Аляксандр Важнік у 1986 годзе скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К. Агінскага па класе баяна, а ў 1994-м - Акадэмію музыкі па класе вакалу. Тады ж, у 1994-м, малады саліст становіцца дыпламантам Міжнароднага фестывалю "Магутны Божа" ў Магілёве. Яшчэ студэнтам Аляксандр пачаў працаваць у капэле "Санорус" пад кіраўніцтвам Аляксея Шута. Дзесяць гадоў спяваў на сцэнах шматлікіх краін Еўропы і браў удзел у міжнародных фестывалях у Беларусі, Расіі, Польшчы.
Але не толькі музыка жыве ў душы таленавітага творцы. У 2000 годзе выходзіць першы зборнік вершаў і песень Аляксандра Важніка. Сёння рыхтуецца да выдання другі. У 2002-м спявак разам з іншымі музыкантамі стварае ў сталіцы вакальна-інструментальны ансамбль. Песні з першага альбома гучаць на шматлікіх FM-станцыях Беларусі. У гэты час малады выканаўца супрацоўнічае з ансамблямі "Славяне" і "Камерата", вакальнай групай аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, кампазітарам Аленай Атрашкевіч.
Аляксандр Важнік вяртаецца ў Маладзечна, і пры Палацы культуры пачынае дзейнічаць ансамбль "Менестрэлі". У яго рэпертуары - шмат папулярнай музыкі, народных і казацкіх песень. Самадзейныя артысты прымаюць удзел у сумесных праектах Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага і Палаца культуры, у оперных спектаклях Маладзечанскага народнага маладзёжнага музычнага тэатра.
Напрыканцы 2009 года запісваюцца два музычныя дыскі і ансамбль выязджае на гастролі ў Германію, дзе дае больш за 40 канцэртаў у 30 гарадах. Добрыя водгукі аб выступленнях "Менестрэляў" друкуюцца ў прэсе, іх песні запісваюцца на нямецкім радыё. У гэтым жа годзе калектыў узнагароджваецца дыпломам Раённага фестывалю-конкурсу харавых і вакальных калектываў "Паклон табе, мой беларускі край!".
Потым былі перамогі ў ІХ Фестывалі народнай творчасці "Напеў зямлі маёй", Першым Беларускім конкурсе нацыянальнай харавой музыкі "Рэха", які быў арганізаваны Беларускім саюзам музычных дзеячаў. У планах на пачатак гэтага года- удзел у Міжнародным фестывалі праваслаўнай музыкі "Каложскі дабравест" і запіс дыска духоўных песняспеваў.
Ларыса СЫСУН
Маладзечна
На здымках: вакальная мужчынская група "Менестрэлі" і яе кіраўнік Аляксандр Важнік.