На "Ювелірыцы" былі прадстаўлены ювелірныя ўпрыгожанні, зробленыя мастаком-эмальерам: кольцы, падвескі, шпількі, прышыўныя і звычайныя брошкі, абразкі, а таксама такія дэкаратыўныя формы, як мастацкія эмалі. Перад намі, так бы мовіць, вынік паўсядзённай працы ювеліра, але колькі велічы, любові і майстэрства ў гэтых быццам бы звычайных рэчах, якія па праве склалі экспазіцыю ў музеі!
Колькі пяшчоты і замілавання ў падвесках "Вырай", колькі радасці і танца колераў у серыі "Успамін пра вясёлку", колькі майстэрства ў эмалях з серыі "Краявід", а таксама серыі, прысвечанай Грунвальдскай бітве!.. Пералік эпітэтаў можна доўжыць, - але тое, што імя Мікалая Кузьміча стварае славу беларускага ювелірнага мастацтва, па сутнасці, стварае яго (мастацтва) школу, - не падлягае сумневу.
Здавался б, што можна ўбачыць цікавага ў такім барочным аксесуары, як брошка? Але брошкі аўтарства Мікалая Кузьміча - гэта свята фантазіі і нечаканых увасабленняў: маленькія шэдэўры, праз якія можна распавесці аб мілых сэрцу краявідах Бацькаўшчыны (брошкі "Краявід"), аб'ёмныя курганы, чароўным чынам паменшаныя ў памерах ("Відзіж-Горы"), танюсенькія травінкі, на якіх блішчыць ранішняя раса ("Расінкі")... Нешараговае спалучэнне матэрыялаў: жэмчуг і метал, перліны і эмаль, эмаль і медзь... Нечаканая, але пазнавальная форма твораў, аўтарскі светапогляд, высокае майстэрства - усё складаецца і вызначае стыль Мікалая Кузьміча як мастака сучаснага ювелірнага мастацтва.
Эмаль - той матэрыял, які, на думку ювеліра, можна было б назваць "нацыянальным" для Беларусі (як культывуюць той жа бурштын літоўцы, а срэбра - палякі). І ў справе папулярызацыі гэтага, пакуль яшчэ не напоўніцу раскрытага для абывацеля, матэрыялу Мікалай Кузьміч робіць усё магчымае і немагчымае: яго эмалі ззяюць святлом золата, песцяць вока яснымі колерамі і западаюць у душу вобразамі блізкімі і роднымі. У кожнай рабоце мастака- зварот да гісторыі, няўлоўнага і незабыўнага хараства, да багатай культуры, да неразгаданых таямніц роднага краю, гэта роздум майстра над лёсам Беларусі. У кожнай рэчы схаваны мікракосм, які распавядае гісторыю тваёй зямлі.
І, мабыць, менавіта гэтая любоў майстра да Радзімы прымушае нават халодны метал выпраменьваць тую дзіўную і незабыўную цеплыню, якая адчуваецца кожным, хто бачыць творы брэсцкага ювеліра.
На здымках: ювелірныя работы М.Кузьміча.