Цырк Ікараў

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

/i/content/pi/cult/303/5173/6-4.jpg

Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва - Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь цырк "Юнацтва" Палаца культуры адкрытага акцыянернага таварыства "Нафтан" горада Наваполацка.

Рэжысёр цыркавой студыі "Юнацтва" Людміла Арлова вельмі шчаслівая, што праца яе і юных артыстаў адзначана на такім высокім узроўні: "Думаецца, і мы робім унёсак у духоўную чысціню і прыгажосць дзяцей, прывіваем ім устаноўку - не баяцца складанасцей. Яны пераадольваюць свае няўменні і становяцца сапраўднымі артыстамі ды добрымі людзьмі".

Візітоўкай "Юнацтва" стаў нумар "Ікарыйскія гульні", у якім адны артысты жангліруюць нагамі, узнімаючы на іх іншых удзельнікаў. Гэта - рэдкі, вельмі няпросты жанр, і, па вызначэнні журы Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва "Paradalle" ў ліпені 2010 года, дзе студыя была прызнана лепшым цыркавым калектывам у Еўропе ён ужо амаль не сустракаецца. Да таго ж, жангліруюць у "Юнацтве" не дарослыя мужчыны, а самыя моцныя... дзяўчынкі! Гэты каронны нумар, які існуе ў наваполацкім цырку з дня яго заснавання, быў шмат разоў вельмі высока адзначаны знаўцамі такога мастацтва.

Займаюцца ў дзвюх падрыхтоўчых групах каля трыццаці чалавек, столькі ж налічвае больш моцны канцэртны састаў. Узрост артыстаў- ад 4 да 40 гадоў. Ёсць і даволі незвычайныя ўдзельнікі- маладыя маці. Яны займаліся ў студыі ў дзяцінстве, нарадзілі дзяцей, але з цыркам развітвацца не хочуць і трымаюць сябе ў форме. Людміла Арлова адзначае, што 25 чалавек за 40 гадоў існавання цырка звязалі свой лёс з гэтым мастацтвам. Яны пачыналі тут, пасля атрымлівалі спецыяльную адукацыю і вопыт за мяжой, а потым - вярталіся ў Беларусь, каб выступаць прафесійна.

"Кожнае дзіця, якое займаецца ў нас, марыць стаць цыркавым артыстам!- кажа рэжысёр. - Некаторым усё даецца лёгка, і яны страчваюць цікавасць праз некалькі гадоў. А застаюцца толькі тыя, у каго спачатку нешта не атрымліваецца. Яны цярпліва і настойліва трэніруюцца, пераадольваюць усе перашкоды, выпрабоўваюць свой характар і пасля становяцца таленавітымі артыстамі. Бацькі, праўда, не раяць многім атрымліваць такую прафесію: надта ж кароткі час працы ў гэтым мастацтве - каля 20 гадоў. А я прапаноўваю ім вучыцца нейкай іншай справе і паралельна займацца цыркам".

На здымку: знакамітыя "Ікары".