Аб адметных падзеях года мінулага і планах на 2011-ы "К" папрасіла распавесці дырэктара Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Паўла ЖДАНОВІЧА. Калектыў музейнай установы - лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
- 2010 год адметны для нашай установы ў першую чаргу ўвядзеннем новага аб'екта: у нас адкрыўся Музей крыміналістыкі, прысвечаны барацьбе са злачыннасцю на тэрыторыі Гомельскай вобласці з 1917-га па 2000 год. Сабрана больш за 700 экспанатаў: дакументы, фотаздымкі, зброя, абмундзіраванне... Сёння ўпэўнена сцвярджаем: падобнай установы ў Беларусі няма.
Летась сумесна з айчыннымі і расійскімі архівамі музей выдаў два зборнікі. Першы - "Гомельская вобласць у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны" - сабраў 147 дакументаў, што падрабязна ўзнаўляюць карціну першых дзён вайны на Гомельшчыне. Другі - "Гомельшчына партызанская. Пачатак. Чэрвень 1941 г. - май 1942 г." - распавядае пра пачатковы этап развіцця партызанскага руху. Асноўная частка дакументаў публікуецца ўпершыню.
Не магу не адзначыць леташнюю выстаўку "Айчынная вайна 1812 года", зладжаную нашай установай сумесна з Кобрынскім ваенна-гістарычным музеем. У 2010-м наш музей таксама актыўна ішоў "у народ": акцыя "Дні музея ў школе" стала традыцыйным культурным мерапрыемствам.
Што да міжнароднага супрацоўніцтва, дык летась мы прымалі дэлегацыю з музея шатландскага Абердзіна - горада-пабраціма Гомеля. Вынікам гэтага візіту стане адкрыццё выстаўкі "Гомель. Беларускі горад у агні", якое мусіць адбыцца ў Абердзіне ўжо ў лютым бягучага года. Умацоўваем і даўнія сувязі з іншым нашым партнёрам - Музеем супраціўлення французскага горада Клермон-Феран. Плёнам нашага супрацоўніцтва мусіць стаць выстаўка, прысвечаная партызанам-падпольшчыкам, якая запланавана на 2011-ы ў Клермон-Феране...
Бягучы год будзе для нас адказны ў першую чаргу адзначэннем 70-й гадавіны з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны...
Д.А.
На здымку: Гомельскі абласны музей ваеннай славы.