Дрэва любові Наталлі Паплаўскай

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Час бяжыць, і за мітуснёй штодзённай кожны з нас неўпрыкмет падыходзіць да “круглай даты”, калі трэба падвесці чарговую рысу перажытага, здзейсненага за пэўны перыяд жыцця, і, не спяшаючыся, адзначыць, што яшчэ можна зрабіць. Вось і да Наталлі Паплаўскай, адной з самых вядомых мастачак нашай краіны, лаўрэаткі прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, уладальніцы медаля Францыска Скарыны і шматлікіх айчынных ды замежных дыпломаў за лепшыя ілюстрацыі, прыйшла такая “круглая дата”. А роўна 55 гадоў таму яна, яшчэ студэнтка Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, упершыню прадставіла свае творы на рэспубліканскай выстаўцы ў Мінску…

/i/content/pi/cult/306/5225/pic_33.jpgЗ гэтага ўсё і пачалося. І самае цікавае было ў тым, што адразу яна імкнулася захаваць свой адметны шлях у мастацтве, сваё асабістае стаўленне да жыцця, свае тэмы, сюжэты і вобразна-выяўленчыя прыёмы. Паэзія і хараство навакольнага свету дзяцінства, сувязь чалавека з квітнеючай зямлёй, пачынаючы з першай графічнай серыі "Прырода і дзеці", сталі на доўгія гады неад'емнай часткай яе самабытнай творчасці, якая непасрэдна і арганічна звязана з духоўнымі народнымі вытокамі.

А потым былі бліскучыя літаграфскія ілюстрацыі, станковыя аркушы і малюнкі па матывах шматлікіх беларускіх народных казак, песень і легенд, у тым ліку да зборнікаў "Дрэва кахання", "Ладачкі-ладкі", "Беларускія дзіцячыя песенькі", "Музыка-чарадзей", серыя ўнікальных кніжак-малышак "Беларускія народныя казкі" (дзесяць - у адным блоку), якія перавыдадзены на тры еўрапейскія мовы. Яшчэ можна ўзгадаць таленавітае мастацкае афармленне казак народаў замежных краін, "дарослых" кніг прозы і паэзіі беларускіх і сусветных літаратараў: І.Мележа, Я.Брыля, А.Гурскага, Н.Лапіцкай, Р.Кіплінга, В.Гаўфа, Л.Ліндгрэн, Г.Х. Андэрсена, Ш.Перо...

Вялікі ўклад Наталля Мікалаеўна ўнесла ў станковае графічнае мастацтва і акварэль. Хто не ведае яе цыклы "Помнікі гісторыі і архітэктуры Беларусі", "Музей прыроды", "Браслаўскія матывы", "З Чырвонай кнігі", "Яны належать усім", якія з поспехам экспанаваліся на нацыянальных і міжнародных выстаўках у краінах блізкага і далёкага замежжа. Шыкоўны цыкл станковых аркушаў у розных тэхніках - "Героі беларускіх казак", дзе мастачка гарманічна змагла сплясці рэальныя назіранні з фальклорнымі вобразамі, у выніку чаго стварыла свой тыпаж казачных персанажаў, што назаўсёды засталіся ў візуальнай памяці не толькі маленькіх чытачоў.

Асобная старонка творчасці Н.Паплаўскай - /i/content/pi/cult/306/5225/pic_34.jpgБраслаўшчына, якой яна прысвяціла больш за сотню паэтычных літаграфій, акварэлей і малюнкаў. Разам са сваім паплечнікам і мужам, народным мастаком краіны Георгіем Паплаўскім і дачкой - таксама таленавітай мастачкай - Кацярынай яна правяла ў тым маляўнічым куточку чарадзейных азёр, так бы мовіць, "на пленэры", не адно дзесяцігоддзе. І, канешне ж, не магла не ўвасобіць гэты цуд у сваіх эстампах, замалёўках і акварэльным жывапісе. Браслаўскія творы, як адзначае сама творца, хаця і прадыктаваны канкрэтнай натурай, але выглядаюць як своеасаблівая настальгія па дасканаласці, якой аўтару хацелася падзяліцца з гледачом, прыцягнуць ягоную увагу, выклікаць суперажыванне ў тых, хто не змог пабачыць гэтае ўнікальнае хараство.

Так, казка, фальклор, легенда, прырода, добрыя і прыгожыя людзі, якія жывуць у любові і згодзе, - сапраўднае царства Наталлі Паплаўскай, дзе мастачка - гаспадыня, і толькі талент і сардэчная прыхільнасць да жыцця вызначаюць межы яе ўладанняў. Гэтая свабода вяртае Паплаўскую да яе спрадвечнага паклікання - пластычнай інтэрпрэтацыі рэальнасці, да чароўнага дзеяння (літаральна "маніпуліравання") лініяй і колерам, прасторай і фактурай, святлом і аб'ёмам, да стварэння новых, сваіх, прыцягальных душэўнай шчодрасцю вобразаў, уласцівых толькі ей, Наталлі Паплаўскай. У яе чыстым і добрым мастацтве знайшлі яркае ўвасабленне і нястрымная аўтарская фантазія, і рэдкі дэкаратыўны талент, і выключнае ўменне цудоўна збудаваць "канструкцыю" кампазіцыі, і дакладнасць этнаграфічных і пейзажных прыкмет.

Хачу яшчэ адзначыць дзейнасць Наталлі Мікалаеўны як дызайнера - аўтара праектаў і мастацтвазнаўчых тэкстаў некалькіх альбомаў і каталогаў. Сярод самых значных - альбом "Браслаўшчына. Дзённік мастакоў" (зборнік літаратурных і мастацкіх замалёвак і роздумаў пра Браслаўшчыну і яе цудоўных людзей - на матэрыяле ўласнай творчасці і творчасці Георгія Паплаўскага) ды фундаментальны альбом-манаграфія "Георгій Паплаўскі. Рамантык суровага стылю", днямі выпушчаны ў выдавецтве "Чатыры чвэрці" пры фінансаванні фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, Міністэрства культуры Беларусі і Нацыянальнай акадэміі навук краіны.

Словам, юбілярцы ёсць чым ганарыцца! Дык у чым яно, славутае шчасце гэтай таленавітай жанчыны? У вялікай любові да жыцця, у дружнай сям'і, у светлай і добрай творчасці? Ці ў страсці ўсім гэтым валодаць?

Ніна МАРЧАНКА, мастацтвазнаўца