Пасольстве Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, сёлета культурнае супрацоўніцтва дзвюх краін будзе развівацца асабліва актыўна.

Адным жа з першых мерапрыемстваў стаў канцэрт у Белдзяржфілармоніі 28 студзеня, прысвечаны венгерскаму кампазітару Ферэнцу Лісту. Сёлета ў Венгрыі будзе шырока адзначацца 200-годдзе з дня нараджэння і 125-годдзе з дня смерці кампазітара. Прадставіць творы свайго знакамітага суайчынніка Пасольства Венгрыі вырашыла і ў нашай краіне. Самыя вядомыя творы Ліста, і тыя, што знаёмы толькі аматарам, выканаў беларускі піяніст, лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў Юрый Блінаў.

Праз некаторы час беларусы змогуць пабачыць шэдэўры венгерскага фарфору: цяпер вядзецца падрыхтоўка да буйной выстаўкі, што прадэманструе сучасныя дасягненні гэтага віду мастацтва, якім венгерцы славяцца ўжо амаль два стагоддзі.

Як адзначыў на прэс-канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра, цягам першага паўгоддзя адбудзецца шэраг культурных мерапрыемстваў. Чакаецца насычаная праграма, якая напоўніцу пазнаёміць гледачоў з лепшымі дасягненнямі культуры і мастацтва гэтай краіны.