Ці “пралічыш” поспех “Рыжыка”?

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

І ўсяго сузор’я зімовых прэм’ер “Беларусьфільма”

/i/content/pi/cult/303/5177/pic_4.jpgКанец мінулага года адзначыўся на "Беларусьфільме" шэрагам навінак ігравога кіно. З трох завершаных пад новы год стужак дзве - шматсерыйныя тэлевізійныя карціны, а адна прызначана для дзіцячай аўдыторыі. Разнастайнасць жанраў новых айчынных фільмаў дазваляе сцвярджаць: на Нацыянальнай студыі здымаюць, як кажуць, на любы густ. Паказальна, што айчынныя кінематаграфісты не спрабуюць здымаць "чысты" тэлевізійны прадукт кшталту сіткамаў ды "тэленавэл" на сотні серый, - нават у работах для малога экрана "Беларусьфільм" аддае перавагу якасці.

Тэлевізійныя стужкі, прэзентаваныя напрыканцы года,- якасны кінематаграфічны прадукт, які мае поўнае права прэтэндаваць на статус мастацкага кіно. Бадай, самай заўважнай работай, выпушчанай "Беларусьфільмам" за апошнія месяцы, стала васьмісерыйная карціна Аляксандра Яфрэмава па сцэнарыі Глеба Шпрыгава "Немец". Вядома, што прыгодніцкі жанр дэтэктыва вельмі даспадобы аўдыторыі рознага ўзросту. "Немец" - менавіта такое кіно, прыклад запатрабаванага гледачом мэйнстрыму.

Стужка Аляксандра Яфрэмава - прадукт забаўляльны, але з вялікім камерцыйным патэнцыялам, што вельмі актуальна на сённяшні дзень для нашай кінастудыі. Востры дэтэктыўны сюжэт, заснаваны на гістарычным матэрыяле, - сусветная тэндэнцыя, таму "Немца" можна лічыць сучаснай пастаноўкай ужо хаця б на гэтай падставе.

Досвед апошніх гадоў падказвае, што менавіта такія праекты маюць самыя вялікія шанцы на камерцыйны і глядацкі поспех. Гэта пацвярджаецца цікавасцю, якую праяўляюць да такога кінафармату тэлевізійныя каналы. Як спадзяюцца аўтары стужкі, "Немец" пабачыць свет на адным з расійскіх тэлевізійных каналаў 9 мая бягучага года, а беларуская прэм'ера можа адбыцца яшчэ раней.

На гэты год запланавана і прэм'ера чатырохсерыйнай тэлевізійнай меладрамы Рэнаты Грыцковай "Ціхі цэнтр", аб здымках якой "К" пісала мінулым летам. Са здымкамі гэтай стужкі на Нацыянальную кінастудыю прыйшла сучасная белетрыстыка: карціна знятая па рамане журналісткі і пісьменніцы Тамары Лісіцкай. Гэта значыць, вытворцы карціны займеюць патэнцыйную аўдыторыю, што з чытацкай мае ўсе шанцы перайсці ў глядацкую. Сюжэт "Ціхага цэнтра" нельга лічыць арыгінальным, але гэта якраз той выпадак, калі галоўным становіцца сам кінапрадукт. Рэжысёр Рэната Грыцкова вядомая менавіта як майстра псіхалагічнага кіно. І "Ціхі цэнтр" пабудаваны на сутыкненні розных характараў, псіхалагічных адценнях ігры выканаўцаў.

Яшчэ адной навінкай "Беларусьфільма" стала дзіцячая стужка "Рыжык", прычым навінкай не толькі па часе, але і ў тэхналагічным плане. Новая стужка Алены Туравай, як і яе папярэдняя работа "Навагоднія прыгоды ў ліпені", створана з прыцягненнем самых новых камп'ютарных тэхналогій і прызначана для сямейнага прагляду. Яна надзвычай насычана падзеямі, персанажамі, словам, адрасуецца менавіта сучасніку, гледачу, "узгадаванаму" на відэагульнях.

/i/content/pi/cult/303/5177/pic_5.jpgМіж тым, новыя стужкі нельга лічыць абсалютна нязвыклым для нацыянальнага кіно прадуктам. Па сутнасці, яны працягваюць жанры, якія ўзнікалі на беларускім экране дзесяцігоддзямі. Іншая справа, што яны пераходзяць у ХХІ стагоддзе ў іншым вымярэнні - больш прыземленым, спрошчаным, што не можа не насцярожваць.

Фільмы "Ціхі цэнтр", "Немец" і "Рыжык" аб'ядноўвае некалькі момантаў: гэта творы забаўляльныя, максімальна набліжаныя да запатрабаванняў сучаснага кінарынку, хоць "пралічанасць" іх не выклікае адмаўлення, наадварот, яе можна толькі вітаць. Сучасны кінапрацэс патрабуе ад вытворцаў камерцыйнай запатрабаванасці - менавіта гэты аспект працы "Беларусьфільма" доўгі час выклікаў нараканні. Цяпер у студыі ёсць неблагі шанц выправіць становішча, прынамсі, вышэйзгаданыя стужкі маюць для гэтага ўсе перадумовы, што з'яўляецца самым пазітыўным вынікам мінулага года для айчыннага кінапрацэсу.

На здымках: кадры з фільмаў "Рыжык", "Ціхі цэнтр" і "Немец".