Жыццялюбства як спосаб заставацца жывым

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Дваццацігадовы шлях станаўлення і сталення, які прайшоў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, сёння ўжо папраўдзе становіцца гісторыяй. А таму, памятаючы пра мінулае, разам з дырэктарам і мастацкім кіраўніком тэатра Валерыем АНІСЕНКАМ мы паспрабавалі зазірнуць у будучае калектыву і акрэсліць тыя стратэгічныя накірункі развіцця, якія бачацца лідэру РТБД прыярытэтнымі і важнымі не толькі з пункта гледжання прафесійнага развіцця, але і як ідэйна-духоўныя арыенціры мастацкай палітыкі ўстановы.

/i/content/pi/cult/306/5224/pic_32.jpg- Асноўны вектар, якога мы прытрымліваемся сёння і ад якога не збіраемся адмаўляцца і ў будучым, - заставацца жывым тэатрам. Як паказвае практыка, гэта не так ужо і проста, асабліва ў час, калі не толькі на тэатральныя падмосткі, але ў мастацтва ўвогуле пранікае шмат бязладнасці, безгустоўнасці і элементарнага непрафесіяналізму.

- Што асабіста вы ўкладваеце ў паняцце "жывы тэатр"?

- І я, і ўвесь наш калектыў лічыць, што самае важнае - звяртацца непасрэдна да чалавечай душы. Галоўная наша "страва" - псіхалагічны рэалістычны тэатр, а ўжо рэжысёрскія "гарніры" і манеры "гатавання" могуць быць самыя розныя. Важна толькі ўвесь час сачыць за тым, каб знешняя форма, "апратка", не засланяла змест і сэнс, каб ні рэжысёры, ні акцёры не "хаваліся" за гэтым. Тэатр - мастацтва, дзе ўсе залежаць адно ад аднаго. І рэжысёр можа да канца самавыявіцца толькі тады, калі мае справы з акцёрамі высокага ўзроўню, якім падуладна любая, без выключэння, драматургія.

- Але ж, пагадзіцеся, і акцёры могуць дарасці да гэткага ўзроўню, толькі калі маюць магчымасць працаваць з высакакласнымі, насамрэч крэатыўнымі рэжысёрамі...

- Згодны. Менавіта таму для мяне так важна выхаваць калектыў прафесіяналаў, высакакласную трупу, з якой змаглі б працаваць абсалютна любыя рэжысёры- ці то прыхільнікі традыцыйнай пастановачнай тэхнікі, ці то авангардысты. Бо ў аснове любога стылю работы павінна палягаць прафесія. Гэта я і сам трымаю ў падсвядомасці, і закладваю сваім акцёрам і рэжысёрам. Чаму я не здымаю з рэпертуару "Чорны квадрат", які ідзе цягам вось ужо чатырнаццаці гадоў? Ды таму, што ён дае магчымасць акцёрам увесь час эксперыментаваць, вышукваць ва ўласным сцэнічным існаванні новыя і новыя грані. І часам яны "вычвараюць" на гэтым спектаклі такое, што па-добраму здзіўляе не толькі гледачоў, але і мяне, і іх саміх.

- Вяртаючыся да назвы вашага тэатра як увасаблення першапачатковай, зыходнай ідэі, як вы бачыце развіццё беларускай драматургіі на дадзеным этапе і ў перспектыве?

- Скажу адкрыта і прынцыпова: на сённяшні дзень у нас ужо ёсць важны і даволі пэўны плён. Так што ўсім, хто робіць выгляд, што гэта не так, раю паглядзець на сітуацыю рэальна. Колькі я сябе памятаю ў прафесіі, ніколі раней у беларускім тэатры не было такога драматургічнага "Рэнесанса". Узгадайце, як у былыя часы лічылася, што ёсць Крапіва "і нехта яшчэ", потым- Макаёнак, за ім - Дудараў і ўсё тыя ж "нехта яшчэ". Сёння ж мы маем папраўдзе россып маладых імёнаў людзей, якія спрабуюць свае сілы ў драматургічнай дзейнасці. Іншая справа, што цяпер перад імі- і перад усімі намі- стаіць задача шмат працаваць над тым, каб гэтая колькасць выкшталцоўвала яшчэ і якасць.

- Ведаю, што вы цяпер імкняцеся "матэрыялізаваць" яшчэ адну ідэю - арганізацыю фестывалю...

- Так, я лічу, што нам надзвычай патрэбны форум малых форм, арыентаваны адмыслова на маладую нацыянальную драматургію. І ствараць яго неабходна акурат зараз! Бо як жа можна прапагандаваць беларускую драматургію і нацыянальнае тэатральнае мастацтва, калі ніхто, акрамя нас саміх, іх не бачыць? Прыкладам, у рэпертуары РТБД спектакль "Адэль" па п'есе айчыннага драматурга Яўгена Таганава ідзе ўжо 10 гадоў, і ён літаральна корміць нас! Але хто яшчэ ведае гэтую цудоўную п'есу? А вось калі б у нас існаваў механізм, што даваў бы магчымасць паказаць спектакль у самых розных фестывальных аўдыторыях, размножыць і распаўсюдзіць саму п'есу, думаю, размоў пра адсутнасць на Беларусі цікавых сучасных п'ес стала б значна менш. У мінулым годзе мы павінны былі выступіць з нашым пленэрным спектаклем "Чайка" ў Здраўнёве ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". На жаль, тыя нашы планы не здзейсніліся. Але ж мы пабачылі, што ў Здраўнёве можна было б зладзіць сапраўдную праграму пленэрных паказаў, у выніку чаго на "Славянскім базары..." тэатральнае мастацтва прадстаўлялі б не выпадковыя запрошаныя антрэпрызы, а цікавыя прафесійныя калектывы, прычым як замежныя, так і нашы, айчынныя. Не трэба чакаць, што нехта за нас будзе займацца распаўсюджваннем і папулярызацыяй здабыткаў айчыннага тэатральнага мастацтва.

- На юбілейнай хвалі, што вы пажадалі б свайму калектыву і сваім ўдзячным гледачам?

- Найперш, канешне ж, - здароўя. Але ў большай ступені- жыццялюбства. У наш час мы вельмі рэдка задумваемся над тым, што знешнія фактары і абставіны могуць быць самымі рознымі. Але галоўная канстанта, якую нельга страчваць не толькі ў нашай прафесіі, але і ў жыцці наогул,- гэта акурат жыццялюбства, вера ў тое, што жыццё здольнае дарыць чалавеку радасць і пазітыў. А чалавек, у сваю чаргу, мусіць дзяліцца імі з навакольнымі. І калі кожны з нас навучыцца культываваць у сабе гэтае жыццялюбства, я лічу, тое станецца велізарным чалавечым дасягненнем. Акурат таму жадаю гэтага сабе, сваёй трупе і ўсім нашым адданым гледачам, якія любяць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ва ўсіх яго праявах.