Рой і мёд “Кніжнага вулля”

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Бярозаўскія бібліятэкары на базе Боркаўскай аграгарадоцкай бібліятэкі правялі семінарскую вучобу па пытаннях краязнаўчай дзейнасці. Менавіта гэтая ўстанова мае добрыя напрацоўкі ў папулярызацыі нацыянальнай кнігі і роднай мовы.

/i/content/pi/cult/303/5188/28-5.jpg

Бібліятэкар Людміла Юдчыц, карэнная жыхарка вёскі Боркі, не першы год даследуе мясцовую гісторыка-культурную спадчыну. У фондзе бібліятэкі можна знайсці летапіс вёскі, нарыс гісторыі бібліятэкі "Няскончанае падарожжа...", калекцыю старажытных фотаздымкаў, файл-дасье жыццёвых і творчых біяграфій вядомых землякоў, аўтарскія сцэнарныя распрацоўкі мерапрыемстваў, дзе папулярызуецца краязнаўчая кніга.

З 2008 года бібліятэка мае статус аграгарадоцкай і забяспечвае інфармацыйна-дасугавае абслугоўванне вяскоўцаў. Ва ўстанове - 318 дарослых чытачоў, 90 дзяцей.

Напярэдадні раённага семінара ў бібліятэцы абнавіўся Гісторыка-краязнаўчы цэнтр "Зямля мая, калінавы куток...", арганізавана зона дзіцячага чытання "Кніжны вулей", дзе раскрываюцца творчыя здольнасці дзяўчынак і хлопчыкаў. Юныя кнігалюбы "каштуюць" "Нектар роднай мовы", "Мёд з Бочкі цудаў", ёсць тут і "Соты ведаў", "Рой творчых імёнаў"...

На семінар "Краязнаўчая дзейнасць бібліятэк ЦБС як сродак фарміравання грамадзянскай культуры насельніцтва" дырэктар Бярозаўскай ЦБС Ірына Макарэвіч прапанавала электронныя прэзентацыі: "Край, адкуль я родам", "Прывітанне, мая бібліятэка!", "Бярозаўшчына праваслаўная". Віртуальную вандроўку па боркаўскай зямлі "Край, адкуль я родам" (сумесны праект настаўніцы Боркаўскай сярэдняй школы Наталлі Мікіціч і бібліятэкара Людмілы Юдчыц) рэалізавалі выхаванцы школы і - актыўныя чытачы.

Госцем семінара быў Анатоль Гладышчук - выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, краязнаўца-аматар, які імкнецца захаваць на карце раёна родную вёску Чарнякава, дзе сёння пражывае ўсяго два чалавекі. Анатоль Антонавіч распавёў аб сваіх новых архіўных знаходках, што дапаўняюць карціну культурнага і асветніцкага развіцця вёсак нашага краю. Напрыклад, першая бібліятэка, першая школа з'явіліся пры Свята-Мікалаеўскай Чарнякаўскай царкве ў год яе пабудовы - у 1725-м.

 У рабоце семінара апрача начальніка аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама Таццяны Кавалёк прынялі ўдзел старшыня Боркаўскага сельвыканкама Алена Луцкевіч і старшыня СВК "Боркаўскі" Мікалай Дземідовіч.

 Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібіліятэкі

На здымку: пад час семінара.