"Дае жаданне жыць і ствараць..."
- "Як кожны народ мае сваю нацыянальную душу, так ён мае і свой асаблівы склад (стыль) творчасці, найбольш прыдатны да гэтай душы. Ёсць ён і ў нас, беларусаў, і мы мусіма звярнуцца да яго, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашую паэзію свежыя сокі, каб стаць бліжэй да душы роднага народа, лепі паталіць яе духоўную смагу і запраўды ўзяцца за вялікую працу: развіццё беларускай народнай культуры".
Менавіта гэтымі словамі класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, 120-годдзе з дня нараджэння якога мы азначаем сёлета, мне вельмі прыемна вітаць вас на ўнікальным аб'екце не толькі нашай краіны, але і сусветнага значэння: Мірскім замку - помніку, прызнаным UNESСO. Стварэнне гэтага аб'екта ў мінулым сведчыць аб узроўні развіцця нашай нацыі пяць стагоддзяў таму. Аднаўленне яго ў XXI стагоддзі - добры прыклад развіцця самасвядомасці беларускай нацыі сённяшняй.
Сёння культура з'яўляецца дзейсным інструментам духоўнага выхавання грамадзян нашай дзяржавы.
Думаю, што ў ні ў кога з прысутных няма сумнення, што беларуская культура - самабытная, мае багатую спадчыну, шмат таленавітых мастакоў, музыкантаў, акцёраў, режысёраў, выканаўцаў і г. д.
Беларуская культура з'яўляецца часткай агульнаеўрапейскай культурнай прасторы, яна ўносіць важкі ўклад у сусветную культуру.
Адметнасць беларускай культуры - у яе еўрапейскасці, а еўрапейскасць падкрэслівае яе беларускасць.
Унікальнасць нашай культуры створана ўвабранымі ў яе традыцыямі, назапашанымі нашым народам. Мы ўзбагаціліся культурнымі здабыткамі нашых суседзяў з Усходу і Захаду і стварылі свой уласны падмурак. Падмурак мінулага нашай культуры акрэслівае ўзровень развіцця беларускай нацыі, што дае нам падставы і, адначасова, абавязак будаваць сённяшнюю сучасную культуру ў непарыўным развіцці.
Нам не трэба ствараць легенды ўласнай гісторыі. Дастаткова проста падняць рэальна існуючы культурна-гістарычны пласт і на гэтай аснове працягваць будаўніцтва сучаснай беларускай культуры. Наша культура - шматпланавая і неардынарная, неадназначная і цікавая. Яна аптымістычная, дае жаданне жыць і ствараць.
Галоўным у культуры з'яўляюцца людзі, якія працуюць натхнёна і самааддана, неабыякава і творча для яе развіцця. Ва ўстановах культуры і мастацтва краіны працуе больш за 63 тысячы спецыялістаў. Сёння - добрая нагода сказаць ім "Вялікі дзякуй!" за самаадданую працу на карысць нашай культуры.
Не з чыстага ліста
У сістэме Міністэрства культуры налічваецца 9000 устаноў культуры.
Зразумела таксама, што мы пачынаем працу не з чыстага ліста. За апошні перыяд развіцця Беларусі, пры падтрымцы кіраўніцтва краіны, дзякуючы намаганням і прафесійнай адданасці работнікаў культуры ў нас зроблена вельмі многае, каб не толькі захаваць, але і больш поўна раскрыць назапашаны патэнцыял сферы.
Упершыню за ўсю гісторыю беларускай дзяржаўнасці былі прыняты законы, якія рэгламентуюць узаемаадносіны дзяржавы і культуры: "Аб культуры", "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны", "Аб бібліятэчнай справе", "Аб музеях і Музейным фондзе", "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах)" і іншыя.
Важным стымулам развіцця культуры стала стварэнне і дзейнасць фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Пачалі праходзіць творчыя акцыі, якія маюць вялікі грамадскі рэзананс - уручэнне прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, дзяржаўных прэмій... Дасягненню значных творчых поспехаў па-мастацку адораных дзяцей, таленавітай моладзі спрыяе дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Створаны адзіны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, у якім налічваецца больш за 5300 аб'ектаў. Распачата рэальная праца па іх аднаўленні. Яскравымі прыкладамі з'яўляюцца завяршэнне рэстаўрацыі Аўгустоўскага канала, Камянецкай вежы, знакамітых палацаў у Гомелі і Крычаве, ратушы ў Шклове, Сафійскага сабора ў Полацку, былога калегіума езуітаў у Пінску. Пачынаючы з 2000 года Беларусь прадстаўлена нацыянальнымі аб'ектамі ў прэстыжным Спісе сусветнай спадчыны UNESСO - Мірскім і Нясвіжскім замкамі, Геадэзічнай дугой Струвэ; нематэрыяльная спадчына - абрадам "Калядныя цары".
Правядзенне рэспубліканскіх святаў - "Дажынак", Дня беларускага пісьменства, - фестываляў і конкурсаў у рэгіёнах рэспублікі дазваляе канцэнтраваць матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы для вяртання аб'ектам спадчыны іх гістарычнай выявы.
Знакавымі падзеямі для культуры Беларусі цягам апошніх пяці гадоў з'явілася будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, рэстаўрацыя Вялікага тэатра оперы і балета, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускага дзяржаўнага цырка, Магілёўскага драматычнага тэатра, палаца Паскевічаў у Гомелі, палаца Пацёмкіна ў Крычаве.
Сфармівалася сістэма міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў, якіх штогод праходзіць па краіне 57. Фестывалі маюць глядацкую аўдыторыю больш за 1 млн. чалавек, не лічачы тэлевізійнай.
Адбыліся значныя дасягненні ў прафесійным мастацтве. Тэатральнае мастацтва Беларусі атрымала новы імпульс у стварэнні сцэнічных твораў, узбагачэнні беларускай тэатральнай скарбніцы яркімі імёнамі выканаўцаў, драматургаў, пастаноўшчыкаў, развіцці навуковай і крытычнай думкі тэатральнага накірунку.
Да 2013 года ўрадавай праграмай запланаваны капітальны рамонт і рэканструкцыя ўсіх 27 тэатраў рэспубліканскага і абласнога падпарадкавання.
Пашыралі дыяпазон форм абслугоўвання насельніцтва і дзяржаўныя канцэртныя арганізацыі. Павялічылася колькасць творчых калектываў, асабліва- пры абласных філармоніях. Высокім творчым узроўнем вылучаюцца Нацыянальны канцэртны аркестр, Дзяржаўны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны ансамбль танца і харэаграфічны ансамбль "Харошкі", Нацыянальны акадэмічны народны хор і іншыя калектывы. З пачатку 90-х гадоў у рэспубліцы пачала фарміравацца сетка новых тыпаў устаноў культуры: дамы рамёстваў і фальклору, народнай творчасці і народных традыцый.
Сучасныя змены ў грамадстве, значна ўзросшыя інфармацыйныя патрабаванні карэнным чынам змянілі сацыяльную ролю бібліятэк, якіх дзейнічае больш за 3800 у сістэме культуры.
Музейная сетка краіны не толькі не скарачаецца, а, наадварот, мае тэндэнцыю да росту. Цяпер у краіне дзейнічае 152 музеі. Агульнадзяржаўнай задачай з'яўляецца завяршэнне да 2012 года будаўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У краіне дзейнічае 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы, 21 - сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, 523 школы мастацтваў.
Высокі прафесіяналізм і ўнікальнае майстэрства нацыянальных талентаў забяспечваюць устойлівы попыт на выступленні беларускіх майстроў мастацтваў у шматлікіх краінах свету. Галоўнае - культурны патэнцыял нацыі за гэтыя гады быў захаваны і прымножаны.
Але культура - гэта жывы арганізм, і ён патрабуе новых захадаў, як па вырашэнні існуючых праблем, так і па стварэнні новых падыходаў да развіцця сферы. Таму неабходна прызнаць, што ў культуры павінен наступіць чарговы этап развіцця.
Каб разумець, што мы ўжо распачалі рэалізацыю новых падыходаў, дастаткова акрэсліць толькі тое, што адбылося ў сферы культуры.
10 раздзелаў у галоўным кірунку
Найважнейшай падзеяй апошняга часу з'яўляецца прыняцце, упершыню - на ўрадавым узроўні, Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады. Спадзяёмся, што яна створыць чарговы падмурак для вырашэння пытанняў далейшага развіцця нашай культуры. Праграма накіравана на вырашэнне найбольш актуальных праблем культурнага развіцця краіны. Мэтай яе з'яўляецца павышэнне сацыяльнай і эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання сферы. "Культура Беларусі" ўключае 10 раздзелаў, якія адпавядаюць асноўным задачам, галоўным кірункам дзейнасці Міністэрства культуры:
захаванне і развіццё матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны; забеспячэнне захаванасці Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і агульнадаступнасці музейных прадметаў; забеспячэнне свабоднага і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў і бібліятэчных фондаў для розных груп насельніцтва; развіццё прафесійнага мастацтва; падтрымка айчынных вытворцаў прадукцыі кінаі відэамастацтва і развіццё кінематаграфіі; падтрымка і развіццё народнай творчасці; развіццё сістэмы эстэтычнага выхавання, прафесійнай мастацкай адукацыі, падтрымка таленавітай моладзі; удасканальванне навуковага забеспячэння сферы культуры; умацаванне іміджа нацыянальнай культуры ў краіне і за мяжой; удасканальванне нарматыўнай прававой базы і эканамічнае стымуляванне развіцця сферы культуры.
Мы плануем па выніках рэалізацыі праграмы павялічыць наведвальнасць канцертаў, тэатраў, выставак на 20 адсоткаў, ажыццявіць поўную камп'ютарызацыю бібліятэк і на 100 адсоткаў падключыць іх да сеткі Інтэрнэт, на 10 - павялічыць Музейны фонд, на 15 - наведванне музеяў, завяршыць рамонт і пераабсталяванне ўсіх рэспубліканскіх і абласных тэатраў, мадэрнізаваць усе кінатэатры, правесці рамонтнааднаўленчыя работы на 34 аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, адкрыць 4 культурныя цэнтры за мяжой.
Мы спрабуем абудзіць ініцыятыву сферы культуры, накіраваную на развіццё новых праектаў і падыходаў. Рашэннямі Урада заснаваны "Нацыянальная тэатральная прэмія" і "Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва".
У 2010 годзе адбыўся першы праект "Культурная сталіца 2010 года", якой стаў горад Полацк, праект прадоўжыцца ў 2011-м у Гомелі. Спадзяёмся, што Гомель у лютым атрымае і статус першай Культурнай сталіцы СНД.
Упершыню за апошнія 85 гадоў адбылася Рэспубліканская выстаўка выяўленчага мастацтва "Зямля пад белымі крыламі", якая прайшла ва ўсіх абласцях і сталіцы краіны.
Па ініцыятыве Міністэрства культуры і дзякуючы актыўнай працы Вялікага тэатра з'явіліся новыя оперна-сімфанічныя праекты: Навагодні Баль у Вялікім тэатры, оперныя вечары ў Нясвіжскім замку, цікавым праектам стала Ноч музыкі ў Белдзяржфілармоніі, значна ўзбагацілася новымі формамі Ноч музеяў, якая прыцягнула дзясяткі тысяч наведвальнікаў. Спадзяёмся, што яны стануць традыцыйнымі мерапрыемствамі ў нашай культуры.
Адначасова з наданнем новага выгляду традыцыйным міжнародным фестывалям - "Славянскі базар у Віцебску", "Лістапад", "Беларуская музычная восень" - з'явіліся і цікавыя новыя форумы: Уладзіміра Співакова і этнакультурных традыцый "Покліч Палесся".
Асаблівай ацэнкі заслугоўвае творчая справаздачная акцыя ўсіх абласцей і горада Мінска ў сталіцы краіны на працягу 2008 - 2009 гадоў.
Для больш сістэмных узаемаадносін са СМІ на базе рэдакцыі газеты "Культура" створаны Інфармацыйны цэнтр "Культура-інфа".
Кіраўніком краіны падтрымана наша прапанова аб арганізацыі адукацыйных стажыровак маладых дзеячаў культуры за мяжой. Першыя стажыроўкі ўжо адбыліся ў Польшчы і Расіі. У 2011 годзе плануюцца ў Расіі, Чэхіі, Германіі і Аўстрыі.
Для нас важным з'яўляецца магчымая падтрымка прыватных культурных устаноў. Упершыню прафінансаваны спектакль Сучаснага мастацкага тэатра, "Мінск, я люблю цябе!" - па творах маладых беларускіх аўтараў, у пастаноўцы маладых беларускіх рэжысёраў.
Па ініцыятыве Міністэрства створаны Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў. Яго дзейнасць будзе звязана з рэалізацыяй перспектыўных тэатральных праектаў. Таксама Цэнтр будзе выконваць функцыі дырэкцыі розных фестывальных праектаў, такіх, як "Лістапад", "Панарама" і "Залатая маска ў Беларусі".
Міністэрства культуры і Нацыянальная бібліятэка ініцыянавалі ў 2010 годзе рэалізацыю міжнароднага праекта "Беларусь сёння". Штогод у фонды найбуйнейшых бібліятэк свету будуць перадавацца па сто лепшых кніг айчынных выдавецтваў, якія адлюстроўваюць сённяшні час, шматвекавую гісторыю і культуру краіны. Ужо перададзены кнігі Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы і бібліятэцы Кангрэса ЗША.
Цікавай падзеяй стала правядзенне рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю", у якім прынялі ўдзел звыш 4,3 тыс. маладых выканаўцаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны.
Урадам краіны прынята рашэнне аб стварэнні новай адукацыйнай і навукова-метадычнай установы Інстытут культуры Беларусі. У снежні 2010 года Інбелкульт распачаў сваю работу. Дадаткова інстытут будзе займацца пытаннямі аховы гісторыка-культурнай спадчыны, прагнозна-аналітычнай дзейнасцю ў сферы культуры і мастацтва, прэзентацыяй нацыянальнай культуры за мяжой, працай з беларусамі замежжа.
У 2010-м адбылося першае пасяджэнне Кансультатыўнага Савета па справах беларусаў замежжа, створанага пры Міністэрстве культуры. Распачалася праца над праектам Дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце".
Спадчына і спадкаемцы
Стартавала грамадская акцыя па зборы сродкаў на рэстаўрацыю Навагрудскага замка.
Вядзецца праца над падыходамі па стварэнні ў Мінску Цэнтра сучаснага мастацтва, а таксама Музейнага квартала і Рэспубліканскага рэстаўрацыйнага цэнтра на базе Нацыянальнага мастацкага музея.
Кіраўніцтвам краіны вялікая ўвага надаецца адраджэнню нацыянальнай спадчыны, рэстаўрацыі і аднаўленню гістарычных помнікаў.
У 2011 будзе працягвацца фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту рэстаўрацыйных работ на 16 аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны ў памеры больш за 161 млрд. рублёў.
Найбольш значнымі аб'ектамі, на якіх будуць прадоўжаны работы, з'яўляюцца будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага гістарычнага музея, Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, комплекс былога калегіума езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна, сядзібны комплекс у вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна.
У 2011 годзе плануецца завяршэнне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ па чацвёртай чарзе СвятаУваскрасенскага сабора ў Барысаве, першай чаргі Косаўскага палацава-паркавага ансамбля і палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы.
Сярод аб'ектаў культуры рэспубліканскай уласнасці ў 2011 годзе плануецца завяршыць работы па першым і другім пускавых комплексах аб'екта Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Таксама плануецца да ўводу ў эксплуатацыю ў бягучым годзе палацавы будынак у Нясвіжы.
Павелічэнне ў 2011 годзе на 170 адсоткаў фінансавых выдаткаў з рэспубліканскага бюджэту на аднаўленне і рэстаўрацыю помнікаў гісторыі і культуры Беларусі яшчэ раз падкрэслівае прыярытэтнасць і рэальную зацікаўленасць дзяржавы ў захаванні нацыянальнай гісторыкакультурнай спадчыны.
Указ, закон, праект
Важным накірункам нашай дзейнасці з'яўляецца ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы сферы культуры.
У 2010 годзе Кіраўніком краіны падпісаны Указ аб парадку фінансавання тэатральна-відовішчных устаноў. Увядзенне новага падыходу накіравана на паляпшэнне сітуацыі з фінансаваннем тэатраў і канцэртных арганізацый, на стварэнне эканамічнай зацікаўленасці тэатраў і філармоній у зараблянні пазабюджэтных сродкаў, каб дадаткова павышаць заробкі артыстаў, ажыццяўляць гастролі і інш.
Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў" з 1 студзеня 2011 года спрошчаны працэс арганізацыі і правядзення канцэртаў і спектакляў, адменена сістэма выдачы так званых гастрольных пасведчанняў, упершыню створаны ўмовы для развіцця сістэмы рэалізацыі электронных білетаў праз сетку Інтэрнэт.
Плануемае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у праект Закону Рэспублікі Беларусь "Аб музеях і Музейным фондзе" дазволіць музеям самастойна планаваць атрыманне даходаў.
Унесеныя на разгляд парламента змены ў Закон аб кінематаграфіі прадугледжваюць стварэнне сістэмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў кінавытворчасці, стымуляванне развіцця кінапрадзюсарства. Па даручэнні Прэзідэнта ў бліжэйшы час будзе завершана праца над праектам Указа аб далейшым эканамічным стымуляванні развіцця кінавытворчасці ў краіне.
На разглядзе ва Урадзе знаходзіцца праект нарматыўнаправавога акта, які можа стварыць новыя ўмовы для прыцягнення пазабюджэтных фінансавых сродкаў, эканамічныя і падаткавыя прэферэнцыі для развіцця сферы культуры. У бліжэйшы час будзе прыняты нарматыўны акт па стварэнні апякунскіх саветаў пры арганізацыях культуры, што паспрыяе развіццю мецэнацтва і спонсарства для ўстаноў культуры нашай сферы.
Крыніца канкурэнтаздольнасці краіны
Змены, якія адбываюцца ў грамадстве, цягнуць за сабой перагляд нашых уяўленняў аб ролі культуры ў дзяржаўных структурах і ў грамадстве. Культура ўзаемадзейнічае з адукацыяй, эканомікай, знешняй палітыкай і іншымі сферамі дзяржаўнай і чалавечай дзейнасці.
Культура сёння ўспрымаецца не толькі як сукупнасць агульнанацыянальных каштоўнасцей і не звязваецца выключна з культурнай спадчынай і народнай творчасцю, з прафесійнай культурай, але ўплывае на ўсебаковае развіццё чалавека.
У сувязі з гэтым нам варта падумаць аб ролі дзеяча культуры і ўстановы культуры ў сучасным грамадстве, аб тых чаканнях вынікаў творчых высілкаў асобы і большай эфектыўнасці працы ўстаноў культуры.
Адной з галоўных задач для культуры Беларусі ўяўляецца неабходным сканцэнтраваць усе намаганні чалавечага і фінансавага рэсурсаў, нашу працу на ўмацаванні станоўчага іміджа беларускай культуры. Перад намі - важная задача: паляпшэнне ўспрыняцця і запатрабаванасці беларускай культуры ўнутры краіны, з аднаго боку, а з іншага - стварэнне ўмоў для шырокага прадстаўлення якасці і разнастайнасці беларускай культуры за мяжой. Для рэалізацыі, як мне падаецца, гэтых дзвюх галоўных мэт на сучасным этапе развіцця айчыннай культуры неабходна выпрацоўка дакладных і сістэмных інструментаў і механізмаў іх дасягнення.
Асаблівая ўвага ў культурным і эстэтычным выхаванні грамадзяніна павінна быць нададзена сферы адукацыі: узаемадзеянне і ўзаемапранікненне сфер культуры і адукацыі з'яўляецца бясспрэчнай умовай у выхаванні свядомай і патрыятычна выхаванай асобы.
У Беларусі апошнім часам адбываецца эканамічная рэформа, накіраваная на больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных рэсурсаў нацыі, прыватызацыю дзяржаўнай маёмасці і развіццё недзяржаўнага сектара эканомікі. Надышоў час для ўсталявання дзяржаўна-прыватнага партнёрства і ў сферы культуры, неабходнасці ўвядзення механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных і недзяржаўных складнікаў сферы.
Пры разуменні неабходнасці захавання сістэмных падыходаў дзяржавы па фінансаванні сферы культуры, неабходна думаць аб рэалізацыі новых падыходаў спрыяння з боку дзяржавы для значнага зруху ў развіцці нашай сферы.
На першы план выступаюць выпрацоўка і рэалізацыя новых ідэй, павелічэнне ўвагі да чалавечага патэнцыялу і культуры як крыніцы канкурэнтаздольнасці краіны.
Неабходна развіваць праектную дзейнасць у сферы культуры, уводзіць сістэму грантаў на цэнтральным і рэгіянальных узроўнях, якія дазволілі б у дадатак да існуючай сістэмы стварыць перадумовы для з'яўлення і рэалізацыі новых ідэй і праектаў. Мы будзем здзіўлены з вамі, які велізарны абшар уяўляе з сябе "латэнтная культура", колькі таленавітых асоб змогуць выявіць сябе на культурнай ніве.
Прывілея як стымул
Для нас на першы план выходзіць і больш эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў, якія выдаткоўваюцца для ўтрымання сістэмы культуры. Прывілея атрымання бюджэтных рэсурсаў павінна пераўтварыцца ў стымул стварэння запатрабаванага твора мастацтва. На сённяшні дзень бюджэтнае дафінансаванне ўстаноў культуры арыентавана, хутчэй, не на атрымальніка культурных даброт, а на ўтрыманне ўстаноў культуры, і гэта часта прыводзіць да неэфектыўных бюджэтных выдаткаў. Бюджэтная палітыка павінна быць пераарыентавана ад кіравання выдаткамі да кіравання вынікамі.
Павінен быць уведзены праграмна-мэтавы метад бюджэтнага фінансавання культуры.
Неабходна працаваць над павышэннем адраснасці культурных паслуг, іх разнастайнасці, над павышэннем стандартаў абслугоўвання, забеспячэннем сучаснымі тэхнічнымі і тэхналагічнымі сродкамі (візуалізацыя, інтэр-музеі, дыстанцыйныя экспазіцыі, электронныя бібліятэкі і г. д.). Адным словам, гэта - інавацыі ў культуры.
Для стварэння новага імпульсу развіцця культуры больш чым наспела неабходнасць стварэння сістэмы шматканальнага фінансавання сферы: дзяржаўны бюджэт і прыватныя сродкі (мецэнаты, спонсары, інвестары). Аднак без яснай дэкларацыі дзяржавы, падмацаванай заканадаўчымі рашэннямі, бізнес не пачне ўкладваць сродкі ў сферу культуры.
Размова ідзе, хутчэй, не толькі аб прыбытковых камерцыйных структурах у галіне культуры, а шмат у чым аб развіцці гуманітарных арыентацый прадпрымальніцкіх колаў нашай краіны. Мецэнацтва для культуры павінна стаць адным з важных фактараў стымулявання новых ідэй і праектаў у сферы.
Апошняе, але не астатняе з гэтага блока падыходаў - роля сродкаў масавай інфармацыі краіны, якія, без сумнення, могуць стаць фактарам, што будзе працаваць на павышэнне ўнутранага і знешняга іміджа культуры, выхаванне чалавека, а значыць - рэалізацыю дзяржаўных задач у сферы культуры і мастацтва краіны.
Усё вышэйсказанае падводзіць да думкі неабходнасці ўзмацнення аналітычнай і прагнознай працы ў сферы культуры Беларусі, якую павінны выконваць Інбелкульт і тры ВНУ сферы.
Актыўна выяўляць пазіцыю
Пералічанае вышэй - гэта далёка не ўсе новыя падыходы па вырашэнні існуючых праблем сферы культуры. Мы адкрыты для новых праектаў і ініцыятыў, але для нас таксама вельмі важная і запатрабаваная аўтарытэтная падтрымка і экспертная ацэнка з боку членаў Рэспубліканскага савета.
Зразумела, што ў Палажэнне аб Рэспубліканскім савеце з часам могуць быць унесены змяненні, якія прадыктуе нам само жыццё.
Напрыканцы хацелася б акрэсліць прапановы для ўключэння ў План работы Рэспубліканскага савета на 2011 год, а менавіта: "Культура: выхаванне праз усё жыццё", "Аб ахове аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і іх выкарыстанні ў выхаваўчай рабоце і турыстычнай сферы", - і перспектыўны план дзейнасці:"Развіццё нацыянальнага тэатральнага мастацтва ў сучасным кантэксце"; "Развіццё культуры рэгіёнаў Беларусі"; "Прадстаўленне культуры Беларусі за мяжой"; "Распрацоўка комплексу прапаноў па падтрымцы беларускай мовы і літаратуры"; "Падтрымка творчай моладзі"; "Развіццё кінамастацтва"; "Роля грамадскіх арганізацый у развіцці культуры і мастацтва"; "Роля СМІ ў сферы культуры".
Мне хацелася б, каб мы актыўна выяўлялі сваю пазіцыю. Толькі ў гэтым выпадку работа Рэспубліканскага савета прынясе карысць нашай культуры і нашай краіне. Упэўнены, што стварэнне дадзенага грамадскага фарміравання дазволіць узмацніць увагу грамадскасці да пытанняў культуры, падтрымаць і здзейсніць найбольш важныя праекты.
Завяршаючы сваё выступленне, хачу выказаць упэўненасць, што разам, агульнымі намаганнямі, наш Савет будзе спрыяць захаванню і развіццю нашай нацыянальнай культуры, каб яна развівалася і надалей як сапраўды стратэгічны рэсурс нашай краіны.
Калыска для тэорыі адноснасці
Тэма мастацка-эстэтычнага выхавання дзяцей і падлеткаў ужо не першы год - у эпіцэнтры грамадскай увагі. Была закранута яна і на пасяджэнні Савета. Выступленне рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Барыса Святлова многіх зачапіла за жывое:
- Да 2008 года ў агульнаадукацыйных школах выкладаўся шэраг дысцыплін, скіраваных на эстэтычнае выхаванне моладзі. Аднак гадзіны ўрокаў музыкі і выяўленчага мастацтва былі скарочаны, а прадмет "Сусветная мастацкая культура" ўвогуле выключаны з абавязковай навучальнай праграмы. Усё гэта адразу негатыўна адбілася на ўзроўні мастацка-эстэтычнай адукацыі школьнікаў. І ўжо час крычаць: "Ці з майстрамі культуры вы, выдатнікі адукацыі?" Нагадаю, што на пачатку 90-х амаль кожная трэцяя школа мела той або іншы агульна-эстэтычны ці мастацкі ўхіл!..
Менавіта ранняя творчая падрыхтоўка дае магчымасць дакрануцца да мастацкай прафесіі, свядома зрабіць выбар. Скараціўшы прадметы мастацкаэстэтычнага цыкла, мы губляем таленавітую моладзь, значна змяншаем колькасць абітурыентаў у творчых ВНУ. А сярод тых, хто прыйдзе ў прыёмную камісію, узрасце колькасць "выпадковых" людзей, - упэўнены Барыс Святлоў. - Таму ў гэтай сітуацыі пацерпяць і "фізікі", лепшыя з якіх, дарэчы, неаднойчы падкрэслівалі значэнне мастацтва ў сваім лёсе. Згадайма таго ж Эйнштэйна, які заўсёды акцэнтаваў ролю раманаў Дастаеўскага ў сваёй працы над стварэннем тэорыі адноснасці...
Заклапочанасць рэктара БДУКіМ падзялілі і іншыя члены Савета. Таму прагучала прапанова вынесці тэму "Культура: выхаванне праз усё жыццё" на яго другое пасяджэнне, якое адбудзецца ў красавіку.
Спектакль дзеля адраджэння замка
Як і можна было прадбачыць, тэма аховы гісторыка-культурнай спадчыны на першым пасяджэнні Савета стала адной з магістральных. У прыватнасці, закрануты і такі яе актуальны аспект: сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей унесены толькі 5382 аб'екты. На думку спецыялістаў, гэта - усяго толькі трэцяя частка ад усіх каштоўнасцей нашай краіны. Як вынік, адбываецца няўмольны працэс паступовага знішчэння тых аб'ектаў, якія не знаходзяцца пад аховай дзяржавы. І менавіта Савет можа зрабіць шэраг захадаў для змены гэтай сітуацыі.
- Наша спадчына працягвае справу духоўнага служэння грамадству. А яно, у сваю чаргу, павінна зразумець гэта, усвядоміць важную ролю старадаўніх артэфактаў культуры ў жыцці краіны, - адзначыў намеснік старшыні Савета Анатоль Бутэвіч. - На сённяшні дзень неабходна змена грамадскай думкі ў адносінах да помнікаў спадчыны...
Анатоль Бутэвіч прапанаваў членам Савета ўласным прыкладам падтрымаць нашу агульную спадчыну, падставіць сваё плячо дзяржаве, якая бярэ на сябе вялікую частку фінансавання рэстаўрацыі архітэктурных артэфактаў. У прыватнасці, адной з прапаноў намесніка старшыні стала правядзенне адмысловых культурных акцый, якія ўключалі б дабрачынныя канцэрты, спектаклі, мастацкія выстаўкі, а сродкі ад іх правядзення маглі б дапамагчы ў аднаўленні таго ж Навагрудскага замка.
Дзякуючы дзейнасці Савета ёсць надзея вырашыць і яшчэ адну набалелую праблему: недахоп кадраў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Сёння ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры працуе 16 чалавек, а спецыялісты, якія займаюцца гэтай справай на прафесійнай аснове, не спалучаючы яе з выкананнем іншых абавязкаў, ёсць далёка не ў кожным раёне. Па словах Анатоля Бутэвіча, асабліва востра гэтая праблема стаіць у Магілёўскай вобласці.
У сувязі з гэтым на пасяджэнні была разгледжана прапанова надаць упраўленню па ахове гісторыкакультурнай спадчыны і рэстаўрацыі статус дэпартамента. Без сумневу, такая інавацыя павінна паспрыяць больш дбайнаму кантролю за захаваннем каштоўных аб'ектаў гісторыі і культуры.
- Савет павінен звярнуць увагу і яшчэ на адну праблему, што палягае ў гэтай жа плоскасці, - падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў у сферы рэстаўрацыі, - адзначыў Анатоль Бутэвіч. - Пры гэтым, відавочна, неабходна ўлічваць еўрапейскі вопыт.
Не менш востра стаіць і пытанне адказнасці за разбурэнне ці пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці спадчыны. Тым больш, праекты ахоўнай зоны распрацаваны ўсяго для сотні помнікаў спадчыны. Таму Савет прапанаваў Міністэрству культуры не разглядаць ніводнага інвестыцыйнага__ праекта, які будзе закранаць тэрыторыю помніка гісторыі і культуры, калі апошні не мае акрэсленай ахоўнай зоны.
У фармаце - славутыя імёны
Хвалюе ўдзельнікаў Савета і далейшае развіццё айчыннага тэлебачання і радыё, а дакладней - напаўненне сеткі вяшчання перадачамі культурнаасветніцкага характару, у тым ліку запісамі тэатральных пастановак, канцэртаў вядучых музычных калектываў. У прыватнасці, пад час пасяджэння была прапанавана ідэя правесці акцыю на Беларускім радыё "Чытаем Багдановіча разам", прымеркаваную да 120-годдзя з дня нараджэння класіка.
Увогуле, у планах Савета таксама - і ініцыяванне ўласных акцый, якія павінны выходзіць і за межы Беларусі. Важны аспект міжнароднай дзейнасці - стварэнне сістэмы цэнтраў беларускай культуры ў замежных краінах. Прагучалі заклікі больш актыўна працаваць з замежнымі перакладчыкамі, праводзіць міжнародныя кангрэсы, каб за мяжой нашу літаратуру таксама ведалі і чыталі.
Адзначыўшы, што пераважная большасць айчынных кніжных помнікаў сёння знаходзіцца за межамі краіны, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі выказаў спадзяванні, што Савет можа паспрыяць вяртанню іх на радзіму.
Сярод канструктыўных прапаноў з боку доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса прагучала ідэя больш актыўна супрацоўнічаць з прадстаўнікамі славутых беларускіх родаў, ствараць адпаведныя дабрачынныя фонды, якія маглі б акумуляваць сродкі на рэстаўрацыю найбольш значных аб'ектаў архітэктуры, і ў прыватнасці - палаца Сапегаў у Ружанах. Да таго ж, выглядае перспектыўным і стварэнне турыстычнага брэнда "Залатое кольца", якое аб'яднае Нясвіж, Мір, Навагрудак, Ружаны і Гродна.
- У той жа час, поруч з адраджэннем вялікіх архітэктурных комплексаў, застаюцца без асаблівай увагі невялікія, але таксама важныя помнікі сядзібна-паркавага мастацтва, - дадаў дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі Аляксандр Лакотка. - Вырашаючы праблему развіцця турызму, варта парупіцца і аб напаўненні адметнасцямі прасторы між ужо "раскручанымі" брэндамі кшталту Мірскага замка ды Нясвіжскага палаца. Тым болей, з такімі помнікамі нярэдка звязаны славутыя імёны нашай Бацькаўшчыны...
Таму даволі лагічнай стала прапанова распрацоўкі праграмы па ўшанаванні памятных дат, звязаных са славутымі імёнамі і значнымі падзеямі нашай краіны, і, разам з тым, паэтапнага вядзення рэстаўрацыйных работ на сядзібах, непасрэдна звязаных з гэтымі датамі.
Ператвараючы слова ў справу
На першым пасяджэнні ў Міры быў акрэслены спектр праблем, якія ўжо добра вядомыя дзеячам культуры. У прыватнасці, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі Аляксей Дудараў зноў узняў пытанне стварэння прафесійнага тэатра ў Полацку, гаварыў аб спрашчэнні заблытанай на сёння сістэмы надання ганаровых званняў дзеячам культуры. Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег Хмялькоў настойваў на пераглядзе груп аплаты працы, якія сёння фарміруюцца на аснове дакументаў дзесяцігадовай даўніны.
Хтосьці можа засумнявацца: ці не стане Савет, так бы мовіць, дэкаратыўным? Але на пасяджэнні ў Міры ўжо былі зроблены пэўныя крокі да ператварэння размоў у дзеянне. Прынята рашэнне аб разглядзе пастаяннай рабочай групай усіх прапаноў, якія былі выказаны пад час першага пасяджэння яго членамі і іх далейшым ініцыяванні для разгляду ў Савеце Міністраў, міністэрствах, ведамствах і мясцовых органах кіравання.
Напрыканцы быў зацверджаны перспектыўны план дзейнасці разгляду пытанняў у межах Рэспубліканскага савета. Магчыма, менавіта на такіх пасяджэннях, калі разам збіраюцца мэтры ўсіх галін культуры, будуць знойдзены больш эфектыўныя вырашэнні праблем, некаторыя з якіх не страчваюць актуальнасці ўжо цягам не аднаго дзесяцігоддзя.
Галоўнае, што да праблем культуры праз Савет можна будзе далучыць як мага больш зацікаўленых людзей, у тым ліку прадстаўнікоў розных структур, арганізацый, усёй вертыкалі ўлады, каб аб'яднанымі намаганнямі зрабіць значна больш для развіцця сферы.
Канстанцін АНТАНОВІЧ, Настасся ПАНКРАТАВА, Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецыяльныя карэспандэнты
Мінск - Мір - Мінск