“Я — беларускі мастак Пётра Сергіевіч”

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

“Не парвалася мая сувязь з родным кутом…”

/i/content/pi/cult/303/5183/pic_15.jpgНа пачатку 1970-х па запрашэнні Саюза мастакоў Літвы я прыехаў у Вільнюс з выстаўкай жывапісу і графікі беларускіх мастакоў, якая размясцілася ў Палацы мастацкіх выставак па вуліцы Музеяус, 2. Заадно я прачытаў тут некалькі лекцый па сучасным беларускім мастацтве і выступіў на тэлебачанні. І вось у адзін цудоўны вечар пасля лекцыі да мяне падышоў пажылы сівы чалавек і прадставіўся: "Я - беларускі мастак Пётра (Менавіта так: Пётра!- Б.К.) Сергіевіч. Хачу з вамі пазнаёміцца бліжэй..." Потым дадаў: "Пётра Аляксандравіч..." На што я, паціскаючы руку мастаку, адказаў: "Я вас завочна ведаю. Бачыў некаторыя вашы творы ў Мінску: палотны - і ў Музеі Янкі Купалы, і ў Мастацкім музеі, - таксама чытаў пра вас невялічкую манаграфію Арсена Ліса, якая была выдадзена пару гадоў таму..." "Так, так, - усміхнуўся ён.- Шчыры і таленавіты чалавек Арсен Сяргеевіч. Я ведаю яго добра. Увогуле кажучы, на маёй радзіме ў мяне шмат сяброў, у тым ліку Максім Танк, Міхась Лынькоў, Рыгор Шырма, Міхась Сяўрук... Пабачыце іх - перадайце мой гарачы паклон... Вось мару ў Мінску зрабіць сваю персаналію. Першы раз я там выстаўляўся дзесяць гадоў таму. І цяпер ёсць што паказаць новага... (Гэта "новае" ён паказаў у Мінску ў 1978м. - Б.К.). Калі вы маеце час, запрашаю вас у маю майстэрню на кубачак кавы, тут, непадалёк..." 

Словам, у прасторнай утульнай майстэрні Сергіевіча на другім паверсе дома № 30 у прадмесці Антокаль я прабыў каля дзвюх гадзін. Мастак паказаў шмат карцін, пейзажаў, партрэтаў. Былі і зусім "свежыя" палотны. Памятаю: партрэт Дамініка Ануфрыевіча Луцэвіча - бацькі Янкі Купалы, пейзаж "Вячэрняя балада", эскіз карціны на тэму верша Купалы "А зязюля кукавала...". Там жа ўбачыў і карціну пачатку 1930-х гадоў "Эмігранты", якая мне вельмі спадабалася сваёй свежасцю, нязвычнай пластыкай і арыгінальнай кампазіцыяй. Дзве фігуры - мужчыны ў шэрым адзенні і жанчыны ў чырвонай блузцы і карычневай спадніцы - паказаны спінамі да гледача. Яна, з дзіцем на руках, злёгку павернута ўлева; ён, сагнуты пад цяжкім мяшком, нахілены ўперад. На жоўта-вохрыстым шляху людзей, у глыбіні, - зялёныя ўзгоркі, лагчыны, адзінокая бярозка, справа - вялікае выгнутае дрэва з панурай лістотай, злева, на ўзбочыне дарогі, - палявы камень. Удалечыні, на даляглядзе, - хмарнае неба, са светлымі палоскамі кволай надзеі... Надзвычай пранізліва-журботнае палатно і - глыбока шчымлівае... Дарэчы, праз некалькі гадоў гэтую работу (а можа, яе паўтор?) пад назвай "Шляхам жыцця" мастак падарыў нашаму Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы.

Увогуле, з гэтым цудоўным музеем звязаны многія старонкі жыцця творцы, бо пачынаючы з 1940-х гадоў і практычна да канца 70-х ён не толькі выконваў для яго заказы на купалаўскую тэматыку, у тым ліку і па просьбе першага дырэктара музея - удавы паэта Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, але і асабіста падарыў установе некалькі работ. Сёння ў музейнай калекцыі - такія творы П.Сергіевіча, як "Званар", "Гусляр", "А хто там ідзе?", "Беларусы", "Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч", "Партрэт Францішка Багушэвіча", "А ты, сіраціна, жыві...", "Янка Купала за чытаннем сваіх твораў у карчме", два жывапісныя эцюды да паэмы Я.Купалы "Яна і Я", вельмі цікавы партрэт будучай жонкі паэта (тады яшчэ Уладзіславы Станкевіч) ў нацыянальным беларускім адзенні, што мастак у пачатку 1950-х напісаў па фотаздымку 1908 года (якраз у тым годзе Уладзіслава і Янка пазнаёміліся ў рэдакцыі "Нашай Нівы"). Партрэт гэты Сергіевіч асабіста падарыў Уладзіславе Францаўне, якая незадоўга да смерці перадала яго музею, дзе ён знаходзіцца і /i/content/pi/cult/303/5183/pic_16.jpgпа сёння...

Пётра Аляксандравіч тады, у майстэрні на Антокалі, шмат чаго расказаў пра сваё жыццё-быццё, і асабліва - пра тое, што мне было зусім не вядома: як ён, будучы супрацоўнікам вільнюскага Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея (аказваецца, быў такі), прымаў актыўны ўдзел у тым, каб усе экспанаты ўстановы былі перададзены ў Беларусь. А што выйшла з таго? Гэтая старонка малавядомая для беларускага чытача, таму са слоў мастака, якія тады, "з першых вуснаў", я запісаў у блакнот, трошкі раскажу пра тую дзіўную справу.

Яшчэ вясной 1941 года ў выніку афіцыйных перамоў урадаў БССР і Літоўскай ССР усю маёмасць музея павінны былі вывезці ў Мінск. Да гэтага з установай падрабязна пазнаёміліся Янка Купала і Якуб Колас, і менавіта яны былі першымі, хто звярнуўся ў Акадэмію навук Літвы з прапановай, каб усе музейныя экспанаты вярнуць Беларусі. Але добраму пачыну перашкодзіла вайна... Пакуль я разглядаў карціны, Пётра Аляксандравіч знайшоў на кніжнай паліцы нейкую папку. Адкрыў яе і дастаў пажоўклую выразку з газеты "Советское искусство" ад 22 студзеня 1945 года. Вось яе, ТАССаўскі, тэкст: "Правительство Литовской ССР решило передать в дар белорусскому народу богатейшую коллекцию музейных экспонатов Вильнюсского белорусского музея. Музейным работникам удалось уберечь от расхищения немецкими захватчиками до двадцати тысяч экспонатов и столько же книг, иллюстрирующих развитие экономики и культуры Белоруссии. Большую ценность представляют произведения народных резчиков по дереву, белорусские народные музыкальные инструменты, старинные рукописи и первые издания произведений белорусских писателей..."

Пётра Аляксандравіч далей расказаў, што пасля выгнання фашыстаў з Вільнюса маёмасць музея знаходзілася ў скрынях у двары базыльянскага манастыра. І ў падрыхтоўцы адпраўкі экспанатаў у Мінск самы актыўны удзел павінен быў прымаць менавіта ён, Сергіевіч, як галоўны спецыяліст і выдатны знаўца гэтых каштоўнасцей. А яны былі ўнікальныя: гістарычныя рэліквіі, рэчы беларускага народнага побыту, творы фальклорнага мастацтва, старажытны жывапіс, разьба, вялікая каштоўная бібліятэка аб ВКЛ, старадаўнія выданні, у тым ліку кнігі Скарыны, беларуская перыёдыка з Заходняй Беларусі, графічныя замалёўкі і эцюды Я.Драздовіча ды іншых мастакоў і г. д. Але Сергіевіч хутка зразумеў, што найлепшыя, найбольш каштоўныя экспанаты ў гэтых скрынях чамусьці... адсутнічалі! Толку ад сваіх літоўскіх калегмузейшчыкаў не дабіўся, і таму ў лістападзе 1944 года напісаў у Мінск ліст, дзе выказаў сваю нязгоду з такой дзіўнай работай літоўскіх экспертаў. Адказ мастак атрымаў ад сакратара ЦК КП(б)Б Цімафея Гарбунова, які пісаў: маўляў, не хвалюйцеся, хутка накіруюць у Вільню "групу таварышаў з даручэннем прывезці Беларускі музей у Мінск", а таксама звярнуўся з просьбай да Сергіевіча, каб той працягваў аказваць у гэтым пасільную дапамогу. Далей у лісце Гарбуноў прапанаваў мастаку пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск, дзе той будзе забяспечаны працай у Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і, канешне ж, добрай кватэрай і майстэрняй. Аднак творца так і не рашыўся на пераезд: чаму - не ведаю, пра гэта не пытаўся...

8 жніўня 1945 года, па настойлівым запыце апантанага Сергіевіча, урад Літвы ўсё ж накіраваў на імя кіраўніцтва БССР ліст, дзе літоўцы "посылают из своей столицы - г. Вильнюса - братскому белорусскому народу материалы Белорусского музея, накопленные в результате общего строительства культурной жизни литовского и белорусского народов и спасенные от немецко-фашистских погромщиков самоотверженными работниками Литовской ССР".

У рэшце рэшт, звыш дзесяці тысяч экспанатаў, адабраных літоўцамі, былі накіраваны на адрас беларускага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе часова і складзіраваліся... Роля Сергіевіча ў тагачасным складаным працэсе па вяртанні вялікай часткі беларускіх каштоўнасцей на Радзіму, нават ва "ўрэзаным" выглядзе, сведчыць пра многае.

Вось такую споведзь я пачуў тады ад мастака. Дамовіліся і надалей сустракацца, бо ў гэтым сэнсе не было ніякіх праблем: Мінск ад Вільнюса - рукой падаць. Але, як сёння мне ні дзіўна, не атрымалася, хаця магчымасцей для сустрэч было мора, у тым ліку і ў самім Мінску, дзе Сергіевіч неаднойчы бываў. Думалася: яшчэ будзе час! Праз дзесяцігоддзе з лішкам пасля гэтай, на жаль, адзінай сустрэчы Пётра Аляксандравіч пайшоў з жыцця, не дажыўшы паўгода да свайго 85-годдзя...

Пётра Сергіевіч быў беларускім жывапісцам і графікам, які з 1960 года насіў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Літоўскай ССР. Гэта, канешне, зразумела: у Літве ён пражыў большую частку жыцця і шмат чаго зрабіў для яе нацыянальнай культуры. Але не было ні дня, каб мастак не памятаў, хто ягоныя продкі, хто ён родам і адкуль. Яго малая радзіма - вёска Стаўрова Дзісенскага павета Віленскай губерні. Гэта значыць - Браслаўшчына. У вельмі беднай сям'і было трое дзяцей. "Жыўшы кутнікамі, без сваёй гаспадаркі, мы пастаянна былі вымушаны шукаць кавалка хлеба на старане", - пісаў пазней мастак. Але трэба было паставіць на ногі малых, і тады маці адправіла свайго сярэдняга сына Пётру ў сакавіку 1917 года ў пошуках лепшай долі ў Петраград, дзе пачыналася Лютаўская рэвалюцыя. Хлопчык з глухой вёскі, канешне, ашаломлены велізарным і шумным горадам, спыніўся ў знаёмай беларускай землячкі, што была родам са Стаўрова. Яна і ўладкавала Пётру ў майстэрню па вырабе вогнетушыцеляў, а потым - у нейкую экспедыцыю па падрыхтоўцы дзяржаўных папер. А праз год у якасці маладога рабочага Сергіевіч трапіў на фабрычныя курсы (тыпу вячэрняй сярэдняй школы). "Самым улюбёным урокам было тут для мяне маляванне, - успамінаў Пётра Аляксандравіч. - Яго выкладаў на курсах мастак Андрэеў. Ён і звярнуў увагу на маю схільнасць да малюнка. А першыя "жывыя" творы, якія я пабачыў у Рускім музеі і якія закранулі маю душу, былі карціны "Апошні дзень Пампеі" Брулова і "Фрына" Сямірадскага. Гэта быў вялікі дзень для мяне..."

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"