Рэсурс — карпаратыўны

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Актуальна

 

Як паведамляе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры ўдзеле Нацыянальнай кніжнай палаты і найбуйнейшых бібліятэк краіны распрацавала "Праграму развіцця нацыянальнай бібліяграфіі Беларусі на 2011 - 2015 гады і на перспектыву". Праграма зацверджана Міністэрствам культуры і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Рэалізацыя праграмы дазволіць краіне значна пашырыць межы сусветнага інфармацыйнага ўплыву, бо развіццё нацыянальнай бібліяграфіі сведчыць аб высокім узроўні культуры і спрыяе паспяховаму міждзяржаўнаму ўзаемадзеянню.

Намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шышкін зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К", што неабходнасць распрацоўкі праграмы выклікана надзённай патрэбай стварэння максімальна поўнага бібліяграфічнага рэпертуару нацыянальнага дакумента. Як вынік, карыстальнікі атрымаюць у аддаленым доступе карпаратыўны электронны інфармацыйны рэсурс. Сайт дапаможа атрымаць звесткі аб усіх дакументах - ад старадрукаў да сучасных выданняў. Ён забяспечыць доступ да самых разнастайных электронных рэсурсаў, дазволіць інтэграваць крыніцы бібліяграфіі з Нацыянальнай электроннай бібліятэкай.

Па словах Уладзіміра Шышкіна, у перспектыве адбудзецца інтэграцыя нашай бібліяграфіі ў сусветную інфармацыйную прастору, што будзе спрыяць папулярызацыі беларускай дзяржавы. Дарэчы, асноўныя палажэнні згаданай праграмы знайшлі адлюстраванне ў Дзяржпраграме "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады.

Як адзначыла, у сваю чаргу, "К" намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч, паводле Праграмы развіцця нацыянальнай бібліяграфіі Беларусі, абласныя бібліятэкі і іншыя інфармацыйныя ўстановы ў рэгіёнах адказваюць за аператыўнае адлюстраванне дакументаў мясцовага друку ў рамках бягучага ўліку нацыянальнага дакумента, за улік мясцовых дакументаў, што выйшлі за ўвесь перыяд існавання тэрытарыяльнай адзінкі ў рамках стварэння рэтраспектыўнай нацыянальнай бібліяграфіі, а таксама за выяўленне, адбор і стварэнне бібліяграфічных запісаў на дакументы, прысвечаныя пэўным мясцінам.

Таццяна Кузьмініч кажа, што тэхналогія гэтай работы прадугледжвае не толькі складанне адпаведных бібліяграфічных, але і апрацоўку спісаў нацыянальных дакументаў, адабраных з электроннага каталога і баз даных.