Таццяна Уласава скончыла бібліятэчны факультэт сталічнага Інстытута культуры ў 1980-м. Цяпер яна - дырэктар Гомельскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Таццяна Уласава адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Адным з галоўных пунктаў дзейнасці бібліятэкараў, як пераканана Таццяна Савельеўна, з'яўляецца краязнаўства. І кніга тут - бы компас, які беспамылкова паказвае дарогу да ўласнай душы, што неўпрыкмет пераконвае: радзіма - гэта не толькі мілы сэрцу ландшафт, а і гісторыя, якую пішуць штодня людзі. Вось іх "піярам" і займаюцца бібліятэкары ды чытачы абласнога цэнтра. Дарэчы, апошніх - ледзь не 20 тысяч.
З праспекта Леніна (былая вуліца Замкавая) цэнтральная бібліятэка пераехала ў адрамантаваны гістарычны будынак па вуліцы Савецкай. Але брэндавая Літаратурна-мастацкая гасцёўня "Сустрэчы на Замкавай" працягвае дзейнічаць і па новым адрасе. Тут збіраюцца паэты, мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Чарговы брэнд ГЦБ - выставачная краязнаўчая зала. Яшчэ адзін з поспехам рэалізаваны праект Таццяны Уласавай - штогадовы выпуск краязнаўчага альманаха "Гомель: людзі, падзеі, факты", дзе ў храналагічным парадку "акумулююцца" звесткі аб культурных, спартыўных, эканамічна-вытворчых падзеях, а таксама аб выбітных асобах абласнога цэнтра.
А наперадзе - рэалізацыя чарговага праекта. Таццяна Савельеўна збіраецца адкрыць у Цэнтральнай бібліятэцы... Музей рэдкага аўтографа. У сённяшняй бібліятэчнай калекцыі такіх аўтографаў ужо шмат. Прыналежаць яны пісьменнікам, мастакам, палітыкам, героям Вялікай Айчыннай вайны. Пра кожнага рыхтуецца бібліяграфічная даведка. Справа - за экспазіцыяй.
А.С.
На здымку: Таццяна Уласава.