СУЧАСНІК! УКЛЮЧЫСЯ Ў МАРАФОН АДРАДЖЭННЯ СПАДЧЫНЫ СВАЁЙ ЗЯМЛІ!

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Ставіць кропку ў гэтым праекце "К" пакуль зарана. Адзін з помнікаў спадчыны, якія сталі "героямі" календара, апынецца ў асаблівым фокусе нашай увагі на працягу ўсяго года. Што гэта за аб'ект? Якія планы распрацоўваем ў адносінах да яго? Сакрэт раскрыецца, як кажуць, на месцы падзей. Балазе падобны досвед у нас ужо ёсць: у свой час журналісты "К" зрабілі немалы ўнёсак у аднаўленне знакамітай сядзібы ў Здраўнёве.

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture11.jpgCТУДЗЕНЬ

На высокім схіле ля ўпадзення Нараўлянкі ў Прыпяць можна ўбачыць узнёслую класіцысцкую альтанку, якая паўстала тут яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя намаганнямі рода Горватаў. Гэта своеасаблівы арыенцір для тых, хто вырашыў трапіць у Нароўлю па вадзе, і надзвычай адметны ўзор таго, што на Беларусі сёння называюць малымі архітэктурнымі формамі.

Цяперашні выгляд маяка цалкам адпавядае яго статусу неафіцыйнага сімвала Нароўлі. З вялікімі архітэктурнымі формамі ўсё значна складаней. Раскошны палац Горватаў, які месціцца ў жывапісным некалі парку, патрабуе нямала высілкаў для вяртання яму былога хараства.

Сядзібны дом у мястэчку Карма параўнальна з тым палацам выглядае "бюджэтным" варыянтам шляхецкай забудовы. Але мясцовыя жыхары таксама лічаць яго сваёй "візітоўкай", і ў райвыканкаме распрацаваны праект па наданні сядзібе "другога жыцця".

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture12.jpgЛЮТЫ

Карціна Яна Матэйкі, якая, спалучаючы алегарычнасць і рэалізм, адлюстроўвае першы падзел Рэчы Паспалітай, стала бадай хрэстаматыйнай. Цэнтральная фігура палатна - небагаты беларускі шляхціч Тадэвуш Рэйтан. Пра яго трагічны лёс сёння ведаюць не толькі ў Польшчы, дзе ён лічыцца нацыянальным героем, але і на радзіме - у Ляхавіцкім краі. Ды і старадаўняя камянічка ў Грушаўцы, дзе прайшлі апошнія гады патрыёта ВКЛ, на шчасце, ацалела. Што праўда - у яе даху зеўраюць дзіркі. Побач з ёю - шыкоўны драўляны палац, дзе вецер вее праз пустыя ваканіцы, шмат лікія гаспадарчыя пабудовы, парк... Непадалёк - дзівосныя ліпавыя прысады, якія вядуць да неагатычнай фамільнай спачывальні, сапраўднай перліны беларускага дойлідства.

Зусім блізка распачыналіся ўладанні іншага знакамітага роду - Бохвіцаў. У ХІХ стагоддзі іх родавым гняздом сталі Вошкаўцы (цяпер - вёска Ураджайная). Там захаваўся той самы дом, дзе пісаў свае творы знакаміты філосаф-мараліст Фларыян Бохвіц. З выгляду гэта - звыклая вясковая хаціна, а насамрэч - унікальны помнік драўлянага грамадзянскага дойлідства XVII (!) стагоддзя, пры будаўніцтве якога выкарыстоўваліся выключна драўляныя цвікі.

Літаральна за некалькі кіламетраў адсюль сын філосафа Ян Отан стварыў новы маёнтак і назваў яго ў гонар бацькі - Фларыянава. Адзін час палац быў улюбёным месцам адпачынку творчай багемы. Дуб, які пасадзіла яго заўсёдніца Эліза Ажэшка, ужо ладна вырас. Калісьці ля яго гучала піяніна, чыталіся вершы, адбываліся палкія інтэлектуальныя дыскусіі...

Маршрут па сядзібах Ляхавіччыны можна было б доўжыць: завітаць у Савейкі, Начу, Лабузы... На Беларусі болей нідзе не сустрэнеш такія густыя пацеркі з ацалелых шляхецкіх маёнткаў. Чым не "брэнд", чым не гонар для ўсяго раёна?

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture13.jpgСАКАВІК

Трапіўшы ў вёску Барысаўшчына, што на Хойніччыне, падарожнік нязменна звяртае ўвагу на вежу арыгінальнай канструкцыі. І здзіўлена пытае сам сябе: што гэта такое? Першая версія адказу: рэшткі замка тампліераў. Але адкуль яны ўзяліся тут, у апетым Мележам Палессі?

Падарожнікі ўпарта адмаўляюцца верыць у тое, што перад імі звычайная гаспадарчая пабудова канца ХІХ стагодзя - ці  то бровар, ці то воданапорная вежа. Па ўсім відаць, што колішнія гаспадары сядзібы Ястржэмбскія мелі не толькі густ, але і спецыфічнае пачуццё гумару. Зрэшты, інтрыгуючых гістарычных загадак у гэтых зацішных мясцінах не бракуе. Не дарэмна ж тут быў знойдзены найстаражытнейшы на Беларусі металічны прадмет, які датуецца ажно ІІІ тысячагоддзем да н.э.!

Мястэчка Хальч, што на Веткаўшчыне, таксама лічыцца адным з найстаражытных паселішчаў на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Праўда, матэрыяльныя сведчанні пра яго багатую на падзеі даўніну захаваліся з куды больш позняга часу - ХІХ стагоддзя. Але...

Што перашкаджае зрабіць у класіцысцкім палацы, які даследчыкі называюць своеасаблівым эталонам гэтага стылю на Беларусі, музейную экспазіцыю, прысвечаную той пары, калі людзі яшчэ хадзілі ў шкурах?

Балазе зусім побач - знакамітая Ветка, былая неафіцыйная сталіца старавераў. У краіне і свеце гэты гарадок ведаюць перадусім праз яго ўнікальны музей, які створаны і падтрымліваецца дзякуючы энтузіязму мясцовых рупліўцаў і трывала ўваходзіць ва ўсе рэйтынгі беларускіх адметнасцей.

КРАСАВІК

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture14.jpgГісторыя паўстання гэтай сядзібы дакладна вартая экранізацыі. Жыў на свеце адзін пан - Юзэф Бішэўскі. І закахаўся ён у парыжскую актрысу. Траціць грошы на мільён пунсовых руж шляхціч не стаў, а замест гэтага ўклаў усе актывы ў капітальнае будаўніцтва.

Каб здзівіць капрызлівую францужанку, у гняздзе Бішэўскіх паўстаў шыкоўны палац у нязвыклым для нашых краёў рэнесансавым стылі, поўны дзівосных экзотаў парк з арачным мостам і нават рамантычная вежа, пад якую была "замаскіравана" звычайная вяндлярня... Такіх віл, як у мястэчку Лынтупы, няшмат было нават у Францыі.

Балазе ад архітэктара патрабавалася адно ўпісаць сваю задуму ў хараство прыроды. Ці ацаніла гэтыя намаганні парыжанка? Не, яна толькі какетліва фыркнула ды вярнулася да свайго багемнага жыцця.

На жаль, нашы сучаснікі паўтараюць яе легкадумнасць. Сядзібны комплекс шчасліва захаваўся амаль поўнасцю, а вось знайсці яму годнае прымяненне пакуль не ўдалося.

Але нядзіўна, што як толькі пачалася кампанія па перадачы закінутых сядзіб у прыватныя рукі, патэнцыйныя інвестары адразу зачасцілі ў Лынтупы.

Тым, хто прыедзе адпачываць у "рамантычны" санаторый, нудзіцца не давядзецца.

Паедзеш у адзін бок - убачыш і Блакітныя азёры, і Свір. Паедзеш у другі - неўзабаве трапіш у Паставы. А па дарозе варта збочыць не толькі да ўнікальнага нават па сусветных мерках касцёла-крэпасці ў Камаях, які справядліва прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс UNESCO, але і ў сядзібу вядомага беларускага мастака Альфрэда Ромера ў Каралінаве.

А вось адзіны замак, які захаваўся на Віцебшчыне хаця б у руінах, - гэта знакаміты некалі Белы Ковель у Смалянах, што непадалёк ад Оршы.

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture15.jpgМАЙ

Рэзідэнцыя знакамітага роду Сапегаў у Ружанах мелася стаць адной з самых шыкоўных у Еўропе. Аднак грандыёзныя спектаклі ў найбуйнейшым на Беларусі тэатры ладзіліся нядоўга. Заняпад Рэчы Паспалітай ператварыў палац у... суконную мануфактуру. І ўжо на малюнку Напалеона Орды на яго браме расце дрэўца.

Затое сёння брама выглядае, бы навюткая. Па ініцыятыве Пружанскага райвыканкама яна была адрэстаўравана разам з флігелем. Работы прадоўжацца і надалей - вядома, калі знойдуцца фінансы.

Рэшткі палаца сталі ці не самымі рамантычнымі руінамі Беларусі, якія ахвотна абіраюць у якасці дэкарацый для фільмаў і фотасесій. Як спадзяюцца мясцовыя жыхары, неўзабаве яны стануць і асяроддзем для музычнага фестывалю з арыгінальнай канцэпцыяй, які туды ажно просіцца.

Мноства адметнасцей Ружанаў і своеасаблівая атмасфера мястэчка дазволяць яму пераўтварыцца ў сапраўдны турыстычны цэнтр. Тым болей, побач ёсць яшчэ адзін выбітны помнік архітэктуры - касцёл місіянераў у Лыскаве. На жаль, сёння яго стан - звыш праблемны.

Не зусім зразумелая будучыня і некаторых сядзіб Пружаншчыны - Каштанаўкі і Лінова. Першая з іх вымагае адраджэння з руін, а вось другі палац, пакінуты літаральна летась, - хаця б толькі высілкаў па захаванні ў цяперашнім стане.

ЧЭРВЕНЬ

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture16.jpgЯшчэ не так даўно вандроўка ў Любчанскі замак настрою не дадавала. Сумная карціна заняпаду моцна кантраставала з чароўны мі нёманскімі краявідамі. Але сёння з'ездзіць туды варта параіць кожнаму - каб ат рымаць магутны зарад імпэту і бадзёрасці. Ды пераканацца ў тым, што менавіта наяўнасць гэтых якасцей (або іх адсутнасць) перадусім і вызначае лёс нашай спадчыны.

Ініцыятыва выхадца з Любчы Івана Пячынскага знайшла водгук сярод многіх маладзёнаў - тых, хто дзеля выяўлення ўласнага няпафаснага патрыятызму быў гатовы натрудзіць не язык, але рукі. Валанцёрскія летнікі сталі ўнікальнай сацыякультурнай акцыяй.

Параўноўваючы здымкі, зробленыя з інтэрвалам усяго ў адзін год, прыемна здзіўляешся. За якія дзесяць кіламет раў ад Любчы падарожнік раптоўна натрапіць на рамантычныя руіны іншага замка, пра які не згадвае ніводзін даведнік. І ніколі не здагадаецца, што насамрэч гэта ўсяго толькі былы гаспадарскі двор Храптовічаў, размешчаны ля іх родавага гнязда - вёскі Шчорсы.

Род быў знакаміты перадусім праз сваю бібліятэку. Як вядома, яна даўно ўжо знаходзіцца за межамі Беларусі ды можа вярнуцца да нас хіба ў выглядзе лічбавых копій. Але сам будынак "скарбніцы ведаў" вывезці было немагчыма, таму ён стаіць і па сёння - з забітымі дошкамі вокнамі. Гэтае месца сімвалічнае для ўсёй беларускай культуры, але далей за прэвентыўную кансервацыю справа пакуль не пайшла.

Раней тут часцютка гасцяваў Адам Міцкевіч. Пад дубам, які, на жаль, не так даўно зніштожыла маланка, яму пісалася як нідзе лепей. А вось наш сучаснік загасцяваць у Шчорсах пакуль не можа.

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture17.jpgЛІПЕНЬ

Наймаднейшая турпаслуга апошніх гадоў, якая, на жаль, яшчэ не стала агульнадаступнай, - экспазіцыя па Браслаўшчыне на верталёце. У гэтым ракурсе спаборніцтва вады з зямлёю спараджае дзівосныя карункі. І раптам зялёна-блакітную роўнядзь перасякаюць стромкія гатычныя вежы.

Касцёл Святой Тройцы ў Відзах - найвышэйшы храм на Беларусі. Непадалёк ад гэтай адметнасці - невялічкі палацык на самым беразе возера, пабудаваны Томашам Ваўжэцкім. Ён пераняў ад Касцюшкі кіраўніцтва паўстаннем 1794 года, але праславіўся перадусім не як военачальнік, але як добры гаспадарнік.

А ва ўтульнай відзаўскай сядзібе ў ХІХ стагоддзі быў адкрыты ці не першы на Беларусі санаторый - тэрапеўтычныя  уласцівасці мясцовых серавадародных крыніц былі вядомыя здавён.

Здавалася б, і сёння чароўная браслаўская прырода ды багатая гісторыя рэгулярна забяспечвалі б такі пансіянат наведвальнікамі. Але пакуль сядзібны дом пустуе. Як, між іншым, і маёнтак Плятэраў у блізкай адсюль Опсе, чые сходы вядуць непасрэдна да цудоўнага возера. Ці напоўняцца калісьці гэтыя палацы прыемнай курортнай атмасферай?

У раёнах, што суседнічаюць з Браслаўшчынай, таксама нямала адметнасцей.

Скажам, у Міёрскім, які менш "раскручаны" для турызму. Адна з такіх цікавостак - сядзіба ў Дзеднаве.

ЖНІВЕНЬ

Вестку пра беларускія карані Хрыстафора/i/content/pi/cult/303/5157/1culture18.jpg Калумба жыхары вёскі Крэва ўспрынялі з цікавасцю, бо меркаванага бацьку першаадкрывальніка - караля Ягайлу - яны лічаць сваім земляком.

Зрэшты, адзін з найстаражытных замкаў Беларусі і без таго не можа скардзіцца на сумную мінуўшчыну. І забойства Кейстута, і ўцёкі Вітаўта, і унія з Польшчай... І, урэшце, лінія фронту Першай сусветнай... Колькі тут сплялося розных драматычных падзей!

А сядзіба ў Залессі стала аазісам творчасці. Недарэмна яе называлі Паўночнымі Афінамі.

Дзеля таго, каб завабіць туды сёння турыстаў з усяго свету, варта проста нагадаць, што знакаміты паланэз "Развітанне з Радзімай" быў напісаны аўтарам, які доўгі час жыў менавіта тут, у Залессі.

Адной з галоўных вартасцей у архітэктуры лічыцца арыгінальнасць. Ды, у той самы час, сапраўдны прафесіянал заўсёды здыме капялюш перад тым, хто здолеў стварыць удалую копію шэдэўра. Вось і нашым суайчыннікам зусім  неабавязкова ехаць у Варшаву, каб пабачыць знакамітыя Лазенкі. Балазе вёска Жамыслаўль - куды бліжэй. Якімі намерамі кіравалася ўладальніца маёнтка графіня Умястоўская, калі яна вырашыла паўтарыць рэзідэнцыю апошняга  польскага караля? Тут, як кажуць, - неабсяжнае поле для здагадак.

Але самае галоўнае, што копія не атрымалася карыкатурнай. Ад мясцовых вабнотаў у Жамыслаўлі і сёння займае  дух. Тым болей, сядзіба да нашых дзён захавалася амаль поўнасцю, а дбайна вывераны ландшафтнымі архітэктарамі  ансамбль не парушаны "іншароднымі ўварваннямі" пазнейшых часоў.

У Іўеўскім раёне ацалелі і парослыя лесам валы з руінамі невялічкага замка ў Геранёнах.

Менавіта тут удава Станіслава Гаштольда Барбара ўпершыню сустрэла сына каралевы Боны Жыгімонта. Працяг гэтай гісторыі вы ведаеце.

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture19.jpgВЕРАСЕНЬ

Смілавічы сёння асацыіруюцца перш-наперш са знакамітым мастаком Хаімам Суціным.

Тым не меней, у гісторыю гэтага някідкага мястэчка яшчэ і раней упляталіся лёсы многіх талентаў. Асабліва з таго часу, як Станіслаў Манюшка (дзед знакамітага кампазітара) збудаваў тут адзін з найарыгінальных у той час палацаў на Беларусі - рамантычную даніну замкавай готыцы. А праз стагоддзе побач паўстаў і яшчэ адзін, не менш адметны, палац.

Сам кампазітар, які нарадзіўся зусім непадалёк адсюль, у дзеда гасцяваў не аднойчы: як у дзяцінстве, так і ў сталым веку. Кажуць, менавіта пад уражаннем ад смілавіцкага палаца была напісана яго знакамітая опера "Страшны двор". Заўсёднікамі баляў у Смілавічах у розныя часы былі таксама і два мастакі: Напалеон Орда і Валенцій Ваньковіч...

Сёння балі ў смілавіцкіх палацах не ладзяцца. Найстарэйшы з іх пакрысе ператвараецца ў руіны, упарта захоўваючы пры гэтым сваю адпачатную веліч.

Іншы значны архітэктурны помнік на Чэрвеньшчыне - класіцысцкі палац Слатвінскіх у Раванічах - быў збудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя, утварыўшы адзіны комплекс з касцёлам. Тады ж у парку пачалі з'яўляцца і шматлікія экзоты - агулам болей за 70 відаў.

Але галоўны "экзот" гэтых мясцін - бедны шляхціч Павел Астроўскі, які стаў легендарным тутэйшым Робін Гудам. Большасць літаратуразнаўцаў упэўнены, што менавіта з гэтай рэальнай постаці Пушкін "спісаў" свайго Дуброўскага, перайменаваўшы гаспадара сядзібы ў Траякурава.

Касцёл стаў руінай пасля пажару трыццацігадовай даўніны, а вось дах над палацам абрынуўся ўжо ў нашым тысячагоддзі.

КАСТРЫЧНІК

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture20.jpgРака Свіслач асацыіруецца ў нас з бетоннымі берагамі ў цэнтры Мінска, але калі рушыць па ёй  далей, можна ўбачыць некранутыя зялёныя гушчары і прыгажэзныя паплавы. А ля самага зліцця з Беразіной высяцца руіны крэпасці, якая, на думку навукоўцаў, паўстала яшчэ ў ХІ стагоддзі. З таго часу захавалася адно гарадзішча, а рэшткі пабудоў датуюцца ўжо значна пазнейшым часам.

Турысты бываюць тут рэдка. Напэўна, сёння гэта адзін з самых "забытых" беларускіх замкаў. Ды і гісторыя тых зацішных мясцін яшчэ поўная загадак і патрабуе вывучэння.

Доўгія стагоддзі там, на беразе Свіслачы, віравала жыццё. І хочацца верыць, што яно з цягам часу адродзіцца. А вёска з назвай Свіслач займее сваю адметнасць, якая будзе вылучаць яе сярод іншых "цёзкаў".

Замкаў і сядзіб на Магілёўшчыне засталіся лічаныя адзінкі: пакручастыя гістарычныя перыпетыі пакінулі помнікам спадчыны мала шанцаў на выжыванне. І таму тыя, што ўсё ж ацалелі, патрабуюць асаблівай увагі -- і адраджэння. У тым ліку і драўляны палац без даху ў вёсцы Дварэц -- рэдкі напамін пра багатую і даўнюю мінуўшчыну Глускага краю.

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture21.jpgЛІСТАПАД

Лёс колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў даўно ўжо вызначаны, і праз лічаныя месяцы завершыцца яе аднаўленне. А вось што тычыцца шматлікіх іншых маёнткаў знакамітага роду... Адзін з найцікавейшых паўстаў зусім блізка ад Нясвіжа, і сёння многія экскурсанты з задавальненнем прадоўжылі б туды свой маршрут.

Паўтара стагоддзя таму класіцысцкія порцікі сядзібных фасадаў на Беларусі раслі бы на дражджах. Ад тыповых і эпігонскіх узораў  стылю палац у Радзівілімонтах адрознівае не толькі час яго пабудовы (80-я гады XVIII стагоддзя), але і рука майстра. Радзівілы запрасілі італьянскага архітэктара Карла Спампані, і адметнае рашэнне дойліда скамбінаваць у адным будынку два матэрыялы - цэглу і дрэва, было імі ўхвалена.

Драўляныя часткі палаца, як і яго шыкоўныя некалі інтэр'еры, сёння ўжо выпадае лічыць страчанымі, хаця ўсяго колькі дзесяцігоддзяў таму многае яшчэ магчыма было ўратаваць. Захаваўся парк з яго чароўнымі прысадамі, дзе пагэтуль водзяцца вінаградныя слімакі, шматлікімі экзотамі і сажалкамі. І гэта - добрая нагода, каб узняць палац з руін.

Што да тыповых узораў класіцызму... Іх таксама можна сустрэць на Клеччыне. Ці не самы жывапісны - зграбная камяніца ў вёсцы Туча, якую атачаюць сажалкі і паркі.

Шляхецкія маёнткі зазвычай асацыіруюцца з балямі і паляваннямі. Але ў тым гістарычным месцы, адкуль на карце з'яўляецца рака Нёман, атабарыўся зусім незвычайны пан. Ён цэлымі суткамі праводзіў нейкія падазроныя эксперыменты. Мясцовыя сяляне падазравалі яго ў сувязі з нячыстай сілай. Хаця насамрэч Якуба Наркевіча-Ёдку цікавіла толькі сіла электрычнасці і яе ўздзеянне на жывую матэрыю.

Калісьці тапонім "Наднёман" ведалі ва ўсім навуковым свеце. Сёння для турыстаў Уздзенскі раён - terra incоgnita. Хаця там ёсць і іншыя вартыя ўвагі цікавосткі. Прыкладам, адзін з нешматлікіх помнікаў Рэфармацыі на Беларусі - кальвінскі збор, збудаваны яшчэ ў XVI стагоддзі. Такі "эксклюзіў" мог быць стаць своеасаблівым музеем. Асабліва калі ўлічыць, што менавіта ў гэтых мясцінах Сымон Будны выдаў сваю "Біблію".

Сядзібай Кухцічы тады валодалі Кавячынскія. А ўжо ў ХХ яна памятае іншую вядомую мецэнатку і проста абаяльную жанчыну - Магдалену Радзівіл. Дзякуючы яе падтрымцы выйшлі з друку "Вянок" Багдановіча ды мноства іншых беларускіх кніг.

СНЕЖАНЬ

/i/content/pi/cult/303/5157/1culture22.jpgЭкскурсіі па Усходняй Беларусі на рынку турпаслуг - пакуль тавар няходкі, ды і даволі рэдкі. І ніводзін аператар сёння не прапаноўвае наведаць старажытны Быхаў! Хаця, здавалася б, нашы продкі не абы-як парупіліся пра яго турыстычны патэнцыял. Напрыканцы ХVII стагоддзя тут, на дняпроўскай строме, пачалося ўзвядзенне ці не самага   непрыступнага на той час замка ва ўсім Вялікім Княстве. У фартыфікацыйны комплекс Быхава ўваходзіў і своеасаблівы "функцыянальны гібрыд" - сінагога абарончага тыпу.

Гэтыя бліскучыя помнікі фартыфікацыі захаваліся і па сёння. Баі і асады ўжо ў мінулым, і цяпер забудовы ўпарта змагаюцца з самым няўмольным ворагам - часам, чакаючы рэстаўрацыі і, натуральна, "раскруткі". А Быхаў чакае

свайго пераўтварэння з правінцыйнага гарадка ў буйны турцэнтр. Балазе на ўсходзе Беларусі ён канкурэнтаў не мае: ад іншых замкаў рэгіёна засталіся хіба валы з горсткай каменьчыкаў.

У такім самым стане зусім нядаўна быў і знакаміты Баркалабаўскі манастыр, які зусім недалёка ад Быхава. Але ж цяпер ён пакрысе адраджаецца. Плануецца рэстаўрацыя і яшчэ адной раённай адметнасці - сядзібы Талстых у Грудзінаўцы.

Мясцовае паданне пра тое, што менавіта там быў задуманы раман "Вайна і мір", пакуль не знайшло гістарычнага пацвярджэння, але... Каб прыцягнуць туды турыстаў, будзе дастаткова і іншых фактараў - як рэальных, так і напаўміфічных.