СПРАВА, КАНЕШНЕ, НЕ Ў СТАТУЭТЦЫ...

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

Пітчынг і оскараўскі камітэт як спажыва для роздуму

/i/content/pi/cult/305/5202/5-1.jpg

Пасля сакавіка мінулага года, калі беларускі акцёр Ігар Сігоў прайшоў па самай знакамітай у свеце кіно "чырвонай дарожцы", пытання "Калі беларусы паедуць на "Оскар"?" ужо не ўзнікае. Няхай наш артыст, які выканаў галоўную ролю ў кароткаметражнай стужцы ірландскага рэжысёра Хуаніты Уілсан "Дзверы", і не атрымаў запаветную статуэтку, але сам факт прысутнасці суайчынніка ў спісе патэнцыйных уладальнікаў "Оскара" не можа не радаваць. Тое быў, як кажуць, "шчаслівы выпадак": здымкі і падзеі стужкі Уілсан разгортваліся ва Украіне, і, каб атрымаць сваю ролю, беларускі артыст прайшоў сур'ёзны кастынг, - пры трохі іншым раскладзе на яго месцы мог быць і іншы. Але што зрабіць, каб прысутнасць беларусаў на "Оскары" ды іншых кінематаграфічных мерапрыемствах сусветнага ўзроўню была не выпадковай? Аб гэтым вырашыў паразважаць карэспандэнт "Культуры".

У свеце існуе некалькі нацыянальных кінематаграфій, цалкам і паспяхова сарыентаваных толькі на свайго, айчыннага гледача. Эканамічныя ды іншыя разлікі сведчаць аб тым, што сучаснае кіно можа ўпэўнена развівацца толькі ў міжнароднай кааперацыі, якая дазваляе дэманстраваць свае карціны жыхарам іншых краін. Але беларускае кіно пакуль не можа пахваліцца цеснымі сувязямі на сусветным узроўні, за выключэннем сталых, і, у цэлым, паспяховых стасункаў з расійскімі калегамі. На жаль, на іншых геаграфічных напрамках - амаль злавесная цішыня. Пра магчымасці нашай кінастудыі, якая паступова мадэрнізуецца, і выгоды здымак у нашай краіне ў цэлым ведаюць хіба адзінкі іншаземных прадзюсараў, у чым аўтар гэтых радкоў неаднойчы ўпэўніваўся пад час гутарак з замежнымі калегамі.

Між іншым, удалае геаграфічнае становішча, маляўнічыя краявіды і помнікі дойлідства, прафесійны, адукаваны персанал робяць Беларусь вельмі прывабнай патэнцыйнай здымачнай пляцоўкай, у тым ліку для сумесных праектаў. Прынамсі, па схеме міжнароднай кааперацыі ды запрашэння замежных кінематаграфістаў на свае натурныя пляцоўкі і студыйныя павільёны ідуць сёння кінематаграфіі Цэнтральнай Еўропы - нашы нядаўнія партнёры па "кінамастацтве краін сацыялістычнага лагера" з Чэхіі, Венгрыі, Румыніі. Дарэчы, новае пакаленне румынскіх творцаў, назапасіўшы неабходны досвед на сумесных праектах з калегамі з Галівуда, упершыню за шмат гадоў выйшла на высокі фестывальны ўзровень, заваяваўшы, у тым ліку, і "Залатую пальмавую галіну" ў Каннах.

Нам да такой высокай узнагароды пакуль далёка - беларусы ніколі не траплялі ў конкурсныя праграмы фестываляў класа "А". На жаль, прадстаўніцтва нашай краіны на самых прэстыжных кінафорумах зводзіцца да працы на іх некалькіх прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. А шкада! Бо менавіта кінафестывалі ў сучаснай сістэме міжнароднай кааперацыі выконваюць ролю кантактных біржаў, дзе творцы знаходзяць партнёраў па будучых пастаноўках. Нават глабальнае распаўсюджанне Інтэрнэта не можа замяніць жывых стасункаў, калі за адным сталом прафесіяналы абмяркоўваюць дэталі будучага супрацоўніцтва ды прапануюць стаць саўдзельнікам у сваім праекце. Першай ластаўкай такой працы можна лічыць сустрэчу патэнцыйных удзельнікаў праекта вядомага расійскага сцэнарыста і рэжысёра Аляксандра Міндадзэ "У суботу", якая адбылася ў 2009 годзе ў межах фестывалю "Лістапад". На жаль, "Беларусьфільм" у выніку не прыняў удзел у гэтай сумеснай вытворчасці, зза чаго ўпусціў рэальны шанц трапіць у каталог аднаго з самых прэстыжных фестываляў у свеце. А, як высветлілася днямі, знятая, усё-такі без удзелу беларускага боку, карціна Міндадзэ адабрана ў асноўны конкурс "Берлінале", што, па традыцыі, пройдзе ў сталіцы Германіі ў лютым гэтага года.

Што такое "пітчынг"?

 У апошнія некалькі гадоў надзвычай папулярным мерапрыемствам пад час любога саліднага кінафэсту сталі так званыя пітчынгі - своеасаблівыя біржы праектаў у выглядзе прэзентацый, на якіх аўтар сцэнарыя або рэжысёр паведамляе аб сутнасці будучага твора, яго сюжэце, месцах здымак, патрэбных на вытворчасць сродках. Робіцца гэта з мэтай, зноў-такі, зацікавіць прадстаўнікоў сусветнай кінематаграфічнай супольнасці, знайсці патэнцыйных партнёраў ды інвестараў. Нават калі атрымаць водгук на свой праект не ўдаецца, удзел у пітчынгу на сур'ёзным кінафоруме дазваляе заявіць кінакампаніі або цэлай краіне ўголас аб сваім існаванні, ацаніць магчымасці іншых кінематаграфістаў. Што да постсавецкай еўразійскай прасторы, то свае пітчынгі на ёй займелі амаль усе буйныя фэсты, у тым ліку сочынскі "Кінатаўр" і анапскі "Кінашок". Дарэчы, у біржы праектаў на апошнім, у верасні мінулага года, удзельнічалі прадстаўнікі практычна з усіх краін былога СССР, але, на жаль, не беларусы. Ганаровае першае месца і немаленькі грашовы прыз ад прадстаўнічага журы пітчынгу ў Анапе дастаўся азербайджанскаму праекту. Астатнія прысутныя атрымалі сапраўдны ўрок: у кіно трэба быць больш актыўнымі.

Паводле міжнароднай статыстыкі, фінансаванне атрымлівае толькі адзін з пяці прадстаўленых на фестывальных пітчынгах ды біржах ідэй праектаў. Але ўдзел у іх падаецца справай вельмі карыснай: апрача інвестара тут можна знайсці звяно праекта, у якім адчуваецца самы вялікі недахоп, напрыклад, члена творчай каманды або нават ідэю. Як вядома, адной з самых вялікіх праблем беларускага кіно (аб чым мы неаднойчы ўзгадвалі ў сваіх публікацыях) з'яўляецца адсутнасць патрэбнай колькасці якаснага сцэнарнага матэрыялу. Удзел у сцэнарных біржах і пітчынгах, якія праходзяць на міжнародных фестывалях, можа таксама дапамагчы беларускім кінематаграфістам у гэтым пытанні.

Будзе таксама вельмі добра, калі і на нашым "Лістападзе" з'явіцца свой пітчынг-цэнтр. Зразумела, што адразу разлічваць на ўдзел у яго працы вялікай колькасці прадстаўнікоў замежных кінематаграфій не трэба - дастаткова будзе і двух-трох, каб на прыкладзе іх прэзентацый вучыліся нашы маладыя кінематаграфісты. Вядома, што ахвотных здымаць сваё кіно на Беларусі ўсё больш, але разлічваць на фінансаванне з боку дзяржавы могуць далёка не ўсе праекты. Таму нашым патэнцыйным Кустурыцам ды Спілбергам трэба вучыцца шукаць ідэі і грошы самастойна. Мінскі міжнародны фестываль можа ім у гэтым дапамагчы.

Галоўнае - "вага", а не колькасць

Казаць, што беларускія кінематаграфісты зусім не прадстаўлены на міжнародных кінафорумах, не даводзіцца. Спіс міжнародных прызоў і ўзнагарод, атрыманых творцамі "Беларусьфільма" за 2010-ы, займае не адну старонку, але сярод назваў кінафорумаў, дзе прымалі ўдзел беларусы са сваімі стужкамі, не так шмат вядомых шырокаму гледачу, а львіную частку ўзнагарод мы атрымалі... у Брэсце - на фэсце нацыянальнага кіно. Зразумела, любая ўзнагарода - з'ява суб'ектыўная, якая вельмі залежыць ад так званай фестывальнай кан'юнктуры, складу ды настрою журы. Аднак нават удзел у конкурснай праграме саліднага кінафоруму вельмі спрыяе далейшаму пракатнаму лёсу карціны і дазваляе зусім па-іншаму ўспрымаць трапіўшых на "чырвоную дарожку" рэжысёра і акцёраў.

Прасцей кажучы, фестывалі на сённяшні дзень - лепшая рэклама ў свеце кіно, прычым фестывалі вядомыя, якія асвятляюцца сродкамі масавай інфармацыі не адной краіны і не аднаго рэгіёна. Тыя краіны, чые стужкі не праходзяць сіта конкурснага ды пазаконкурснага адбораў, намагаюцца ўдзельнічаць у сусветных кінасвятах іншым чынам: з дапамогай тых жа самых пітчынгаў або наладжвання прэзентацыі магчымасцей сваіх студый. Прэзентацыі могуць адбывацца ў межах фестывальных кінарынкаў або асобных шоу, вечарын. Галоўнае - зацікавіць патэнцыйных партнёраў і інвестараў.

Беларусам досведу ўдзелу ў міжнародных фестывалях ігравога кіно пакуль бракуе. Калі дакументальныя стужкі таго ж Віктара Аслюка з задавальненнем паказваюць на прэстыжных у свеце неігравога кінамастацтва фэстах у Амстэрдаме і Лейпцыгу, то, напрыклад, спроба даслаць стужку "Ваўкі" Аляксандра Колбышава на "Берлінале" зведала фіяска: як летась паведамілі грамадскасці прадстаўнікі студыі, "у Берліне не быў прыняты фармат стужкі". Прычым канчаткова так і засталося незразумела, што мелася на ўвазе пад фарматам: тэхнічныя параметры запісу дэманстрацыйнага дыска ці нейкае сюжэтнае або мастацкае разыходжанне стужкі Аляксандра Колбышава з творчай канцэпцыяй конкурснай праграмы Берлінскага міжнароднага. Калі справа ў апошнім, то ў Еўропе існуе некалькі фестываляў, якія арыентуюцца на кіно з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, кшталту форуму ў чэшскіх Карлавых Варах або нямецкім Котбусе. Арганізаваць там паказы"Ваўкоў", няхай сабе і пазаконкурсныя, відавочна, было пад сілу.

Зразумела, прэтэндаваць на ўдзел у конкурсе салідных фестываляў можна толькі пры наяўнасці прадукцыі адпаведнай якасці. Але, калі дастойныя стужкі нарэшце з'явяцца, на рашэнне адборшчыкаў паўплывае таксама і той імідж, які будзе мець "Беларусьфільм" на сусветным фестывальным рынку. На жаль, пакуль аб нас ведаюць не так шмат, як хацелася б.

Сціпласць?.. Толькі не ў кіно!

 Што ж да "Оскара", з якога мы пачыналі свой матэрыял, то без удзелу амерыканскага боку ў здымках прэтэндаваць на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі можна толькі ў намінацыі "Лепшая стужка на замежнай мове", але дэлегаваць стужку для ўдзелу ў адборы можа толькі спецыяльны камітэт. Так званыя оскараўскія камітэты існуюць амаль ва ўсіх кінематаграфічна развітых краінах як грамадскія ініцыятывы саміх кінематаграфістаў. У былым СССР стужкі на "Оскар" вылучаліся яшчэ да з'яўлення самой намінацыі: у 1944 годзе прэмію Амерыканскай кінаакадэміі за лепшую замежную стужку, якая дэманстравалася цягам года, атрымала карціна Марка Данскога "Вясёлка". Але, на жаль, беларускія стужкі на самую прэстыжную ў свеце кінапрэмію ў савецкія часы не вылучаліся. Ва Украіне оскараўскі камітэт існуе з 2006 года, часу, калі на прэмію была намінавана карціна Аксаны Байрак "Аўрора", якая апавядала пра дзяўчынку, пацярпелую ад Чарнобыльскай катастрофы.

 Намер стварыць оскараўскі камітэт на Беларусі выказваўся яшчэ год таму. Сапраўды, чаму мы не можам выкарыстаць гэты добры спосаб заявіць пра сваё кіно ў свеце? Тым больш, што патрабуецца для гэтага не шмат, галоўнае - самаарганізавацца. У розных краінах оскараўскія камітэты складаюць розныя арганізацыі, як правіла, прадзюсарскія, напрыклад, як ва Украіне, дзе Нацыянальны оскараўскі камітэт знаходзіцца пад эгідай Нацыянальнай асацыяцыі прадзюсараў і месціцца ў будынку студыі імя Аляксандра Даўжэнкі. У нас прадзюсарскіх цэнтраў пакуль не існуе, і гэтую місію можа выконваць Беларускі саюз кінематаграфістаў - творчая арганізацыя, якой і наканавана займацца падтрымкай сваіх творцаў, у тым ліку, на міжнароднай арэне.

Як паведамілі карэспандэнту "К" у Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры нашай краіны, ніякіх перашкод для стварэння нацыянальнага оскараўскага камітэта не існуе. Іншая справа - з чым выходзіць на сваю першую спробу "здабыць" запаветную статуэтку: вядома, што першы раз - самы адказны і запамінальны. Таму, відавочна, што першай "оскараўскай" спробай павінен стаць фільм не толькі максімальна творча і тэхнічна дасканалы, але і той, што найлепш прэзентуе нацыянальную адметнасць нашай краіны.

 Слова эксперта

Аляксандр ЯФРЭМАЎ, кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва:

- Нацыянальны оскараўскі камітэт? Чаму не? Калі ўсе нашы суседзі маюць падобныя структуры, то чаму беларусы павінны адставаць? Не трэба саромецца рэкламаваць сваю творчасць, магчымасці айчыннай кінематаграфіі на міжнароднай арэне! Прабачце, але сарамлівасць не можа быць пазітыўнай рысай у дачыненні да кінамастацтва, дзе трэба мець досыць актыўны характар. Таму оскараўскі камітэт можа дапамагчы нам працаваць больш плённа.