Вернісаж лаўрэатаў

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Выстаўка дасягненняў сёлетніх лаўрэатаў прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій Кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва працуе ў Палацы Рэспублікі.

/i/content/pi/cult/303/5176/7-4.jpg

Па словах дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталлі Шаранговіч, якая кіравала арганізацыяй экспазіцыі, апошняя мае на мэце больш цеснае знаёмства лаўрэатаў прэмій з работамі адно аднаго. "Выстаўка праходзіць ужо другі раз: мінулагодні досвед нам спадабаўся. Назва прэміі не заўсёды можа поўна раскрыць тое, што зрабіў чалавек, а праз экспазіцыю можна даведацца аб тым значна больш".

Калектывы, якія былі адзначаны Прэзідэнтам краіны, прадставяць сваю творчасць гасцям пад час вернісажу. Абрадавы калектыў "Цары" Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу аддзела культуры Капыльскага райвыканкама Мінскай вобласці паўстане перад публікай ва ўсёй сваёй непаўторнасці і пакажа абрад "Калядныя цары". Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь - ансамбль беларускай песні "Церніца" таксама выканае свае лепшыя творы.

Будуць выстаўлены карціны Васіля Сумарава з цыклаў "Горад майго дзяцінства" і "Зямля маёй маці", што мастак напісаў цягам апошняга года. Наведвальнікі пабачаць работы народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Эксперымент", якая створана ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Бабруйску. Сям'я Тамары і Уладзіслава Сянцовых цяпер выхоўвае восем непаўналетніх дзяцей, што з задавальненнем займаюцца творчасцю. Маляўнічыя ручнікі ад майстрых Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Брэсцкай вобласці таксама прывабяць гледачоў: гэта якраз тыя рэчы, за якія лаўрэаты атрымалі свае прэміі./i/content/pi/cult/303/5176/7-2.jpg

 Акрамя гэтага, кожнаму лаўрэату- удзельніку выстаўкі будзе прысвечаны стэнд з біяграфіяй, здымкамі, што ілюструюць яго работу, якую часам складана прадэманстраваць у сценах фае Палаца Рэспублікі. Аптымістычныя моманты лячэння і адаптацыі хворых дзяцей зафіксаваў фатограф у Гомельскім абласным дзіцячым цэнтры медыцынскай рэабілітацыі "Жывіца". Адлюстравана ў здымках і дзейнасць ігуменні Еўдакіі СпасаЕфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку Полацкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзякуючы якой аднавіліся богаслужэнні ў манастырскім Свята-Ефрасіннеўскім храме ў сакавіку 2009 года.

 "На гэтай выстаўцы галоўны акцэнт робіцца на тым, што ў любой, нават няпростай, працы ў людзей заўсёды прысутнічае аптымізм. Уся экспазіцыя прасякнута добрым святочным настроем", - дадала Наталля Шаранговіч.

На здымках: ідзе адбор экспанатаў для выстаўкі.

 Фота Юрыя ІВАНОВА