Выберы дзень, з якога пачнеш!..

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

“Не спасылацца на цяжкасці, а скасіць хаця б паўсоткі травы”

 

У календары "К" на 2011 год мы згадалі не тыя помнікі спадчыны, якія выпадае лічыць страчанымі, а нацыянальныя набыткі, якія магчыма і неабходна аднавіць. Неаспрэчная ўвага дзяржавы да адраджэння гісторыка-культурных каштоўнасцей. Аднак толькі ўнесеных у Дзяржаўны спіс - каля пяці тысяч, і сярод іх ёсць такія архітэктурныя аб'екты, у адносінах да якіх практычны чалавек адразу задасць разумнае пытанне: "Ці можна нешта зрабіць?"

Некаторыя з гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей у бліжэйшыя гады плануецца ўключыць у Рэспубліканскую інвестыцыйную праграму, многія трапілі ў спіс незапатрабаваных сядзіб, якія прапаноўваюцца прыватным інвестарам. Але ў любым выпадку няма сумневу ў тым, што іх аднаўленне запатрабуе немалога часу. А час не чакае! Можна сабе ўявіць, якую шкоду закінутым помнікам спадчыны прынясе хаця б толькі цудоўная сёлетняя зіма, багатая на завеі...

Што да цяперашніх афіцыйных уласнікаў тых аб'ектаў і мясцовых улад... Тых вялізных сродкаў, якія патрэбны для правядзення рэстаўрацыі, ім ва ўласным бюджэце, вядома ж, не знайсці. Дык няўжо выпадае адно скласці рукі і чакаць "лепшай будучыні"? Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Белдарусь Ігар Чарняўскі катэгарычна не згодны з такой пазіцыяй. Ён перакананы ў тым, што эфектыўныя захады па ратаванні тых каштоўнасцей, над якімі навісла пагроза, можна (і трэба!) рабіць ужо сёння, прычым уласнымі рукамі.

Рэцэпт першы: прэвентыўная кансервацыя

 Перспектыва імклівай рэстаўрацыі ўсіх занядбаных беларускіх помнікаў спадчыны выглядае даволі сумнеўнай (ды і ці мэтазгоднай?): такіх помнікаў надта шмат. Іншая справа - тыя першачарговыя меры, якія дазволілі б адкласці "гамлетаўскае пытанне" на добрыя дзесяцігоддзі.

 - Возьмем, да прыкладу, палац у Радзівілімонтах, - кажа Ігар Чарняўскі. - Некалі там, як вядома, здарыўся пажар, і драўляная частка будынка была фактычна зніштожана. Але ж мураваную - магчыма захаваць. Сцісла і канкрэтна патлумачу, што для гэтага патрэбна зрабіць.

 Бераце любы прыстойны брус, што можа выпіліць найбліжэйшая піларама (а іх у кожным раёне - не адна і не дзве), і нейкі матэрыял, з якога можна зрабіць маленькія дашкі над сценамі (тут падыдзе, скажам, звычайная атынкаваная бляха). Брусы ахопліваюць сценку, замацоўваюцца, над імі робяцца невялічкія кроквачкі і затым пакрываюцца часовым дахам, што не дазваляе ападкам далей разбураць сцены помніка.

Пагадзіцеся, для стварэння такой канструкцыі будзе дастаткова самых элементарных будаўнічых навыкаў. Ды і выдаткі на яе можа дазволіць сабе любы раён або нават канкрэтная арганізацыя, якая з'яўляецца ўласнікам помніка спадчыны і адказвае за яго захаванне паводле беларускага заканадаўства. Урэшце, ці не кожны з нас перыядычна наведваецца ў краму будматэрыялаў для свайго дома або лецішча і цудоўна ведае, як іх выкарыстоўваць. Таму ніякіх тэхнічных праблем я тут не бачу...

Тым, хто ўсё адно не зразумеў, што ад яго патрабуецца, Ігар Чарняўскі гатовы даць асабісты майстар-клас гэтых немудрагелістых будаўнічых уменняў - балазе ладны досвед такой працы ён паспеў займець яшчэ дзесяцігоддзі таму, ратуючы помнікі спадчыны на добраахвотных пачатках.

Але апрача чыста тэхнічнага боку справы тут немінуча паўстае і юрыдычны: кожны ведае, што любыя работы на помніках спадчыны павінны мець абавязковы дазвол Міністэрства культуры краіны.

- Для таго, каб яго атрымаць, дастаткова дзесяці хвілін,- запэўніў начальнік упраўлення па ахове спадчыны і рэстаўрацыі. - Таму тут я таксама не бачу праблемы. Яна - зусім у іншым: па такія дазволы да нас звяртаюцца зусім нячаста.

Рэцэпт другі: звычайная ўвага

Прыведзеныя вышэй парады па прэвентыўнай кансервацыі актуальныя для тых помнікаў спадчыны, якія дайшлі да нас у руінах, і таму не маюць "даху над галавой", як, напрыклад, Геранёнскі замак, гаспадарскі двор у Шчорсах, сядзібы ў Наднёмане, Барысаўшчыне і Каштанаўцы.

Аднак ёсць нямала выпадкаў, калі палац быў закінуты зусім нядаўна. Зазвычай гэта звязана з яго аварыйным станам або ліквідацыяй той установы, якая там "кватаравала". Зразумела, што забяспечыць прымальныя ўмовы для іх захавання значна лягчэй.

У якасці тыповага прыкладу такога помніка спадчыны Ігар Чарняўскі згадаў колішнюю сядзібу Ромераў у Каралінаве, дзе яшчэ лічаныя гады таму была пачатковая школа:

- Як толькі школа пакінула гэты будынак, ён пачаў разбурацца. Сёння там няма каму нават траву скасіць, згрэбці апалае лісце, зрэзаць кустоўе, якое падбіраецца ўжо да падмуркаў. Мы неаднаразова звярталі на гэтую праблему ўвагу Пастаўскага райвыканкама, на чыёй тэрыторыі размешчана сядзіба. Але прыкметных зрухаў пакуль не адбылося...

 На думку Ігара Чарняўскага, панацэяй ад заняпаду ў дадзеным выпадку мае стаць элементарны дагляд за помнікамі спадчыны, які, згодна з айчынным заканадаўствам, павінен адбывацца рэгулярна: -

Даруйце, але ж гэтая сядзіба размешчана не ў далёкай пустыні! Там побач - сельсавет, участковы міліцыянер... Вы бачыце, што хтосьці выбівае шыбы? Дык чаму б не зрабіць шчыты на вокны? Для гэтага патрэбна звычайная неабразная дошка-"дваццацьпятка", якую не трэба нават габляваць, і любы, хто ўмее забіваць цвікі з дапамогай малатка. Вы ўбачылі, што паламаўся ліст шыферу? Вазьміце драбіны і замяніце яго. Няўжо гэта так складана?

Без сумневу, гэтыя элементарныя захады здолеюць вырашыць лёс помніка на самым крытычным яго адрэзку жыцця. І- зберагчы не толькі бясцэнную спадчыну, але і многія мільёны дзяржаўных грошай. Ліквідацыя наступстваў пранікнення вільгаці і характэрных для нашых зім рэзкіх змен тэмпературы абыдзецца потым у тысячы разоў даражэй за ліст шыферу.

- Згадайма ўнікальны кальвінскі збор XVI стагоддзя ў Кухцічах, - працягвае Ігар Чарняўскі. - Ужо шмат гадоў ён паціху разбураецца. І ніхто не парупіўся, каб закрыць там вокны і адрамантаваць дах...

 І як тут не адзначыць, што збор ды ацалелыя будынкі кухціцкай сядзібы знаходзяцца не ў чыстым полі, а на тэрыторыі сярэднеспецыяльнай навучальнай установы (як, між іншым, і палац у Смілавічах). Кожны дзень паўз тыя парэпаныя муры праходзяць сотні маладых ды энергічных людзей. Але ж ідэя ўзяць над гэтымі помнікамі спадчыны своеасаблівае "шэфства" пакуль не ўзнікла.

- Для таго, каб забяспечыць належнай апекай такі помнік спадыны, дастаткова групы з 10 - 15 зацікаўленых навучэнцаў,- кажа Ігар Чарняўскі. - Але ж сярод настаўнікаў павінен з'явіцца руплівец, які б яе арганізаваў.

 Прычым у такіх пачынах быў бы не толькі практычны, але і выхаваўчы аспект. Прышчапляць сённяшняй моладзі любоў да мінуўшчыны з дапамогай адных толькі слоў - прынамсі, малаэфектыўна. Іншая справа - правесці ўрок у фармаце "практычнага занятку", выправіўшыся да бліжэйшай сядзібы, зруйнаванага храма, савецкага дота...

 Яшчэ адзін выхаваўчы аспект аховы спадчыны - тлумачальная праца з насельніцтвам. Бо, як вядома, закінутым помнікам спадчыны шкодзіць не толькі стыхія. Некаторыя з мясцовых жыхароў выпраўляюцца туды з прагматычнымі мэтамі: па дармовыя будматэрыялы, некаторыя ж крышаць старадаўнія кафляныя печы, на жаль, выключна "дзеля задавальнення"...

- Нават адзін факт, што за помнікам спадчыны даглядаюць, будзе стрымліваць падобных зламыснікаў,- перакананы Ігар Чарняўскі.- А калі туды будзе раз-пораз наведвацца ўчастковы міліцыянер, тыя мясцовыя жыхары, у якіх "свярбяць рукі", адразу зразумеюць, што за свае супрацьзаконныя дзеянні яны могуць панесці нежартоўную адказнасць.

 ...Літаральна за тры метры ад уязной брамы ў сядзібу НаркевічаўЁдкаў - чыёсьці лецішча, пабудаванае відавочна не так і даўно. Адпаведна, пры рэстаўрацыі сядзібы давядзецца вырашаць і гэтае праблемнае пытанне. Хаця канкрэтныя захады па захаванні гістарычных ландшафтаў ад "іншароднага ўмяшальніцтва" на Беларусі зроблены на заканадаўчым узроўні. Кожны з помнікаў спадчыны павінен мець сваю зону аховы.

Распрацоўка яе праекта - мерапрыемства, куды больш складанае і затратнае за кансервацыю з дапамогай негабляваных дошак. Але ёсць выпадкі, калі яно можа дазволіць у будучыні зэканоміць куды большыя рэсурсы.

- На тэрыторыі кожнага раёна ёсць перспектыўны план будаўнічых работ,- кажа Ігар Чарняўскі. - Таму трэба рабіць пастаянны аналіз: ці не трапляюць у зоны будучага будаўніцтва гісторыка-культурныя каштоўнасці? І для такіх аб'ектаў зоны аховы трэба вызначаць, у першую чаргу,- каб патрабаванні заканадаўства ў сферы аховы спадчыны можна было ўлічыць яшчэ на стадыі праектавання новага будаўніцтва...

 Сапраўды, прафілактыка цяжкавырашальных сітуацый куды лягчэйшая за іх выпраўленне. І калі б уласнікі таго або іншага "навабуда" ведалі ды ўсведамлялі, што яны пасягаюць на "забароненую" тэрыторыю, дык проста "ссунулі" б свой аб'ект убок на якія сто метраў, каб потым і самім не мець клопатаў ды іншым іх не ствараць.

- Але для гэтага трэба, каб прадстаўнікі мясцовых улад выразна ўсведамлялі вызначаны беларускім заканадаўствам парадак правядзення работ на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, - дадае Ігар Чарняўскі. - Вось перада мной ляжыць дакумент, які дае дазвол на высяканне некалькіх дзясяткаў старых дрэў у парку Альберцінскай сядзібы, што на ўскраіне Слоніма. Прычына наступная: яны перашкаджаюць будове лыжаролернай трасы. Аб'ект, вядома, патрэбны, але... Няўжо яго праектную дакументацыю было так складана распрацаваць у адпаведнасці з законам? Мінская веладарожка таксама была пракладзена праз два гістарычныя паркі, аднак там ніякіх праблем не ўзнікала.

Рэцэпт трэці: валанцёрскі Рух

 Гэтая з'ява зусім не новая на нашых абшарах. Не заглыбляючыся ў даўніну, Ігар Чарняўскі згадвае, што суполкі энтузіястаў, якія на грамадскіх пачатках ратавалі культурныя каштоўнасці, дзейнічалі яшчэ за часам СССР. Зразумела, існуюць яны і сёння, хаця пераканаўчы даробак іх працы пакуль толькі адзіны - той самы Любчанскі замак.

- Аднойчы я звярнуўся да вядомага рупліўца на ніве аховы спадчыны з канкрэтнай прапановай, - згадвае Ігар Чарняўскі. - І той запытаў: а што трэба: пагаварыць ці папрацаваць? "А, папрацаваць! Ну, з гэтым складаней..."

 Зрэшты, многія шчырыя рупліўцы не цураюцца і фізічнай працы. За адносна нядаўні час былі абвешчаны некалькі гучных праектаў з шэрагу "Зрабі сам". І тут узнікае іншае пытанне: ці здолеюць гэтыя рупліўцы, чыя адукацыя і прафесія зазвычай далёкія ад будаўнічых, выконваць складаныя работы на помніках спадчыны?

- Ніхто не сумняваецца ў тым, што энтузіясты могуць займацца прэвентыўнай кансервацыяй, - кажа Ігар Чарняўскі. - Іншая справа - калі гутарка ідзе пра кваліфікаваныя рэстаўрацыйныя работы, якія патрабуюць, скажам, забеспячэння трываласці і нясучай здольнасці канструкцый, бо ад гэтага наўпрост залежыць не толькі лёс помніка, але і бяспека людзей. Таму такія работы павінны праходзіць толькі пад даглядам спецыялістаў. Безумоўна, валанцёры могуць браць удзел і ў рэстаўрацыі, але... выключна на тых участках, дзе іх кампетэнцыі будзе дастаткова.

 Урэшце, ці не самая важная акалічнасць. У нашым разуменні, валанцёр - гэта чалавек, які едзе з Мінска кудысьці далёка, каб забіць там дзясятак цвікоў або вывезці пару вазкоў смецця. І чамусьці ў галаве не ўкладаецца, што гэтым модным словам можа называцца хлопец або дзяўчына з таго самага раёна, дзе знаходзіцца помнік спадчыны. Балазе да сваіх родных адметнасцей людзі заўсёды ставяцца з куды большай любоўю. Застаецца толькі акумуляваць іх патрыятычныя памкненні ды ўвасобіць іх у нешта канкрэтнае. Без сумневу, гэтая функцыя - пад сілу маладзёжным грамадскім арганізацыям.

 ■ ■ ■

 Стан многіх помнікаў спадчыны непакоіць не толькі грамадскасць. Не так даўно Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь правяла праверку гісторыка-культурных каштоўнасцей, выявіўшы ў кожным з рэгіёнаў шматлікія парушэнні. А колькі разоў найтыповыя з іх згадваліся ў рашэннях калегіі Міністэрства культуры краіны...

Ігар Чарняўскі схільны бачыць галоўнай прычынай праблем брак ініцыятывы з боку непасрэдных "гаспадароў" той зямлі, дзе размешчаны помнікі - мясцовых улад, а таксама інертнасць і, нярэдка, некваліфікаванасць спецыялістаў, адказных за справу аховы спадчыны (як вядома, большасць з іх выконвае гэтую функцыю "па сумяшчальніцтве" з іншымі). У такіх варунках нават ініцыятыва Урада па перадачы закінутых сядзіб у прыватныя рукі "прабуксоўвае" на месцы.

- Колькі ўжо было выпадкаў, калі патэнцыйныя інвестары прыязджалі або тэлефанавалі ў Міністэрства культуры, - кажа Ігар Чарняўкі. - Мы задаём ім слушнае пытанне: а чаму вы не звярнуліся непасрэдна ў той або іншы райвыканкам? І чуем у адказ: нас там па крузе ганяюць з кабінета ў кабінет, і толку - аніякага.

Таму і агульная панацэя - навідавоку.

- Усе нашы праблемы ад таго, што мы спасылаемся на цяжкасці і пры гэтым нічога не робім, - падсумаваў Ігар Чарняўскі. - Проста, трэба пачаць працаваць. Кожны дзень, хоць крышачку, хоць паўсоткі травы выкасіць ля старых муроў... А калі толькі наракаць, іх лёс ніколі не зменіцца.